Хрысціянства на Тураўскай зямлі

1 (1)У першыню  аб Тураўскім княстве ў летапісе ўпамінаецца у 980 г.Хрысціянства на Беларускія землі пачало пранікаць толькі праз восем гадоў, калі адбылося крышчэнне Русі ў 988 г. Праз некаторы час была заснавана Тураўская епархія. За кароткі перыяд хрысціянская вера паспела распаўсюдзіцца па ўсёй Тураўскай зямлі і паўплывала на паўсядзённае жыццё жыхароў Тураўшчыны.

Аб прыняцці хрысціянства ў Тураўскай зямлі прамых пісьмовых сведчанняў няма. Ніканаўскі летапіс паведамляе, што пасля заснавання мітраполіі ў Кіеве (990-991 гг.) пры вялікім князі Уладзіміры Святаславічы адразу былі заснаваны епархіі ў Ноўгарадзе, Чарнігаве, Растове, Уладзіміры-Валынскім і Белгарадзе.

Даследчыкі лічаць, што адначасова былі заснаваны Полацкая, Тураўская і Тмутараканская епархіі (Голубинский Е. История Русской Церкви. Т. 1. М., 1901. С. 334). Гэта вельмі верагодна. Тураў у час княжання Уладзіміра Святаславіча (980-1015 гг.) быў сталіцай аднаго з самых старажытных княстваў Русі. Гэта пацвярджае паведамленне аб выдзяленні Турава трэцяму па старшынстве сыну Святаполку пры першым падзеле Кіеўскай Русі паміж сынамі Уладзіміра Святаславіча.

Пры падзеле Русі ў канцы княжання Яраслава Уладзіміравіча (Мудрага) Тураў дастаецца старэйшаму сыну Ізяславу, а пасля смерці Уладзіміра Манамаха (1125 г.) — яго трэцяму сыну Вячаславу. Tураўскія князі неаднаразова пераходзілі з тураўскага прастола на кіеўскі велікакняжацкі (Святаполк Уладзіміравіч у 1015 г., Ізяслаў Яраславіч у 1054 г., Святаполк Ізяславіч у 1093 г., Вячаслаў Уладзіміравіч у 1139 г.).

Важнае значэнне Турава падкрэсліваецца тым, што Ізяслаў Яраславіч дзеля тураўскага прастола ў 1088 г. пакінуў наўгародскі прастол, а Вячаслаў Уладзіміравіч у 1125 г. дзеля Тураўскага княства пакінуў Смаленскае, а пазней неаднаразова пакідаў Пераяслаўскае.

Таму можна прызнаць абгрунтаваным меркаванне аб раннім заснаванні Тураўскай епархіі яшчэ пры Уладзіміры Святаславічы. Гэты факт гаворыць таксама аб раннім пашырэнні хрысціянства на землях дрыгавічоў.

У першую чаргу гэта адносіцца да гарадскога насельніцтва, якое знаходзілася пад непасрэдным уплывам духавенства, што асядала ў першую чаргу ў буйных населеных пунктах. Язычніцкі абрад крэмацыі ў пахавальных курганах дрыгавічоў у XI ст. змяняецца хрысціянскім абрадам трупапакладання.

Няма звестак пра тое, якімі метадамі пашыралася хрысціянства ў Тураўскай зямлі. У Тураве да нашага часу захаваліся вялікія каменныя крыжы, пра якія мясцовае паданне паведамляе, што яны самі прыплылі па вадзе, спыніліся насупраць горада, і вада ў рацэ пакрылася крывёю. Магчыма, гэта намёк на гвалтоўнае пашырэнне хрысціянства ў асобных месцах сярод прыхільнікаў старых язычніцкіх вераванняў.

Адной з праяў уплыву хрысціянства на паўсядзённае жыццё і аблічча старажытнарускіх гарадоў было адкрыццё цэркваў і манастыроў, узвядзенне будынкаў манументальнай царкоўнай архітэктуры. Жонка Святаполка Ізяславіча Варвара заснавала ў Тураве Варварынскі манастыр, у якім жыла з дзецьмі пасля смерці мужа, «Уладычын двор (сад)». Адна з блізкіх да Турава вёсак сваёй назвай Чэрнічы гаворыць аб нейкай сувязі з «чорным» манастырскім духавенствам.

Археалагічнымі раскопкамі на навакольным горадзе старажытнага Турава адкрыты рэшткі буйнога трохнефнага трохапсіднага сабора, блізкага па планіроўцы да кіеўскіх і ўладзімірскіх сабораў. Час узвядзення сабора (другая палавіна XII ст.) супадае з епіскапствам славутага дзеяча старажытнарускай царквы святога Кірыла Тураўскага і аднаўленнем на тураўскім прастоле Ізяславічаў. У 1158 г. тураўскім князем стаў унук Святаполка Ізяславіча Юрый Яраславіч.

Тураўскі сабор мае рысы несумненнага адрознення ад адначасовых пабудоў Старажытнай Русі. Але казаць аб самастойнай архітэктурнай школе зараз заўчасна. Трэба, аднак, адзначыць, што ўпрыгожванню Турава будынкамі манументальнай архітэктуры перашкаджала шырокае будаўніцтва, якое прадпрымалася тураўскімі князямі ў Кіеве ў час знаходжання на кіеўскім прастоле.

Ізяслаў Яраславіч пабудаваў у Кіеве Дзмітрыеўскі манастыр з царквой, Яраполк Ізяславіч — царкву святога Пятра ў тым жа Дзмітрыеўскім манастыры, Святаполк Ізяславіч — багаты храм святога Міхаіла. У Кіеве існавала таксама старажытная «Турава бажніца», пабудаваная, паводле падання, князем Турам, легендарным заснавальнікам Турава.

1 (1)

Уплыў хрысціянства пашырыўся і на творы прыкладнога мастацтва. У час археалагічных раскопак старажытных гарадоў Тураўскай зямлі сустракаюцца розныя прадметы хрысціянскага культу. У Тураве і Бярэсці (Брэсце) знойдзены крыжы-энкалпіёны, у Тураве — свінцовыя абразкі-ўстаўкі ад напрастольнага крыжа, у Бярэсці — дыскападобны свінцовы двухбаковы абразок-змеявік з выявай Дабравешчання Багамаці, свінцовы аднабаковы абразок Багамаці-Аранты, свінцовая падвесная пячатка з выявай святога Дзмітрыя Салунскага і святога Давіда, частка бронзавай кадзільніцы, бронзавая лыжачка для прычасця. У Пінску знойдзены каменны разны абразок Ісуса Хрыста Эмануіла.

Паўсюдна ў раскопках сустракаюцца металічныя і каменныя нацельныя крыжыкі. Улічваючы, што ў культурны слой розныя прадметы трапляюць у асноўным выпадкова, трэба прызнаць, што прадметы хрысціянскага культу ў старажытных гарадах Тураўскай зямлі былі распаўсюджаны досыць шырока.

Прыняцце хрысціянства спрыяла значнаму пашырэнню пісьменства і пісьменнасці. Уладзімірам і Яраславам было арганізавана навучанне пісьменнасці, перапіска і распаўсюджванне перакладной агіяграфічнай літаратуры, пры Яраславе ўзнікаюць найстаражытнейшыя летапісныя зводы. Атрымліваюць пашырэнне мясцовыя пропаведзі, казанні, малітвы і зборнікі юрыдычнага характару. 3 пашырэннем пісьменства ўзнікаюць новыя цэнтры мясцовага летапісання.

У 1865 г. ў Тураве ў Спаса-Праабражэнскай царкве знойдзены рэшткі Евангелля XI ст., напісанага ўставам на пергаменце. Гэта адна з найстаражытнейшых на Русі знаходак помнікаў пісьменства сведчыць аб раннім пашырэнні пісьменнасці і хрысціянства ў Тураве. Можна меркаваць, што ў Тураве, сталіцы аднаго з найважнейшых княстваў, цэнтры найстаражытнейшай на Русі епархіі, мог скласціся цэнтр старажытнай культуры і пісьменства.

Відаць, жонка Святаполка Ізяславіча, грачанка Варвара, прыбыла сюды са сваёй світай з асвечаных і адукаваных прыбліжаных, што спрыяла павышэнню агульнага культурнага ўзроўню тураўскага грамадства. А сам Святаполк Ізяславіч, яе муж, Тураўскі, а потым і вялікі Кіеўскі князь, кажучы словамі летапісу, «читатель был книг, н вельми памятен, за многое бо лето бывшее, мог сказать, яко написанное». На такой глебе магло скласціся і мясцовае летапісанне». Менавіта такі высокі культурны ўзровень з’яўляецца неабходнай умовай і фундаментам станаўлення такой выдатнай з’явы ў культурным жыцці, як творчасць святога Кірыла Тураўскага.

 Петр Лысенка

Просмотрено: 0 раз.

Рекомендуем

Расписание вступительных экзаменов на Отделение церковных искусств Минской духовной семинарии

Вступительные испытания проводятся с 8 по 12 августа (заезд абитуриентов 8 августа до 17:00).

Расписание вступительных экзаменов на Богословско-пастырское и Богословско-педагогическое отделения Минской духовной семинарии

Вступительные испытания проводятся с 8 по 12 августа (заезд абитуриентов 8 августа до 17:00).