Кірыл Тураўскі і сучаснасць

1 (1)Славянская цывілізацыя, асабліва яе ўсходняя галіна, з’яўляецца адной з самых маладых на зямлі. Па сутнасці, да 6 стагоддзя н.э. амаль няма аўтарытэтных сведчанняў, якія б дазвалялі прасачыць пачатак славянскага генезісу. Магчыма, гэта выклікана тым, што ў еўрапейскім «катле» славяне неяк непрыкметна пачалі свой асабісты шлях, пасяліліся на суровых землях і мелі слабыя кантакты са сваімі развітымі суседзямі, якія рана навучыліся пісаць гісторыю і фіксаваць факты свайго жыцця.

Любая старажытнасць узнаўляецца, як правіла, на падставе гістарычных доказаў — прадметаў глыбокай даўніны, назваў народнага эпасу і г. д. Але калі ўдаецца знайсці тэкставыя сведчанні сучаснікаў, зафіксаваныя на гліняных таблічках, камянях, папірусах, бяросце і г. д., то гэта ўвогуле лічыцца ўдачай. На жаль, у славян такіх сведчанняў вельмі мала, бадай, адзінкі. Зразумела, што кошт кожнай з іх перавышае кошт золата, а калі болыш дакладна казаць, — яны ўвогуле не маюць цаны. На радасць, з глыбінь XII стагоддзя да нас дайшлі такія скарбы.

Адным з найбольш вядомых і самых яркіх прадстаўнікоў старажытнага ўсходняга славянства з’яўляецца Кірыл Тураўскі. Ён атрымаў самыя высокія тытулы народнага прызнання. Яго называлі «Блажэнным Кірылам», «Златоустом, паче всех воссиявшим нам на Руси». Сябе ж ён называў духоўным скарапісцам.

Кірыл Тураўскі з’яўляецца ў многіх адносінах знакавай фігурай, найдастойнейшым прадстаўніком свайго часу. Сын багатых бацькоў, ён атрымаў добрую для таго часу адукацыю, засвоіў веды грэка-візантыйскага і рымскага свету. Гэта праявілася не толькі ў валоданні кніжнай мудрасцю, але і ў самастойнай творчасці. Ён падарыў сучаснікам і нашчадкам цудоўныя малітвы, пропаведзі і прытчы. Калі ў думках акунуцца ў атмасферу Тураўскага княства XII стагоддзя, то з поўным правам можна лічыць Кірылу геніем. Аднак ён быў не толькі творцам, але і практыкам. Узначальваў шмат гадоў епіскапскую кафедру, знаходзіўся ў перапісцы з выдатнымі дзяржаўнымі дзеячамі свайго часу, быў мудрым павучальнікам і дарадчыкам. Адно толькі імя вялікага князя Уладзімірскага і Тураўскага Андрэя Багалюбскага, якога таксама настаўляў Кірыл, гаворыць пра многае. Кірыл Тураўскі — царкоўна-свецкі дзеяч і адначасова празаік, паэт, народны настаўнік, прадракальнік, барацьбіт з ерассю, стваральнік высокамаральнага кодэкса Чалавека. Няма сумнення, ён ззяе на старажытнаславянскім небасхіле зоркай першай велічыні як філосаф-мысліцель і Грамадзянін сваёй эпохі, аўтарытэт якога не гасне многія вякі. Усё яго жыццё і дзейнасць звязаны з свяшчэннай Тураўскай зямлёй, на якой у пачатку 2-га тысячагоддзя знаходзілася развітае і моцнае старажытнарускае княства.

Нават тая частка творчасці КірылаТураўскага, якая захавалася і вядомая нам, сведчыць пра высокі ўзровень інтэлекту і культуры старажытных славян, іх высокія маральныя імкненні, выразна зафіксаваныя ў традыцыях і характары беларускага народа як адной з галін славянства. Інтэлект Кірыла Тураўскага з’яўляўся не толькі прадуктам самаўдасканалення, але і пэўнай сістэмы навучання і выхавання, якая ўжо склалася на той час. На жаль, пра яе мы ведаем вельмі мала.

Кірыл Тураўскі адносіўся да мысліцеляў сапраўды гіста-рычнага перыяду — часу ўсталявання хрысціянства сярод усходніх славян. Яго пропаведзі каранямі звязаны з народам, звернуты ў будучыню і па свайму зместу з’яўляюцца ўзорам звароту да сваіх сучаснікаў па актуальных праблемах. Яго прытчы, простыя і даходлівыя, з’яўляюцца ўвасабленнем далёка скіраванай задумы, якая адпавядае паняццю «грамадскі ідэал». Кірыл Тураўскі сапраўды можа лічыцца адным з заснавальнікаў хрысціянскай праваслаўнай філасофіі.

Кірыл Тураўскі заклікаў людзей чэрпаць мудрасць з кніжных скарбаў і мець розум сапраўдны, які разважае не толькі сабе на выратаванне, але і многім іншым. Кіруючыся гэтай думкай, можна пераадолець любы эгаізм, у тым ліку вузканацыянальны.

Ён ганьбіў злаверных спакуснікаў, бязбожных грэхалюбцаў і апаганшчыкаў. Усё гэта можа быць адрасавана тым, хто скажае гісторыю, не бачыць глыбокіх агульных каранёў славян, ігнаруе народную інтуіцыю, абражае памяць нашых продкаў.

Кірыл Тураўскі папярэджваў пра тое, што дрэннае, як правіла, успрымаюць людзі невучоныя, прыводзіў прыклады пра сляпых і кульгавых, якія бяруцца за вырашэнне жыццёвых праблем. Ён верыў у высокае прызначэнне чалавека, на падставе хрысціянскіх канонаў, прапаведаваў неабходнасць добрага пачатку ў ім. Кірыл Тураўскі заклікаў людзей да навучання і кніжнай мудрасці, якой проціпастаўляў — і асуджаў пры гэтым — чалавечыя заганы: гультайскі спосаб жыцця, п’янства, абжорства. Як набат гучаць яго словы, перакладзеныя А. Мельнікавым на беларускую мову: «Гора будзе ўсім тым, хто не трымаўся кніжнай мудрасці і наказаў духоўных бацькоў; гора тым, хто пад гульні і скок апіваўся віном; гора будзе жалейнікам і гора тым, хто іх слухаў, бо што ўзвялічвае д’ябла — губіць усіх хрысціян».

У яго эстэтычных поглядах выказваецца не толькі захапленне прыгажосцю прыроды, але і глыбокае разуменне яе прызначэння. Тут Кірыл Тураўскі выступае і як тонкі назіральнік, які цікавіцца прыродазнаўствам, бачыць сэнс і карысць для людзей у прыродных з’явах. Ён пабудаваў канкрэтную сістэму чалавечых каштоўнасцей, у якой перавагу аддаваў духоўнаму. Можна толькі ўявіць сабе, наколькі дабратворны ўплыў меў ён на людзей, маючы такія погляды і валодаючы непаўторным талентам прамоўцы!

У пэўным сэнсе можна казаць пра духоўную школу Кірылы Тураўскага, якая рэальна існавала на яго епіскапскай кафедры, а потым вакол яго знакамітага затворніцкага «стаўпа».

Кірыл Тураўскі ў цэнтры сваіх разважанняў пастаянна трымае светлы вобраз Хрыста і як бы імкнецца на яго фоне паказаць недасканалага і грэшнага чалавека, прымусіць яго пайсці да ідэальнага, духоўнага. Імператыўны стыль яго «слоў» сведчыць пра бязмежную веру Кірыла Тураўскага ў правату сваіх поглядаў. Ён суровы, катэгарычны, рэзкі і непрыхільны. Магчыма, нават жорсткі. Але да яго нельга падыходзіць з пазіцый нашага часу, і, тым болыш, даваць адпаведныя ацэнкі. Кірыл Тураўскі ўвасабляе свой час, яго мараль, правілы, звычкі. Відавочна, што роўных або блізкіх да яго не было побач. Мы можам толькі здагадвацца пра вытокі яго светапогляду і той атмасферы, у якой сфарміраваўся і жыў Кірыл Тураўскі. Тут, без сумнення, адчуваецца ўплыў грэчаскіх традыцый і культуры, стан Праваслаўя, пэўная ізаляванасць славянскага свету, асабліва ад «віруючай» Еўропы, якая пачала актыўна ўваходзіць у сярэднявечча, урбанізавацца, экспансіраваць сваю культуру, у тым ліку агнём і мячом. У такіх абставінах Кірыл Тураўскі выпрацоўваў рысы самабытнай духоўнасці, заснаваныя на прыродных традыцыях славян.

Пры гэтым трэба пастаянна памятаць пра тое, што Кірыл Тураўскі — епіскап, манах, і ён меў свае службовыя абавязкі, пашыраў і ахоўваў хрысціянства, яшчэ маладое, але ўжо пераможнае. Ён шчыра «працаваў дзеля Бога» і ў гэтай працы таксама быў мараль-ным і духоўна багатым. Магчыма, у Кірыла Тураўскага былі выдатныя папярэднікі, таленавітыя настаўнікі і паплечнікі. Хутчэй за ўсё, гэта так. Але яны не пакінулі сваіх пісьмовых сведчанняў і глыбокіх слядоў у памяці нашых продкаў. Гэта ўдалося зрабіць, і пры гэтым бліскуча, Кірылу Тураўскаму, што дазваляе з поўнай падставай лічыць яго адным з роданачальнікаў традыцыйнай славянскай духоўнасці, асобага і непаўторнага светаўспрымання, якое вылілася пазней у арыгінальную філасофска-культурную сістэму — славяна-праваслаўную цывілізацыю.

 Валерый Сяліцкі,
старшыня Таварыства Кірыла Тураўскага,
старшыня Гомельскага абласнога Саветадэпутатаў
Друкуецца з кнігі «Тураў. Тураўскае Евангелле» Мінск, 2004

Просмотрено: 0 раз.

Рекомендуем

Расписание вступительных экзаменов на Отделение церковных искусств Минской духовной семинарии

Вступительные испытания проводятся с 8 по 12 августа (заезд абитуриентов 8 августа до 17:00).

Расписание вступительных экзаменов на Богословско-пастырское и Богословско-педагогическое отделения Минской духовной семинарии

Вступительные испытания проводятся с 8 по 12 августа (заезд абитуриентов 8 августа до 17:00).