Генадзь Говар
Рэдакцыя нашага часопіса вельмі рада была пазнаёміцца з беларускім мастаком Генадзем Говарам. Яго шматлікія карціны i графічныя лісты знаходзяцца ў музеях i асабістых калекцыях Беларусі i далёка за яе межамі. Аказалася, што ён піша яшчэ і вершы. Дакладней, думае вершамі.
Асноўнай тэмай творчасці Генадзя Говара як у жывапісу і графіцы, так і ў паэзіі з’яўляецца асэнсаванне часу. Toe, што не змяшчаецца ў межах палатна, выліваецца на паперу. Думка мастака i думка паэта жывуць побач, дапаўняюць i развіваюць адна адну. Спасцігаць тaямнiцы прыроды, быць пастаянна ў творчым пошуку, не спыняцца на дасягнутым — вось крэда мастака i паэта Генадзя Говара. Быць мастаком адказна. Быць паэтам адказна ўдвая: падзеі, думкі, пачуцці, увасобленыя ў слове, застаюцца назаўсёды.
Усё, нібы наканавана…
І як ба мы неўтаймавана
Ні планавалі дабрабыт,
Праз небывалы плебісцыт—
Не будзе згоды ў жаданнях,
Бо мы жывем на параўнаннях…
* * *
Бог ёсць Любоў.
Любоў дае Надзею.
Надзея—Веру.
Вера—ведаў стос… Сустрэнем разам
Значную падзею—
Дзве тысячы гадоў,
Як з намі наш Хрыстос!
* * *
…Усё будзе, як захоча Бог!
Павер Яму праз дыялог…
Бо толькі праз любоў да Бога
Да шчасця прывядзе дарога.
Генадзь Говар, 2002