Семiнарыст цi навуковец? Новы погляд на гiсторыю беларускiх семiнарый

1 (1)У дарэвалюцыйны час развiцце многiх галiн расiйскай навукi было немагчыма уявiць без удзелу выпускнiкоў духоўных семiнарый i акадэмiй. Выпускнiкi беларускiх семiнарый таксама адыгралi значную ролю у станаўленнi айчыннай навукi. Аб iх укладзе ў станаўленне беларускай гiсторыi, этнаграфii, краязнаўства i iншыя галiны ведаў доўгi час нiчога не было вядома, але цяпер як царкоўныя, так i свецкiя навукоўцы звяртаюць ўсё большую ўвагу на iх творчасць i жыццёвы шлях.

На тэрыторыі пяці беларуска-літоўскіх губерняў Расійскай імперыі ў розны час Праваслаўнай Царкве належылі 4 праваслаўныя семінарыі: Літоўская, Мінская, Магілеўская, Віцебская.

Праваслаўных святароў прыцягвалі да збору этнаграфічнага матэрыялу. Так, літоўскі мітрапаліт Іосіф (Сямашка) заснаваў пад старшынствам рэктара Літоўскай семінарыі ў сваей епархіі царкоўна-статыстычныя камітэты, якія павінны былі скласці апісанне епархіі ў этнаграфічным, гістарычным, статыстычным і іншых адносінах. Ужо ў 50-х гадах XIX ст. было сабрана шмат матэрыялу. На падставе сабранага з’явіліся даследаванні. Напрыклад, праца прафесара Літоўскай семінарыі I. Юркевіча «Остринский приход». У 1864 г. у Мінскай епархіі было выдадзена «Историко-статистическое описание Минской епархии», якое склаў рэктар Мінскай семінарыі архімандрыт Мікалай. Падобныя этнаграфічныя і гістарычныя матэрыялы духавенства збірала і ў больш позні час. У 1872-1874 гг. шмат матэрыялаў было прадстаўлена святарамі ў Паўночна-заходні аддзел Геаграфічнага таварыства ў Вільне па патрабаванню гэтага аддзела. Некаторыя з сабраных матэрыялаў былі надрукаваны ў агульнарасійскіх выданнях. У 1875 г. М. М. Валатоўскі, выпускнік Магілеўскай семінарыі, надрукаваў у газеце «Русский мир» 17 нарысаў, прысвечаных прыродзе, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў-палешукоў, гісторыі каталіцызму на беларускім Палессі. У 1884-1886 г.г. свяшчэннаслужыцелямі Літоўскай епархіі былі складзены вельмі падрабязныя і дакладныя гісторыка-статыстычныя запіскі аб сваіх прыходах. На падставе гэтых запісак археолаг Ф. Пакроўскі склаў археалагічныя карты губерніяў, якія ўваходзілі ў склад Літоўскай епархіі.

Увогуле, духавенства даволі часта прыцягвалася да збору матэрыялаў для археалагічных з’ездаў, звязаных з гісторыяй Беларусі. А некаторыя выхаванцы семінарый былі першымі ў даследаванні пэўных галін этнаграфіі Беларусі. Так, Ю. Ф. Крачкоўскі, выпускнік Літоўскай семінарыі, з’яўляецца аўтарам першага грунтоўнага даследавання пра радзільны абрад беларусаў і выхаванне дзяцей. М. Я. Нікіфароўскі, выпускнік Віцебскай семінарыі, з’яўляецца аўтарам не толькі каля 20 апублікаваных даследаванняў па этнаграфіі, фальклоры, гісторыі Віцебшчыны, але першай спецыяльнай працы па матэрыяльнай культуры і вытворчай дзейнасці сельскага насельніцтва Віцебшчыны. П. М. Шпілеўскі, выпускнік Мінскай семінарыі, сваімі працамі ўпершыню пазнаеміў шырокія колы грамадскасці Расійскай імперыі з побытам і вусна-паэтычнай творчасцю беларускага народа. Некаторыя былыя семінарысты-даследчыкі адзначаліся нават узнагародамі за вывучэнне мясцовага краю. І. Берман, выпускнік Літоўскай семінарыі, за «Народны дзеннік жыхароў Ашмянскага Павета» ў 1867 г. быў узнагароджаны Імператарскім геаграфічным таварыствам бронзавым медалем. Д. Г. Булгакоўскі, выхаванец Мінскай духоўнай семінарыі, за фальклорна-этнаграфічны зборнік «Пінчукі» (СПб., 1890) атрымаў ад Рускага геаграфічнага таварыства Вялікі залаты медаль. І. Насовіч, выпускнік Магілеўскай семінарыі, за «Зборнік беларускіх прыказак» ад Рускага геаграфічнага таварыства атрымаў залаты медаль.

Царскі ўрад з-за недахопу адукаваных людзей імкнуўся выкарыстаць выпускнікоў семінарый у галінах дзейнасці, якія далека былі ад царкоўнай службы. Асабліва практыкавалася прыцягненне выпускнікоў семінарый у медыцынскія навучальныя ўстановы для падрыхтоўкі лекараў. Упершыню ў Расійскай імперыі прыцягненне выхаванцаў сярэдніх духоўных устаноў у медыцынскія навучальныя ўстановы пачалося яшчэ з 1735 г. У 1797 г. была дазволена штогод адпраўляць з семінарый імперыі ў Маскоўскую і Пецярбургскую медыка-хірургічныя акадэміі па 50 выхаванцаў. Накіроўвалі сваіх выпускнікоў у медыцынскія навучальныя ўстановы і семінарыі Беларусі. Таму заканамерным з’яўляецца той факт, што гэтыя духоўныя семінарыі далі сярэднюю адукацыю некаторым выдатным медыкам. Так, у Мінскай семінарыі сярэднюю адукацыю атрымалі I. Р. Пастэрнацкі—прафесар Варшаўскага універсітэта, Ф. I. Пастэрнацкі—прафесар ваенна-медыцынскай акадэміі. А такія выпускнікі, як I. В. Забелін і Я. I. Багданоўскі ўнеслі вялікі уклад у развіцце расійскай медыцыны. I. В. Забелін, выпускнік Полацкай семінарыі, доктар медыцыны, ардынарны прафесар Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, змяніў карэнным чынам выкладанне фармакалогіі ў Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. Выпускнік Магілеўскай семінарыі, акадэмік Я. I. Багданоўскі «положил основание чистокровно-русской, консервативно-хирургической школе», якая дала Расіі шмат вядомых «научно-образованных хирургов». Ен карэнным чынам змянiў выкладанне тэарэтычнай хiрургii: яна ўвогуле перастала iснаваць i была заменена хiрургiчнай паталогiяй, выкладанне якой вялося дэманстратыўна iчасткова эксперыментальна. У галіне пластычных аперацый Багданоўскаму цяжка было знайсці саперніка сярод тагачасных еўрапейскіх хірургаў. Разам з I. В. Забелiным i некаторымi iншымi прафесарамi ен з 1870 г. выдаваў «Журнал для нормальной и патологической гистологии, фармакологии и клинической медицины». I. В.Забелiн з 1874 г. рэдагаваў свой часопiс «Современный лечебник».

1 (1)

У Расіі ў другой палове XIX ст. адчувалася вострая патрэба ў высокакваліфікаваных спецыялістах у галіне адукацыі, прамысловасці, транспарту, гуманітарных і прыродазнаўчых навук. Таму з 1863 г. выпускнікам духоўных семінарый дазвалялася паступаць ва ўсе універсітэты, акрамя Дзерпскага. Выкарыстоўваючы гэтае права, частка выпускнікоў семінарый імкнулася паступіць у свецкія вышэйшыя навучальныя ўстановы, каб стаць спецыялістамі ў галіне медыцыны, прамысловасці, транспарту, навукі, адукацыі. Духоўныя семінарыі былі адзіным шляхам для недваранскай моладзі Расійскай імперыі атрымаць свецкую вышэйшую адукацыю, паколькі семінарскі курс навучання ўключаў не толькі спецыяльныя багаслоўскія навукі, але і агульнаадукацыйныя ў аб’еме гімназіі. Да таго ж адукацыя ў духоўных вучылішчах і семінарыях была больш танная, чым у гімназіях. Толькі ў 1879 г. семінарыстам было забаронена паступаць ва універсітэты без папярэдніх экзаменаў.

Нягледзячы на гэтую забарону, выхаванцаў духоўных школ можна было ўбачыць у некаторых вышэйшых установах. Гэтаму садзейнічаў дазвол гэтым універсітэтам (Варшаўскаму, Томскаму, Дзерпскаму) прымаць у лік студэнтаў выхаванцаў семінарый. Так, з 1896 па 1918 г. у Юр’еўскім (Дзерпскім) ўніверістэце вучылася 245 выпускнікоў праваслаўных семінарый паўночна-заходніх губерній. Заканамерным з’яўляецца той факт, што некаторых выпускнікоў семінарый можна было ўбачыць сярод прадстаўнікоў інтэлігенцыі, асабліва ў галіне народнай адукацыі. Некаторыя выхаванцы праваслаўных семінарый нават ўзначальвалі свецкія навучальныя ўстановы. Так, выпускнікі Літоўскай семінарыі ўзначальвалі настаўніцкія семінарыі: Ю. Ф. Крачкоўскі—Туркестанскую, П. Меліяранскі—Нясвіжскую; А. С. Будзіловіч быў рэктарам Юр’еўскага універсітэта, Я. Ф. Карскі, выпускнік Мінскай семінарыі,—рэктарам Варшаўскага універсітэта.

Можна было ўбачыць былых семінарыстаў і сярод знакамітых вучоных-гісторыкаў і вучоных-філолагаў. Гісторыкі-выпускнікі семінарый прысвяцілі шэраг сваіх прац гісторыі Беларусі, і перш за ўсе царкоўнай. А некаторыя былі нават адзначаны прэміямі. Так, I. I. Малышэўскі за кнігу «Святые Кирилл и Мефодий, первоучителя славенские» быў ўзнагароджаны прэміяй мітрапаліта Макарыя. Г. Я. Кіпрыяновіч у 1899 г. перамог ва Ўвараўскім конкурсе на лепшую працу аб мітрапаліце Іосіфе Сямашке. К. В. Харламповіч за кнігу «Западнорусские православные школы XVI и начала XVII веков, отношение их к инославным, религиозное обучение в них и заслуги их в деле защиты православной веры и церкви» атрымаў дзве прэміі—Карпаўскую і Ўвараўскую.

Некаторыя выпускнікі духоўных семінарый мелі вялікія дасягненні і ў галіне свецкай гісторыі. Так, М. Н. Каяловіч выдаў у сакавіку 1884 г. першую ў Расіі абагульняючую працу па рускай гістарыяграфіі «История русского самосознания по историческим памятникам и научным сочинениям». Д. I. Даўгяла першым даследаваў гісторыю і гістарычную тапаграфію Полацкіх, Барысаўскага, Свіслацкага, Аршанскага замкаў. У. М. Ігнатоўскі, выхаванец Магілеўскай і Мінскай семінарый, аутар каля 30 гістарычных прац і першы прэзыдэнт Беларускай Акадэміі навук, распрацаваў канцэпцыю нацыянальнай гісторыі, у падмурку якой ляжала перыядызацыя паводле прынцыпу дзяржаўнасці і грамадскага стану беларускіх зямель. Ен першым у беларускай гістарыяграфіі грунтоўна даследаваў паўстанне 1863-1864 гг. Е. Ф. Арлоўскі, выпускнік Літоўскай семінарыі, на IX археалагічным з’ездзе ў Вільнi абгрунтаваў тэзіс аб атаясамленні летапіснага горада Гародня і неманскага горада Гродна (С. М. Салаўеў, М. М. Карамзін, Н. П. Барсаў атаясамлівалі Гародню з пінскай Гародняй).

Значны уклад унеслі выхаванцы семінарый і ў развіцце археалогіі. Так, К. А. Гаворскі, выпускнік Полацкай семінарыі, у пачатку 1850-х гадоў даследаваў 10 курганоў на Полаччыне. У. 3. Завітневіч у свой час быў асноўным даследчыкам археалагічных помнікаў дрыгавічоў на тэрыторыі Беларусі. Даследаваў каля 700 курганоў дрыгавічоў у 82 могільніках; вызначыў межы іх рассялення, этнавызначальныя прыкметы. Зрабіў першую спробу гістарычнай інтэрпрэтацыі археалагічнага матэрыялу, сабранага пры раскопках дрыгавічоўскіх курганоў.

Выхаванцы духоўных навучальных устаноў прымалі актыўны ўдзел у вывучэнні, упарадкаванні і сістэматызацыі дакументаў архіваў. I. I. Грыгаровіч, выпускнік Магілеўскай семінарыі, склаў першы ў беларускай навуцы археаграфічны зборнік «Беларускі архіў старажытных грамат». А зборнік дакументаў па гісторыі Беларусі, Украіны, Літвы ХІV-ХVІІ стст. «Акты Заходняй Расіі» складаліся і рэдагаваліся цалкам выпускнікамі беларускіх семінарый. Выпускнікі Віцебскай семінарыі М. Л. Вяроўкін і Д. I. Даўгяла былі складальнікамі і рэдактарамі выпускаў самага вялікага серыйнага выдання дакументаў па гісторыі Беларусі ХVІ-ХVІІІ стст.—«Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў…». Ю. Ф. Крачкоўскі з 1888 па 1902 г. працаваў старшыней Віленскай археаграфічнай камісіі. М. I. Гарбачэўскі, выхаванец Магілеўскай семінарыі, які з’яўляўся з 1864 г. членам Віленскай археаграфічнай камісіі, доўгі час адыгрываў вядучую ролю у публікацыі Актаў Віленскай камісіі. Ен быў аўтарам рада даследаванняў па археаграфіі і крыніцазнаўству. Ф. М. Дабранскі, выкладчык Літоўскай духоўнай семінарыі, быў на пачатку XX ст. старшыней Віленскай археаграфічнай камісіі. Выкладчык Літоўскай духоўнай семінарыі, а пазней рэктар Полацкай, Магілеўскай семінарый, П. Н. Дабрахотаў быў выдатным калекцыянерам рукапісных кніг, актаў.

Прымалі актыўны ўдзел выпускнікі семінарый і ў складанні слоўнікаў беларускай мовы. П. М. Шпілеўскі ў 1845 г. паслаў у Аддзяленне рускай мовы Расійскай акадэміі навук складзены ім слоўнік беларускай мовы. У 1847 г. I. I. Грыгаровіч распачаў працу над «Слоўнікам заходнерускіх гаворак». Аднак яму не ўдалося скончыць працу над слоўнікам. Да сенняшняга часу захаваліся рукапісы толькі на літары А, Б, В. I. I. Насовіч, выпускнік Магілеўскай семінарыі, за першы гістарычны слоўнік беларускай мовы ў 1867 г. быў адзначаны Увараўскай прэміяй. У 1863 г. ен склаў «Тлумачальна-перакладны слоўнік беларускай мовы», які ахопліваў больш за 30000 слоў. Гэты слоўнік быў выдадзены ў 1870 г., а ў 1881 г. быў выдадзены дадатак да гэтага слоўніка, які змяшчаў каля 1000 новых слоў. М. І. Гарбачэўскі, выдаў у 1874 г. «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага». М. Я. Байкоў, выкладчык Мінскай семінарыі, у часы Савецкай улады склаў тэрміналагічны слоўнік па логіцы і псіхалогіі; быў сааўтарам чатырох руска-беларускіх і беларуска-рускіх перакладчыцкіх слоўнікаў, сарэдактарам усіх выдадзеных і падрыхтаваных да выдання ў 20-х гадах XX ст. дыялектычных слоўнікаў. А акадэмік Пецярбургскай Акадэміі навук Я. Ф. Карскі, выпускнік Мінскай семінарыі, увогуле лічыцца заснавальнікам беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства. У 1893 г. ен абараніў першую ў гісторыі магістарскую дысертацыю па беларускім мовазнаўстве. За працы па беларусазнаўстве ў 1894 г. ен быў узнагароджаны вялікім залатым медалем Рускага геаграфічнага таварыства. Яго фундаментальная трохтомная праца «Белорусы» стала сапраўднай энцыклапедыяй беларусазнаўства. У гэтай працы «на падставе глыбокага параўнальна-гістарычнага даследавання гісторыі мовы, фальклору, пісьменнасці, шматвяковай культуры беларускага народа ўпершыню была навукова абгрунтавана яго нацыянальная самабытнасць як самастойнага славянскага народа». У 1901 г. за працы ў галiне палеаграфii Я.Ф.Карскi быў адзначаны Пецярбургскай Акадэмiяй навук Ламаносаўскай прэмiяй. А выхаванец Віцебскай семінарыі А. В. Багдановіч склаў падручнік «Беларуская мова», які быў прызначаны для самападрыхтоўкі і тэхнікумаў, актыўна прымаў удзел у распрацоўцы праектаў Беларускага правапісу ў 1930 і 1933 гадах.

Атрымалі слыннасць выхаванцы праваслаўных семінарый вывучэннем іншых моў і складаннем перакладчыцкіх слоўнікаў. Так, I. А. Гашкевіч, выхаванец Мінскай семінарыі, быў узнагароджаны Дземідаўскай прэміяй за выдазены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік». А. Кульчынскі, выпускнік Літоўскай семінарыі, склаў «Руска-кітайскі слоўнік».

Такім чынам, шэраг археалагічных, этнаграфічных, краязнаўчых, мовазнаўчых, гістарычных прац, выдадзеных выпускнікамі і выкладчыкамі праваслаўных семінарый Беларусі, а таксама пазацаркоўная дзейнасць праваслаўнага духавенства сведчаць аб іх актыўным удзеле ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі.

     С. М. ВАСОВIЧ
друкуецца са скараченнямi па:
ВНАНБ №4 2001

Просмотрено: 0 раз.

Рекомендуем

В Минской духовной семинарии состоялась презентация сборника публикаций известного белорусского деятеля В. В. Богдановича (1878–1939)

В ходе мероприятия перед слушателями выступил составитель сборника, доцент кафедры истории Беларуси, археологии и специальных исторических дисциплин ГрГУ А.С. Горный.

В издательстве Минской духовной семинарии вышел сборник материалов XVII Семинара студентов ВУЗов Беларуси

В состав сборника включены 85 докладов участников форума, выступавших в рамках пленарного заседания, шести тематических секций, а также представивших свои сообщения в секции заочного участия.