Дуэль з безвыхаднасцю

1 (1)Перада мною—маленькая кніжка, зборнік вершаў Таццяны Будовіч «Дуэль паглядаў». На чорнай вокладцы—белыя здані ў сярэднявечных строях. Шахматная дошка кафлянай падлогі, зброя ў руках. Перагортваю першую старонку і адчуваю, што вакол мяне—зімовы ранак, з прачыненага вакна цягне халадэчай, свет такі бясконцы, халодны ды пусты, што ў маім аўто не хопіць бензіну, каб аб’ехаць гэты горад без прахожых на вуліцах. І часам так балюча ды адзінока ад прадчування сустрэчы, якой не адбудзецца. Але гэта толькі да першых веснавых зграяў, да таго моманту, калі чорная трава ды кветка на халодным падваконніку адчуюць сонца. Тады растане снег, ачуняюць схаладзелыя душы, залунае ў паветры пах сена і адбудзецца Ўваскрасенне—Пасха, якую мы так доўга чакалі.

Таццяна Будовіч прыехала да Жыровіц пад час Вялікага паста. Сціплая ўсмешка, уважлівы пагляд, нешматслоўе ў размове. Яна здалася мне вельмі падобнай да сваіх вершаў. Калі чытаеш іх, уражвае імкненне аўтара да лаканічнасці. Магчыма сказаць шмат прыгожых словаў, распавесці аба ўсім так глыбока i праўдзіва, але—некалькі радкоў, трапныя вобразы: самае галоўнае, найбольш істотнае, тры колеры—белы, чорны, блакітны. Кроплi чырвані і золата. Нібыта на малюнках Пірасмані—белы снег, горад, белае неба ў вершах Таццяны намаляваны на чорным фоне адзіноты.

Зімовы сум толькі што прачытаных вершаў—не галоўнае ў гэтай кнізе. І памылкова было б думаць, што паэтычны свет аўтара назаўжды схаваны пад снегам. Кожны верш у гэтым свеце нібыта лязо пралескі рэжучае снягі—лязо зброі ў дуэлі з бездухоўнасцю, абыякавасцю, нянавісцю.

Таццяна Будовіч—мінчанка. Вучыцца на гістарычным факультэце БДУ, працуе. Яе першая кніга вершаў пабачыла свет у выдавецтве «Беларускі кнігазбор» у 2002 годзе. Вершы вядомыя чытачам па публікацыях у часопісах «Маладосць», «Крыніца», штотыдневiку «Літаратура і мастацтва» і іншых выданнях. Падчас паломніцкай паездкі ў Жыровіцы Таццяна адказала на некалькі нашых пытанняў.

—Таццяна, мне вядома, што раней ты некалькі разоў ужо была ў Жыровіцах. Якія ўражанні пакідае гэтае месца?

—Перш за ўсе, у такіх мясцінах, як Жыровіцы, неяк па-іншаму, чым у паўсядзенным гарадскім жыцці, плыве час. Тут адбываецца працэс напаўнення чысціней, святлом. Гэта, мусіць, цяжка зразумець, гэта трэба адчуць. Пасля наведвання Жыровіцаў я адчула, што ў мяне з’явілася шмат сілаў для звычайнага жыцця, для вырашэння ўсіх жыццевых праблем.

—Зараз ідзе Вялікі пост. Абавязак кожнага царкоўнага чалавека—як мага часцей наведваць царкву. Ці атрымліваеца гэта ў цябе?

1 (1)

—Мне не вельмі падабаецца вызначэнне «царкоўны чалавек». Я прыходжу ў царкву папросту дзеля таго, што адчуваю духоўную патрэбу сустрэчы з Богам. На жаль, гэта адбываецца не вельмі часта. Раней я прыходзіла ў царкву тады, калі мне было кепска, але, калі пачала разважаць над гэтым, пераканалася, што ў царкву лепш прыходзіць, калі табе добра. Але да гэтага трэба дайсці, дажыць.

Калі ідзеш у царкву, недзе ў глыбіні душы есць надзея, што Бог пачуе цябе. Але я заўседы пад час малітвы адпускаю гэтую надзею, стараюся не канцэнтравацца ні на якіх надзеях, ні на якіх просьбах. Проста стараюся адчуць Бога.

—Ну, а калі ты дакранаешся да найбольш глыбокага ў Царкве—таямніцаў споведзі, прычасця, што атрымліваецца? Ці змяняецца нешта у тваей душы, калі ты пасля прычашчэння выходзіш з храма?

—Калі я толькі даведалася ў дзіцячым узросце, што значыць прычасце, што гэта—Цела і Кроў Хрыста, для мяне гэта было вельмі незразумела і нават па-дзікунску. Я не разумела—як есці ды піць такое, калі Хрыстос быў Чалавекам, няхай нават Сынам Божым. Потым прайшоў час, і я пачала разумець, але дзеля гэтага я пастаралася адкінуць нейкія думкі ды сумненні. Пастаралася проста паверыць у тое, што гэта трэба, бо так сказаў сам Хрыстос. Ці змяняецца нешта? Мне цяжка адказаць. Безумоўна, змяняецца. Нешта адбываецца, але што менавіта—таямніца. Я проста веру.

—У грэцкім тэксце Бібліі Бог-Творца названы «поэтос». Магчыма сказаць, што ў адпаведным касмаганічным уяўленні хрысціяніна свет быў напісаны, нібыта верш. Слова, маўленне—сапраўдны дар Божы. Для паэта мова—гэта асноўны інструмент ягонай творчасці. Як ты ставішся да гэтага пункту погляду?

1 (1)

—Лічу, што ў розных людзей гэта можа быць і дар ад Бога, і дар ад д’ябла. У тым сэнсе, што нават сваю мову—дар Божы— чалавек можа часам выкарыстоўваць у нейкіх д’ябальскіх мэтах. Мова—толькі сродак. Самы просты прыклад. Сення вельмі шмат розных песень, напрыклад, у рок-гуртоў, якія, на мой погляд, з’яўляюцца разбуральнымі, прапаведуюць агрэсію, нясуць нейкі цемны, анархічны настрой. Але гэта ўсе ж вершы. Назваць такія вершы дарам ад Бога вельмі складана.

Для мяне вершы, нават калі ў іх выказаны нейкі «ўпадніцкі настрой»,—безумоўна, стварэнне. Мае вершы пісаліся найчасцей у часіны вострага душэўнага смутку, таму што заўседы боль, смутак выказаць чамусьці прасцей. Напэўна таму, што больш нічога не застаецца, каб пераадолець яго. Радасць, шчасце ў вершах выказаць значна цяжэй. (Усмiхаецца.) Можа таму, што ў гэтыя хвіліны не да вершаў?

Але мне не падабаецца смутак. І не хацелася б, каб мае вершы успрымаліся як выключна сумныя, пасля якіх і жыць няма ахвоты. Канешне, вершы розныя, і апошнім часам мой паэтычны настрой больш радасны.

—Некалькі словаў пра твае «пазалітаратурныя» зацікаўленні.

—Я шмат чытаю. Пераважна паэзію, нашу беларускую класіку. З сучасных беларускіх аўтараў я вельмі высока цаню творчасць Галіны Дубянецкай, Наталлі Кучмель—на жаль пакуль малавядомых шырокім чытацкім колам. Гэта сапраўдная беларуская паэзія высокага ўзроўню.

Я цікаўлюся псіхалогіяй, гісторыяй. Люблю класічную музыку. Падабаецца Эдвард Грыг, Бетховен. Слухаю «Наўтылус» і абмежаванае кола рок—гуртоў. Ну, а з іншых захапленняў—вельмі люблю такія заняткі спортам, якія звязаныя з рызыкай. Трохі захапляюся альпінізмам і парашутным спортам. Можа быць, менавіта гэта дапамагае мне адчуць тое, што Бог есць любоў на самой справе.

    Гутарыў Вiктар Папоў,
студэнт V курса МiнДС

  Дзядулю

 Холад дажджу трывожыць
Холад рук і распяцця.
Тут, дзе шукаў ты шчасця,
Холад дажджу не зможа
Стаць для рук невыносным
Зноў, як заўсёды, ўвосень.
Так, як заўсёды ўвосень…

 ***

  Тут пахне скоанай травой,
Бліскучая лістота—
Нібы пасля дажджу.
Глядзіцца дрэва лісцем у ваду.
Па іншы бок яе паверхні
таксама неба і аблокі.
Там, як і тут, напэўна,
Пахне скошанай травой.

 ***

 Караблі адплываюць далёка туды
дзе ў нізінах купаюцца ў сонцы сады
дзе аблокі хаваюць ад воч мінакоў
непрыступных вышыняў сляпучасць снягоў
толькі я застаюся глядзець у вакно
невыносна сціскаецца сэрца яно
прадчувае што болей не ўбачыцца нам
ці застацца ці згінуць ім суджана там
калі сэрца прадбачыць бяду сапраўды
то няхай бы рассталіся мы назаўжды
не таму што вярнуцца не суджана ім
а таму што мяне не застануць жывым

Просмотрено: 0 раз.

Рекомендуем

В Минской духовной семинарии прошли IV Чтения памяти священномученика митрополита Крутицкого Петра (Полянского)

В рамках мероприятия состолись выступления церковных и светских исследователей, обращенные на осмысление трагической истории Русской Православной Церкви в ХХ веке.

В Минской духовной семинарии состоялось заседание Ученого совета

В ходе заседания были подведены итоги первого семестра 2018/2019 учебного года и принята резолюция относительно поддержки позиции священноначалия Русской Православной Церкви в связи с посягательством Константинопольского Патриархата на каноническую территорию Украинской Православной Церкви Московского Патриархата.