Царква i гiсторыя

1 (1)Далека не зауседы у гiсторыi нашай Айчыны Праваслаўная Царква мела магчымасць ажыццяўляць сваю мiсiю. Але Збавiцель кажа: «Созiжду Царкву Маю i варота пекла не адолеюць яе» (Мф 16, 18). Нават у часы ганенняў Царква жыве.

Другая палова XVIII стагоддзя—пераломны перыяд у жыцці тагачаснага беларускага грамадства. Рэч Паспалітая (супольная дзяржава Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага) уступіла на шлях рэформ дзяржаўнага ладу, якія непасрэдна закраналі інтарэсы хрысціянскіх канфесій краіны, у тым ліку Праваслаўнай Царквы.

Праваслаўныя ў той час складалі як у Вялікім Княстве Літоўскім, так і ва ўсёй Рэчы Паспалітай рэлігійную меншасць. У канцы XVIII стагоддзя да праваслаўнага веравызнання належала 6,5 працэнтаў насельніцтва Вялікага Княства. Большасць складалі рыма-каталікі і ўніяты (адпаведна 38 і 39 працэнтаў).

Прадстаўнікі канфесіянальных меншасцяў называліся ў Рэчы Паспалітай «дысідэнтамі». Яны былі абмежаваны ў палітьчных правах, падвяргаліся рэпрэсіям па рэлігійнай прыкмеце.

Так, напрыклад, у 1716 годзе на Варшаўскай канфедэрацыі было прынята рашэнне аб разбурэнні ўсіх праваслаўных храмаў, пабудаваных пасля 1632 года.

Соймавыя пастановы, прынятыя ў 1717, 1733 і 1736 гадах абмяжоўвалі дысідэнтаў у палітычных правах.

Асобы праваслаўнага веравызнання не маглі браць удзел у дэпутацкай дзейнасці, у трыбуналах і камісіях, займаць ваяводскія, земскія і гарадскія пасады, збіраць сходы і г.д. Мелі месца іншыя, не менш красамоўныя, прыклады дыскрымінацыі.

У такой сітуацыі канфесіянальныя меншасці, у тым ліку і праваслаўныя, вымушаны былі актыўна адстойваць свае палітычныя правы, змагацца за захаванне рэлігійнай ідэнтычнасці.

Як адзначае прафесар І.А.Юхо, «у сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Рэчы Паспалітай разгарнулася вострая палітычная барацьба прыхільнікаў рэформ дзяржаўнага ладу з рэакцыйнымі коламі каталіцкага духавенства і буйных феадалаў».

Асаблівасцю прававога і палітычнага становішча Праваслаўнай Царквы на Беларусі ў другой палове XVIII стагоддзя было яе кананічнае падпарадкаванне Расійскай Праваслаўнай Царкве, што было прадугледжана ўмовамі «Трактату аб вечным міры» 1686 года, які замацоўваў асноўныя палажэнні Андросаўскага перамір’я паміж Расійскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай. У гэтым трактаце прадугледжвалася, што Расія выступае гарантам свабоды праваслаўнага веравызнання на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Расія выкарыстоўвала ўплыў на праваслаўных Беларусі для забеспячэння сваіх палітычных інтарэсаў, якія заключаліся ў аслабленні Рэчы Паспалітай, супрацьдзеянні рэформам у гэтай дзяржаве.

Асаблівая роля адводзілася тут расійскай дыпламатыі. Так, пры падтрымцы пасла М.В.Рапніна былі ўтвораны варожыя да кіруючых колаў Рэчы Паспалітай канфедэрацыі. У сакавіку 1767 года ў г.Торуні сабраліся прадстаўнікі пратэстантаў. Адначасова ў г.Слуцку, у Беларусі, узнікла канфедэрацыя праваслаўных і пратэстантаў.

У Пазнанскай бібліятэцы Рачынскіх прафесарам А.І. Мальдзісам была знойдзена польскамоўная брашура «Канфедэрацыя рыцарства і грамадзян Вялікага Княства Літоўскага як рэлігіі старарускай, так і абедзвюх евангелісцкіх рэлігій, пачатая ў Слуцку года 1767 дня 20 месяца сакавіка, і маніфест, што папярэднічаў гэтай канфедэрацыі». Месца і год выдання брашуры не ўказаны. У ёй прыведзены шматлікія факты праследаванняў праваслаўных з боку каталіцкай большасці:

«Цэлыя парафіі, цэрквы і святыні нашы, школы, друкарні і шпіталі на працягу столькіх год абіраюцца і разбураюцца». Пад тэкстам маніфесту змяшчаюцца паўтары старонкі подпісаў.

Падчас правядзення Слуцкай канфедэрацыі былі вылучаны патрабаванні аб адмене ўсіх дыскрымінацыйных норм у дачыненні да праваслаўных і пратэстантаў.

Актыўны ўдзел у дзейнасці гэтай канфедэрацыі браў архіепіскап Магілёўскі (Беларускі) Георгій Каніскі—выдатны царкоўны і грамадскі дзеяч, філосаф, карэспандэнт многіх еўрапейскіх асветнікаў і нават манархаў. У сваёй архіпастырскай дзейнасці свяціцель Георгій выступаў у абарону правоў праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай. У пропаведзях ён выкрываў рэпрэсіўную палітыку каталіцкай большасці: «…Школам і семінарыям быць не дазваляюць; а таму не толькі нізкага саслоўя людзі, але і само дваранства ў крайняй прастаце і невуцтве вымушаны жыць. Таму ж дваранству закрыты доступ да чыноў і званняў… Грамадзяне выключаны з складу цывільнага ўрада; залішнімі падаткамі і іншымі цяжкасцямі няроўна абцяжараны… Калі праваслаўныя нашы людзі звання сялянскага, то на іх проста, нібы драпежныя ваўкі, нападаюць… ставяць шыбеніцы, укапваюць слупы, распальваюць вогнішчы; розгі, церні і іншыя прылады катавання ўжываюць».

У адстойванні правоў некаталіцкага насельніцтва Рэчы Паспалітай Георгій Каніскі дзейнічаў у межах закона, абапіраўся на iснуючае права. Ен сабраў вельмі каштоўны архіў каралеўскіх грамат, законаў і пастаноў улад Рэчы Паспалітай, які стаў вядомы ў гістарычнай літаратуры як «Архіў Каніскага». На яго аснове свяціцель Георгій выдаў кнігу «Правы і вольнасці жыхароў Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага, якія спавядаюць грэка-ўсходнюю рэлігію», што выйшла на польскай мове ў г.Варшаве ў 1767 годзе.

Дзейнасць архіепіскапа Георгія Каніскага стала яскравым праяўленнем тэндэнцыі ўмацавання ролі Расіі на палітычным полі Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII стагоддзя.

Важнай падзеяй для ўрэгулявання складанай міжканфесіянальнай сітуацыі ў Рэчы Паспалітай стала работа сойма ў кастрычніку 1767 г., на якім расійскі пасол М.В.Рапнін арыштаваў найбольш актыўных праціўнікаў вырашэння дысідэнцкага пытання. Расія ўжо не хавала свайго адкрытага ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. На сойме была створана дэлегацыя ў складзе 68 чалавек, якой даручалася весці перамовы з М.В.Рапніным.

13 лістапада 1767 г. сойм Рэчы Паспалітай зацвердзіў пастанову, у якой ураўняў у палітычных правах усіх дысідэнтаў шляхецкага паходжання з каталіцкай шляхтай. Дазваляўся шлюб паміж каталікамі і дысідэнтамі; усе рэлігійныя спрэчкі вырашаў змешаны суд; дысідэнтам дазвалялася будаваць новыя цэрквы, школы, мець свае кансісторыі, збіраць сіноды. Неўзабаве змешаны суд па рэлігійных спрэчках узначаліў Георгій Каніскі.

У той жа час каталіцкае веравызнанне захоўвала сваё дамінуючае становішча ў Рэчы Паспалітай. Каралём па-ранейшаму мог стаць толькі каталік.

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 мая 1791 г. прынцыповых змен у прававое становішча хрысціянскіх канфесій не ўнесла. Рэлігійнаму пытанню быў прысвечаны раздзел 1 Канстытуцыі. Пануючай рэлігіяй у дзяржаве абвяшчалася «святая рымская каталіцкая» канфесія, пры гэтым пераход з каталіцтва ў іншую веру забараняўся. Астатнім веравызнанням гарантавалася свабода выканання рэлігійных абрадаў.

У Рэчы Паспалітай у 1791 годзе для аслаблення ўплыву Расійскай імперыі прадпрымалася спроба стварэння часовага органа кіравання Праваслаўнай Царквой (Пінскай кангрэгацыі), незалежнага ад пецярбургскага Сінода.

Падчас паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі было абвешчана аб аднаўленні дзейнасці незалежнай Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай з уласнай іерархіяй, падначаленай Канстанцінопальскаму Патрыярху.

Аналіз разгледжаных гістарычных падзей дазваляе зрабіць наступныя вывады.

У эпоху Асветніцтва значна абвастрылася палітычная барацьба праваслаўных беларусаў за сваю этнічную і рэлігійную тоеснасць.

Дыскрымінацыя Праваслаўнай Царквы ў Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII стагоддзя дэстабілізавала ўнутрыпалітычную сітуацыю ў гэтай краіне, сур’ёзна ўскладняла яе міжнародныя дачыненні.

Фактар складаных міжканфесіянальных адносін у многім вызначыў драму страты незалежнасці народамі, якія складалі супольную дзяржаву Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага.

  Аляксандр Якаўлевіч Ляскоў,
кандыдат юрыдычных навук

Просмотрено: 0 раз.

Рекомендуем

В Минской духовной семинарии состоялась презентация сборника публикаций известного белорусского деятеля В. В. Богдановича (1878–1939)

В ходе мероприятия перед слушателями выступил составитель сборника, доцент кафедры истории Беларуси, археологии и специальных исторических дисциплин ГрГУ А.С. Горный.

В издательстве Минской духовной семинарии вышел сборник материалов XVII Семинара студентов ВУЗов Беларуси

В состав сборника включены 85 докладов участников форума, выступавших в рамках пленарного заседания, шести тематических секций, а также представивших свои сообщения в секции заочного участия.