Заклiк да Царквы — чаму гiсторык стаў святаром

1 (1)Пісаць аб сябру—вельмі няпроста. Бадай, кожны радок будзе «спяваннем дыфірамбаў» чалавеку, аб якім думаеш добра. Як знайсці раўнавагу ў словах? Як прапанаваць чытачу новае цікавае знаемства «без прыўкрас»? Гэтыя пытанні гучалі ў мяне ў галаве, калі я ішоў на сустрэчу з айцом Ігарам—чалавекам, якому прысвечаны чарговы нумар рубрыкі «Семінарыя ў асобах». Але ўсе складанасці разам зніклі, калі мы пачалі размову. Нягледзячы на мае старое сяброўства з Ігарам, ен адказваў на пытанні вельмі сур’езна, без іроніі. І раптоўна я заўважыў, што ніякія пытанні непатрэбныя. Айцец Ігар сам расказаў мне аб сваім шляху да святарства. Расказаў проста, яскрава, а галоўнае—вельмі цікава. Пакiдаю ягонае апавяданне амаль без змен, дазваляючы сабе толькі невялікія каментарыі.

Радавод

Бадай, самае незвычайнае, што есць у асобе айца Ігара Васько—ягоны радавод. Сапраўдная знаходка для гісторыка—дазнацца, што па галіне матчыных продкаў Ігар з’яўляецца нашчадкам старажытнага роду Несвіцкіх. Першы з Несвiцкiх, якога ўзгадваюць крынiцы Хведар Дзмiтрыевiч Несвiцкi, жыў у XV стагоддзi. Сярод прадстаўнікоў роду шмат знакамітасцяў, напрыклад, адмірал Васіль Несвіцкі, губернатар Санкт-Пецярбургу ў 1761 — 1764 г.г. Есць ў Несвіцкіх таксама духоўныя карані–жонка Св. Іаана Кранштадскага, знакамітага пастыра пачатку XX ст., Елізавета Канстанцінаўна, паходзіла з Несвіцкіх. Пляменніца матушкі Ялізаветы стала жонкай Міхаіла Палятаева, аднаго з духоўных чадаў айца Іаана Кранштадскага. Святар Міхаіл Палетаеў служыў ў дарэвалюцыйны час у Сярэдняй Азiі, пасля прыняў манаскі пастрыг, быў рэпрэсаваны ды загінуў ў сталінскіх лагерах як пакутнік за веру.

«…У маленстве я ведаў толькі, што мой прадзед быў святаром. Я нават не звяртаў на гэта асаблівае ўвагі, бо тады прынята было гаварыць аб сталінскіх рэпрэсіях і ў маім усведамленні дзед быў перш за ўсе рэпрэсаваны. Наша сям’я была звычайнай савецкай сям’ей, дастаткова далекай ад царквы, таму гэтыя пытанні мяне хвалявалі вельмі мала. Памятаю, што да свайго прыходу ў Царкву (гэта было ў 11 класе сярэдняй школы) толькі тройчы заходзіў ў храм. І гэта нягледзячы на тое, што пятнаццаць гадоў жыў літаральна ў некалькіх кроках ад яго. Бабуля заўседы імкнулася нас з сястрою прывесці да Царквы, пачынаючы з самага дзяцінства, але адбылося гэта ўжо ў сталым узросце. Атрымалася так, што да Царквы мяне прывеў сябар, i гэта заўседы вельмi здзiўляла маю бабулю.

З цягам часу, калі я ўжо адчуў нейкі заклік да царквы, я пачаў разумець, чаму ўсе так адбывалася. Зацікавіла мінулае, радавод. Тады мы сталі больш сябраваць з бабуляй. Яна шмат мне апавядала аб маім прадзедзе, аб айцу Іаане Кранштадскім, аб сваей сям’і, аб сваім няпростым жыцці.

Калі ў 2001 годзе я даведаўся аб кананізацыi прапрадзеда, адчуў не тое каб шок, але доўгі час не мог даць сабе веры у тое, што адбылося.

Зараз, ужо будучы святаром, я адчуваю малітоўную, духоўную дапамогу. Лічу—гэта тое, што дапамагло мне ў найцяжэйшыя часіны жыцця».

Універсiтэт

Я ведаю некаторых аднакурснікаў айца Ігара па гістфаку БДПУ. Чуў тое, што яны расказвалі пра ягоныя студэнцкія гады. Ігара любілі. На студэнцкiм фатаздымкe ен такі, якім быў тады і застаўся пасля заканчэння ўніверсітэта—сціплы, з нейкай нясмелай усмешкай на твары.

«… Як я трапіў на гістфак—даволі цікавы выпадак. Калі ў школе мы пачалі вырашаць, хто куды пойдзе вучыцца, рыхтавалі анкету ў класе, я напісаў, што не хачу, каб гісторыя была сярод іншых іспытаў. Гісторыю я ведаў вельмі дрэнна. У той час я ўжо хадзіў у царкву, але ў семінарыю паступаць не хапіла рашучасці. Вырашыў паступаць «куды-небудзь». Але, каб паступіць «куды-небудзь», трэба было высветліць, куды. Я пачаў цікавіцца адпаведным досведам знаемых. Адна дзяўчына, якая ў той час вучылася на трэцім курсе ўніверсітэта, параіла паступаць на псіхалагічны факультэт. Маўляў, трапіць туды нескладана, бо на факультэце шмат дзяўчынаў, хлопцаў паступае параўнальна няшмат—возьмуць адразу. Не ведаю, чаму, але я пачуў не «псіхалагічны факультэт», а «гістарычны». Гэта быў самы мужчынскі факультэт, туды трапіць было цяжэй за ўсе. Я паехаў i падаў дакументы. Калі мая знаемая запыталася, як мае справы, і я з гонарам адказаў, што падаў дакуманты на гістфак. Яна схапілася за галаву. Але для якіх-небудзь змен часу ўжо не было. Я пачаў вучыць гісторыю. Паспеў дайсці толькі да пачатку Вялiкай Айчыннай вайны, дарэчы, менавіта гэтае пытанне выцягнуў на экзамене.

Было шмат хістанняў, сумненняў, ці трэба быць педагогам, гісторыкам. Памятаю, як за самым першым семінары па гісторыі першабытнага грамадства я атрымаў «тройку з мiнусам». Я пайшоў у бібліятэку i ўбачыў нагрувашчанне кніг, якія павінен быў прачытаць. Памятаю, тады я ледзьве не заплакаў, не ведаючы, што рабiць, але праз некалькі хвілінаў папросту пайшоў дадому.

Потым мне стала цікава. Пачаў вучыцца. Але ж калі я ўжо заканчываў ўніверсітэт, мой навуковы кіраўнік літаральна прымушаў мяне пісаць працу. Але мне было неяк усе роўна. На чацвертым курсе шмат у каго, у тым ліку і ў мяне, пачаўся нейкі крызіс жыццевых каштоўнасцей. Памятаю, адзiн мой сябра, едучы разам са мной ў метро, разважаў аб тым, як з цягам часу стане вясковым настаўнікам, а потым сап’ецца. Такі быў настрой.

Менавіта на чацвертым курсе гістфака, 4 снежня, я ўпершыню трапіў у Жыровіцы. Памаліўся за ўсеначнай, паслухаў спевы семінарыстаў. Пасля гэтага адрадзілася даўняе імкненне паступаць ў семінарыю, са мной здарыўся нейкі паварот—я зразумеў, які шлях павінен абраць.

На пятым курсе пайшоў да ўладыкі Філарэта. Той благаславіў ісці ў войска, а потым рыхтавацца да семінарыі. Але ў войска мяне не ўзялі ў сувязі са станам здароўя, нягледзячы на тое, што я вельмі імкнуўся служыць.

Мой навуковы кіраўнік, Анатоль Ўладзіміравіч Кузняцоў, дацэнт кафедры філасофіі БДПУ, вельмі шкадаваў у свой час, што я не імкнуўся працягваць працаваць над сваей тэмай. Калі я, ўжо на 4 курсе семінарыі вырашыў ўсе ж такі паступаць у аспірантуру, ен прыняў мяне, нібыта блуднага сына, вельмі дапамагаў, накіроўваў».

Семінарыя

1 (1)

У семінарыю з Ігарам мы паступалі разам. Абодва трапілі на адзін курс, пазнаемiліся, пасябравалі, разам пачалі працаваць у рэдакцыі семінарскага часопіса. У семінарскіх мурах сустракаюцца розныя людзі, але некаторыя з іх застаюцца ў памяці назаўседы сваей адметнасцю. Ігар—безумоўна, адзін з такіх людзей. Лічу, што кожны з нашых сакурснікаў, тых, хто ведаў айца Ігара, жыў з ім ў адным пакоі, можа сказаць аб ім шмат добрага.

«… Паступленне ў семінарыю было для мяне вялікай радасцю. Вельмі вялікай. Тым больш вялікай, што мяне прынялі адразу на другі курс.

Першыя месяцы прайшлі ў нейкай эйфарыі, на вялікім ўздыме. Было прыемна ўсе—нават праца на бульбяным полі. Памятаю, што я адчуваў задавальненне ад той працы, бо на самой справе стаміўся ад вучобы на гістфаке. Потым, калі пачалося паўнаважнае семінарскае жыцце, ўздым трошкі спаў. Я пачаў заўважаць, што ў мяне не хапае ні часу ні жадання вучыцца. Справа, канечне, ў адрозненні семінарскага навучання ад звыклага для мяне ўніверсiтэтскага. Семінарыя мала падобная на свецкія навучальныя ўстановы. Перш за ўсе тым, што з’яўляецца ўстановай «зачыненага» тыпу. Пасля «вольнага» БДПУ было вельмі цяжка звыкнуцца з гэтымі акалічнасцямі.

Калі ўзяць на сябе падобную адказнаць і паспрабаваць параўнаць семінарыю з ВНУ, дзе я вучыўся, ўзнікнуць даволі супярэчлівыя ўражанні. Па першае, семінарыя ўсе ж такі саступае ВНУ у тым сэнсе, што ў семінарыі робіцца больш моцны акцэнт на практычныя дысцыпліны, як напрыклад, у тэхнікуме. ВНУ—гэта заўседы тэорыя, да таго ж дастаткова паглыбленая. Цікава, што першыя тры курсы семінарыі адрозніваюцца ад апошніх двух. Я лічу, што чацверты і пяты курсы семінарыі маюць больш ўніверсітэцскі характар. Можна шмат спрачацца аб гэтым. Але галоўнае – ўнутраная накіраванасць на вучобу, імкненне скарыстаць як мага больш з таго часу, які праведзены ў семінарскіх мурах. Бо ў семінарыі заўседы есць час для самастойнай працы і для працы над сабой.

Тыя пытаннi, якiя стаяць перад сенняшняй духоўнай адукацыяй,—сапраўды, вельмі істотныя пытанні. Трэба разумець, што розніца паміж свецкімі і царкоўнымі ВНУ есць. Яе папросту не можа не быць. Свецкія ВНУ абапіраюцца на тую традыцыю, якая фактычна ніколі не перапынялась. Нават у савецкіх інстытутах у 20 – 30-я гады выкладалі тыя кадры, якія былі падрыхтаваныя ў дарэвалюцыйны час. Праваслаўныя ж духоўныя акадэміі і семінарыі былі вынішчаныя ўшчэнт. Дарэчы, у дарэвалюцыйныя часы семінарыя з’яўлялася сярэдняй адукацыйнай установай, пасля заканчэння якой можна было трапіць у лік студэнтаў ўніверсітэта. Сення, калі сітуацыя кардынальна змянілася і ў сэнсе накіраванасці духоўнай адукацыі, безумоўна, неабходна яе рэформа. І яна паступова праводзіцца. Я бачу сенняшнюю семінарскую адукацыю ў перыядзе станаўлення. Сітуацыю ўратоўваюць дасканалыя выкладчыкі, якіх шмат у семінарыі.

Матушка

Цяжка ўявіць сабе праваслаўнага святара без матушкі—вернай спадарожніцы ў жыцці i служеннi. Для семінарыста пытанне шлюбнае—адно з найважнейшых. Святар як сапер, смяюцца ў семінарыі,—памыляецца толькі аднойчы. Як знайсці сваю палову ды не памыліцца? Айцец Ігар быў упэўнены ў сваім выбары з самага пачатку. Са сваей будучай жонкай ен пазнаеміўся ў семінарыі, дзе яна працавала сакратаром. Нетаропкая, працавітая, удумлівая Наталля стала другой «паловай» Ігара. «Мае тылы надзейна абаронены»—гаворыць ен аб сваей жонцы. Наталля з сям’і Прышчэпавых. Яе дзед, Антон, яшчэ ў дарэвалюцыйны час пайшоў паслушнікам у знакамітую Опціну пустынь, але манахам не стаў. З пачаткам першай сусветнай вайны трапіў на фронт, удзельнічаў у «брусілаўскім прарыве». Напрыканцы 30-х пабываў у сталінскіх лагерах. Пасля вайны ажаніўся, стаў святаром. Служыў недалека ад Гомеля. Старэйшы брат Наталлі—таксама святар.

«…Наташа—чалавек адметны. Той чалавек, дзякуючы якому я стаў тым, кiм я стаў. Дзякуючы ей я канчаткова пераканаўся, што пайду па духоўнаму шляху. Яна вельмі цікавы чалавек. Мае вышэйшую эканамічную адукацыю. Я пазнаеміўся з ей тут, пасябраваў. Гасподзь аб’яднаў нас у адзінае целае, ў адну сям’ю. Мы разам выкладалі ў нядзельнай школе. Можа, (смяецца) гэта нас аб’яднала?

Калі я збіраўся ажаніцца на чацвертым курсе часу на вучобу не хапала. Калі ажаніўся, здалося,—усе, канец навуцы, пачалося сямейнае жыцце. Але, як на дзіва, вучыцца пачаў значна лепей, і часу стала хапаць. Дзякуй матушцы, якая стварыла мне адпаведныя абставіны, вельмі дапамагала, накіроўвала, а часам папросту прымушала трываць, працаваць, ісці наперад. Дарэчы, перад сваім вяселлем я вырашыў паступаць ў аспірантуру. Матушкіны веды у галіне інфарматыкі спрыялі паспяховай здачы першага экзамена».

Cвятарства

Калі айца Ігара хіратанісалі ў дыякана, а потым—у святара, нязвыкла было бачыць яго ў расе, з барадой. Ен нібыта змяніўся, стаў непадобным на сябе, але дастаткова было бацюшке звыклым жэстам зняць акуляры, усміхнуцца—перад намі зноў апынаўся наш Ігар. I толькі нейкая новая сур’езнасць у вачах нібыта падказвала—змена ўсе ж адбылася…

(Доўга думае) «… Гэта такая сфера, аб якой вельмі цяжка гаварыць увогуле, а мне цяжка тым больш. Мне здаецца, што Гасподзь дае благадаць кожнаму чалавеку, які прыходзіць ў Царкву, кожнаму святару, калі той пачынае свае служэнне. З дапамогай Божай тыя складанасці, якія у мяне у жыцці былі, я здолеў перамагчы. Гэта таму, што быць святаром вельмі адказна. Калі мы вучымся ў семінарыі, мы папросту не звяртаем увагі на свае духоўнае жыцце, таму, што не адказваем нi за каго. Мажам недзе дазволіць сабе аслабу. А зараз—найдзе нейкі сум, то ці іншае не атрымаецца, хваробы апануюць: захочацца прылегчы, як гаворыць Дастаеўскі, «каб пажаліцца каму», але нельга, бо сення зробіш аслабу, а раніцай трэба ісці прымаць споведзь. Прыходзяць людзі са сваімі пакутамі. Што ім адказаць? Як дапамагчы? Як ты можаш спавядаць, калі не жывеш па—хрысціянску. Вось і атрымліваецца, што дзеля прыходу трымаш сябе ў руках.

Я стаў больш маліцца. Але атрымліваецца не заўседы. Рознае бывае, канечне. Але калі прыходзіш да Прастола, а ў галаву розная дробязь прыходзiць, цябе ахоплівае жах—дзе ж ты стаіш! А чаму жах—таму, што Гасподзь такім чынам адчыняе вочы, «духоўна мабілізуе» святара.

Што такое жыцце прыхадскога святара я амаль не ведаю, бо толькі некалькі месяцаў служу, але тое, што адчуў, прымушае да адказнасці за свае дзеі. Ведаю, што не адпавядаю таму ідэалу святара, якому павінен адпавядаць. Таму трэба яшчэ шмат працаваць над сабой…»

   Размаўляў Вiктар Папоў,
студэнт V курса МинДС

Просмотрено: 0 раз.

Рекомендуем

В Минской духовной семинарии состоялась презентация сборника публикаций известного белорусского деятеля В. В. Богдановича (1878–1939)

В ходе мероприятия перед слушателями выступил составитель сборника, доцент кафедры истории Беларуси, археологии и специальных исторических дисциплин ГрГУ А.С. Горный.

В издательстве Минской духовной семинарии вышел сборник материалов XVII Семинара студентов ВУЗов Беларуси

В состав сборника включены 85 докладов участников форума, выступавших в рамках пленарного заседания, шести тематических секций, а также представивших свои сообщения в секции заочного участия.