Аб гістарычных штампах

1 (1)Пасля развалу СССР і новага ўздыму нашай нацыянальнай свядомасці перад беларускімі даследчыкамі паўстала пытанне аб пераглядзе ўласнай гісторыі. Пачалося яе ачышчэнне ад шматлікіх штампаў. Але нельга казаць, каб праца была ўжо завершаная. Пры новых распрацоўках даводзілася карыстацца той жа самай савецкай гісторыяй, і многія ідэалагемы засталіся незаўважанымі ці да іх, акрамя чырвонага, дабавіўся белы колер. У першую чаргу гэта датычыцца гісторыі Праваслаўнай Царквы на Беларусі. І калі ў нядаўні час яна разглядалася як прылада царскай палітыкі дзеля сацыяльнага прыгнёту працоўных мас, то для нацыяналістычна настроенных гісторыкаў—дзеля іх русіфікацыі і пазбаўлення самабытнасці. Праз прызму гэткай гісторыі выхоўваюцца адносіны і да сучаснага Праваслаўя. У выніку яно аб’вяшчаецца «пятай калонай». Працягваецца ўзаемнае адчужэнне, якое пранікае ўсё глыбей і глыбей. Для нацыянальнага руху Праваслаўе—здрадніцкі шлях. Для праваслаўных нацыяналізм звязваецца з уніяй ці напрамую з каталіцызмам—«правадніком польскай экспансіі». У нацыяналізме, у выніку прыхільнасці да «грэка-каталіцкага абраду», праваслаўныя веруючыя бачаць варожую для іх сілу, для многіх слова «нацыяналіст» нясе адмоўнае адценне. Такім чынам, нацыянальны рух сваімі антыправаслаўнымі тэндэнцыямі сам адштурхоўвае ад сябе многіх і многіх, хоць і не жадаючы таго. Паміж намі замест узаемадзеяння і аб’яднання духоўна-інтэлектуальных сіл, якімі можна было б вывесці краіну з падзення,—спрэчкі і ўзаемныя абвінавачванні (якія могуць быць карыснымі хіба толькі, можа, якому-небудзь трэцяму боку—«падзяляй і пануй»).

Гэтаму разрыву спрыяе і наступная акалічнасць: на дадзены час Беларусь застаецца ў даволі блізкіх адносінах з Расіяй. А памяць аб агульнай савецкай камуністычнай мінўшчыне (ды і цяпер яе палітыка і ўнутраныя супярэчнасці шмат у каго выклікаюць самыя розныя апасенні) яшчэ вельмі жывая. І застаецца яна для свядомай інтэлігенцыі ворагам № 1, засланяючы ўсе іншыя плыні, якія нясуць размыўку нацыянальнай свядомасці, а на самой справе дзейнічаюць больш непрыкметна .

Прадстаўленая карціна, вядома, спрочаная і, можа, не без памылак. Але факт ёсць факт: праваслаўным адмаўляецца мажлівасць быць шчырымі беларусамі, бо сапраўдны беларус, маўляў, павінен спачуваць уніяцтву, а не Праваслаўю. А калі нехта з праваслаўных размаўляе і піша па-беларуску, дзейнічае ў русле нацыянальнага адраджэння, значыць, ён проста служыць прыкрыццём для вялікадзяржаўнай палітыкі ў царкоўнай сферы («пераклад зрабіў, быццам бы, адзін з «беларусістаў», якіх для віду й на ўсялякі выпадак трымае пры сабе экзархат—пратаярэй Сяргей (Сергій) Гардун…»—адзін з выпадаў на дзейнасць Біблейскай Камісіі па перакладу на нашу мову Св. Пісання. А інака Мікалая (у свеце Алега Бембеля), дзякуючы якому ў манастыры адбываецца сапраўднае паступовае адраджэнне нашай мовы, навогул абвяшчаюць здраднікам—толькі таму, што ён праваслаўны і прытрымліваецца кананічнага грунту).

А пачалося ўсё, як вышэйсказана, з гістарычных штампаў (не хочацца гаварыць пра тых дзеячаў, якім Праваслаўная Царква перашкаджае проста сваім існаваннем—для іх нацыянальныя пытанні толькі падстава для нападак).

Але, можа, больш карыснай была б спроба пераадолець гэтае нежаданне зразумець адзін аднаго, паспрабаваць канчаткова адкінуць даўнія «штампы» і ўбачыць Праваслаўе такім, якім яно ёсць, яго сутнасць і глыбіню? Менавіта гэтай справе і прысвячаю дадзены артыкул, які, спадзяюся, будзе першым у сэрыі. Мажлівым апанентам адразу скажу: нялёгка даюцца мне гэтыя радкі. З аднаго боку, напэўна пачуюцца словы аб яшчэ адным «беларускім маскалі». З другога—я ўжо чуў падазрэнні ў нацыяналізме (зноў такі з адмоўным адценнем). Куды прасцей маўчаць і не высоўваць галавы. Але нельга—інакш потым можа быць позна. Ёсць і маральныя прычыны. Да паступлення ў Мінскую Праваслаўную Духоўную Семінарыю, я не разумеў, што значыць «Беларусь», «беларус» і г. д. Рускі — і ўсё. Але ў семінарыі паступова пачаўся пералом, дзякуючы настаўнікам і той атмасферы, якая дазваляе кожнаму самастойна і незалежна выпрацоўваць свае погляды. Вялікая ўдзячнасць Каралю Алесю Віктаравічу, выкладчыку з Менску, які на лекцыях па беларускай мове ўсю першую чвэрць першага курса прысвяціў апавяданням пра трагічны, а разам гераічны лёс нашага народу, а таксама гісторыі развіцця мовы, раскрыццю яе прыгажосьці. Як усё гэта рознілася ад пачутага ў школе! І толькі потым—тэорыя. Менавіта такі падыход патрэбны ў пачатку заняткаў ў навучальных установах , калі мы жадаем выхаваць дзяцей у вернасці Бацькаўшчыне. І хоць я «цягнуў» мову ледзь на «3» (ды і цяпер ведаю недастаткова, таму і прашу прабачэння чытачоў за памылкі і «шурпаты стыль»), у душу быў закладзены грунтоўны фундамент любові да яе і да Радзімы. Потым—лекцыі на беларускай мове па розных прадметах—айца Сергія Гардуна, айца Георгія Сокалава. І нарэшце выкладанне свяшч. Фёдарам Крываносам гісторыі Праваслаўнай Царквы на Беларусі, якая падзяляла народны лёс і нягледзячы ні на што цаной крыві адстаяла сваю чысціню; а таксама «Праваслаўе і культура Беларусі» праф. В. А. Цяпловай. Замацаваннем падмурку паслужыла ўласная дыпломная праца аб падзвіжніках нашага Жыровіцкага манастыра ў ХХ-ым стагоддзі, вывучэнне яго гісторыі, само жыццё сярод гэтых сцен—нямых сведкаў мінуўшчыны. І як удзячнасць за гэты шлях Божаму Промыслу, лічу сабе абавязаным хоць крыху дапамагчы і іншым угледзяць гэты забыты шлях…

 Іерадыякан Агапій (Голуб).

Рекомендуем

Вышел первый номер научного журнала "Белорусский церковно-исторический вестник"

Издание ориентировано на публикацию научных исследований в области церковной истории. Авторами статей являются преимущественно участники Чтений памяти митрополита Иосифа (Семашко), ежегодно организуемых Минской духовной семинарией.

Принимаются статьи в третий номер научного журнала "Труды Минской духовной семинарии"

Целью издания журнала «Труды Минской духовной семинарии» является презентация и апробация результатов научной работы преподавателей и студентов Минской духовной семинарии.