Ад кампартыі да Хрыста

Вольга Чайкоўская

cms-image-000030636«Божа, дапамажы, але і ты, мужык, не ляжы» — развітваецца са мной інак Мікалай, вядомы многім як паэт Зьніч (у міры Алег Бембель), аўтар рэлігійнай лірыкі. Яшчэ ён сціпла пытаецца, ці хрышчоная, і, пачуўшы, што так, хрышчоная праваслаўная, прамаўляе «Божа, дапамажы!» і запрашае ў госці ў Жыровіцкі манастыр. Я думаю, што абавязкова з’езджу.

Інак Мікалай, сын вядомых скульптараў, філосаф па адукацыі, які скончыў яшчэ і кансерваторыю, у пэўны момант адчуў, што Бога трэба ўпусціць у сваю душу. Будучы членам кампартыі, хрысціўся і стаў пісаць рэлігійныя вершы. Таму што паэзія, на яго думку, можа быць толькі ад Бога.

Але пра паэзію з ім размаўляць не проста. Для яго паэзія — гэта той від творчасці, пра які складана нешта сказаць наогул. Інак Мікалай адразу пачынае цытаваць свае і чужыя творы, а потым дадае:

— З усіх азначэнняў паэзіі, мне больш за ўсё па сэрцы тое, што сказаў Салаухін. Паэзія — гэта павелічальная мова.

З самага дзяцінства будучы інак, якому ўхвальныя водгукі пісаў Уладзімір Караткевіч і якому выпала завочна адпяваць паэта Анатоля Сыса, жыў пад уплывам бацькі, скульптара Андрэя Бембеля, і цётухны Анастасіі, роднай сястры маці Вольгі Дзядок. На бацьку ў свой час вельмі паўплывалі камуністычныя атэістычныя погляды, а цётка была шчырай прыхільніцай хрысціянскага камунізму. Вось у такім дуалізме і выхоўваўся будучы паэт Зьніч, інак Мікалай. І ніхто не «насядаў» на яго свабодную волю.

Пра гэта, а яшчэ пра падрыхтоўку новай кнігі, пра тое, чаму будучы манах адчайна змагаўся за свой партбілет, як пісаў адкрыты ліст Гарбачову і займаўся самвыдатам, капіруючы свае кніжкі ў ЦК кампартыі, інак Мікалай расказаў «Звяздзе».

Свабодная воля

— Мая цётачка Анастасія, пад уплывам якой я і прыйшоў да хрышчэння, была прыхільніцай тэорыі хрысціянскага камунізму. Яна лічыла, што камунізм як сацыяльны лад — справа добрая. А тое, што Хрыста адкінулі, яна лічыла «временным заблуждением общества». Яна была пераканана, што камунізм без Хрыста немагчыма пабудаваць, таму што Хрыстос нібыта за бедных быў, казаў, што багатым цяжэй у рай прайсці, чым вярблюду праз ігольнае вушка. З такой устаноўкай яна працавала выкладчыцай тэорыі фізічнага выхавання ў Мінскім інстытуце фізкультуры. Але яе не чапалі, не выганялі з працы. Можа, таму, што яна была ўдава афіцэра, які загінуў у апошнія дні вайны. Можа таму, што пацяпленне было да царквы: былы семінарыст (Іосіф Сталін — Аўт.) успомніў, чаму яго вучылі ў семінарыі, у той час калі немец пад Масквой стаяў… Ёй прапанавалі нават уступіць у партыю. Яна сказала: «Калі з Хрыстом мяне прымеце ў партыю, я з радасцю». Ну, чыноўнікі былі збянтэжаны, пару разоў яшчэ прапанавалі і ўжо больш не прыставалі.

— У майго бацькі ў майстэрні часта збіралася «мінская шляхта». Усе размаўлялі, і цётухна мая ў нас бывала. І за сталом усе былі не такія, як з трыбун. Усе чыноўнікі былі ў асноўным вясковыя хрышчоныя хлопцы, якія вайну прайшлі. Я, малы, любіў круціцца каля дарослых і слухаць іх размовы. Не ўсё разумеў, але мне было цікава. У такой атмасферы я рос: паміж падыходам, што Бога няма, і маёй цётачкай, якая была жывым прыкладам адваротнага. Бывала, я вельмі любіў з ёй размаўляць, гадзінамі. Я такі малы, ужо нейкія дыскусіі з ёй вёў, наслухаўшыся і «бязбожных» аргументаў, і цётчыных. Потым я зразумеў, што розныя ёсць пазіцыі, але так «тупа і шэра» сцвярджаць, што Бога няма і дзяржаву на гэтым будаваць, новае пакаленне выхоўваць — нельга.— А бацька не налягаў, не супраціўляўся. У яго тэзіс быў такі: да 30 гадоў вы ўсё падшыванцы, а пасля 30 з вамі пра нешта можна гаварыць. І таму ён лічыў так: маўляў, перабесіцца, няхай, што хоча, пазнае, чытае, дыскутуе, я з ім пасля 30 пагавару. Вось такая атмасфера, у якой я гадаваўся, была пасля вайны. І вось так я прыйшоў, у значнай меры пад уплывам цётачкі, да захаплення філасофіяй. Бацька і цётухна Анастасія сябравалі і часта палка дыскутавалі. І бацькавы аргументы падаваліся небеспадстаўнымі, і цётчыны. Гасподзь так стварыў, што я мог свабодна выбіраць для сваёй душы тое, што трэба. Маю свабодную волю ніхто ніколі не гвалціў.

— У мяне быў унікальны дзед Ануфрый! Ён з бабуляй Стэфанідай 14 дзетак на ногі падняў. І мой бацька Андрэй быў адзін з самых апошніх. Па сённяшніх мерках, яго і блізка да жыцця не падпусцілі б. На пачатку ХХ стагоддзя сярэдняя колькасць дзетак ва ўсходніх славян была 7 на сям’ю. А цяпер у нас — 1,3… Дык вось дзед Ануфрый з бабуляй Стэфанідай у Веліжы (сёння гэта Смаленшчына) жылі вельмі бедна, але ніхто з голаду не памёр. Старэйшыя дзеці былі афіцэрамі ў Першую сусветную вайну, некаторыя загінулі. Дзед Ануфрый глыбока рэлігійны чалавек быў. І да 300-годдзя Дома Раманавых у 1913 годзе ён нават атрымаў дваранства за багалюбнае выхаванне такой шматлікай сям’і.

«Я біўся за свой партбілет адчайна!»

— У свой час мне давялося быць аспірантам, а потам працаваць у сектары гісторыі філасофіі ў Акадэміі навук. Там я падрыхтаваў дысертацыю — «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў духоўнай культуры». У ёй разглядаюцца катэгорыі нацыянальнага і інтэрнацыянальнага як інструменты даследавання культуры. І дысертацыя была ўжо завершана, але яе моцна дзяўблі з усіх бакоў. Яна была напісана на беларускай мове. Гэта само па сабе было выклікам, таму што філасофскія дысертацыі тады па-беларуску не пісаліся. Тым больш, тэма вельмі пякучая. Яе адфутбольвалі з аднаго сектара ў другі. І калі яна ляжала ў сектары сацыяльнай псіхалогіі і эстэтыкі і вось-вось павінна была абараняцца як дысертацыя, у Лондане яна выйшла асобнай кніжкай пад назвай «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс». Гэта было ў 1985 годзе.

— А загадчыкам сектара сацыяльнай псіхалогіі і эстэтыкі быў тады Уладзімір Конан. І мой навуковы кіраўнік, і хросны бацька. Мяне тайна ў 1982 годзе акурат 13 красавіка хрысціў на сваёй кватэры свяшчэннік Георгій Латушка. Я да гэтага быў вучоным нехрысцем, бунтаўшчыком. Уладзімір Міхайлавіч, будучы ўжо доктарам філасофіі, пагадзіўся быць маім хросным бацькам.
А гэта было вельмі рызыкоўна: калі б нас там застукалі, абодвух бы з Акадэміі пагналі, і бацюшку таксама пакаралі б за падпольную дзейнасць. Але Гасподзь пакрыў. І цікава, што ў мяне тады быў стаж члена партыі — 12 гадоў.
А Конан быў наогул беспартыйны. Я яму потым яшчэ рэкамендацыю ў партыю пісаў. Дык вось пад яго апекаваннем я і працаваў над дысертацыяй. І тут у Лондане надрукавалі кніжку. Я зразумеў, што гэта азначае. І вырашыў, што напад — найлепшы спосаб абароны.
У тую ж ноч напісаў адкрыты ліст Гарбачову пра тое, што мая праца, якую я даўно хачу надрукаваць на радзіме, надрукавана за мяжой. І таму прашу, каб не было непаразуменняў, надрукаваць яе ў нас. Бо яна спрыяе аптымальнаму разуменню суадносін нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў культуры. І ў час перабудовы, якая тады адбывалася, яна будзе вельмі карысным дапаможнікам у рэгуляванні міжнацыянальных адносін у галіне духоўнай культуры. І акурат аказія! Бацькаў сябра ехаў у Маскву. Па пошце, вядома, такое пасылаць было пагібельна. А так я мог перадаць ліст і быў упэўнены, што ўжо раніцай ён трапіць туды, куды трэба.

— І пачалося… Я прасіў Гарбачова паскорыць працэс публікацыі ў нас кнігі. А замест гэтага ў Акадэмію навук была спушчана дырэктыва — правесці пасяджэнне вучонага савета. Я думаў, гэта будзе абмеркаванне маёй дысертацыі на прадмет публікацыі. А гэта склікалі савет, каб аб’явіць маю кніжку антысавецкай. А такая фармулёўка азначала 5-7 гадоў турмы… Але Гасподзь распарадзіўся так, што Яўген Бабосаў, тады дырэктар Інстытута філасофіі і права, настаяў, каб фармулёўка была зменена. Кнігу маю назвалі «не марксісцкай, і нацыяналістычнай». А значыць, крымінал здымаўся. Бабосаў, яшчэ і як старшыня вучонага савета, мяне літаральна ад турмы выратаваў. Потым быў скліканы парткам Акадэміі навук. А я тады быў членам партыі…

— Мяне прынялі ў кампартыю ў 1970 годзе, акурат на стагоддзе Леніна. Было ў чым каяцца будучаму інаку, Госпадзі памілуй… Дык вось у парткаме ўжо не было ніякіх дыскусій. У мяне забралі партбілет нібыта для праверкі партыйных узносаў. Але вяртаць мне яго ніхто не збіраўся. І я адразу падаў апеляцыю ў гаркам партыі. Я біўся за свой партбілет адчайна!

— Апеляцыі я падаваў яшчэ ў абкам, потым у ЦК КПБ. Паўсюль трошку змякчалі фармулёўку прычыны, па якой партбілет у мяне адабралі. У рэшце рэшт, у ЦК адкрытым тэкстам сказалі, што не трэба абвастраць, што праз год мне партбілет вернуць, толькі ў Маскву не трэба. Я паслухаў іх, і, тым не менш, напісаў у Маскву, у камітэт партыйнага кантролю пры ЦК КПСС. А затое, які мне літаратурны матэрыял Масква дала! Там жа сапраўдныя персанажы былі!

Пахаванне бацькі

— Прымаў мяне выхадзец з Беларусі. Вельмі далікатна паводзіў сябе. Было відаць, што яму няёмка. Гэта была зіма 1986 года. Я бацьку нядаўна пахаваў. І гэты чыноўнік раптам паказвае мне паперку са словамі: «Гэта прамога дачынення да вашай справы не мае, але я не магу не паказаць». На паперцы напісана: «Считаю своим долгом сообщить, что во время похорон народного художника Беларуси Андрея Бембеля, его сын, Олег Андреевич, расставаясь со своим отцом при погребении, перекрестил его и вложил в руки крестик». На пахаванні былі і члены ЦК, але ніхто не адважыўся мне пярэчыць. Бацька быў хрышчоны і нават да 12 гадоў спяваў на клірасе. Але гэты савецкі бязбожны пераварот на яго вельмі паўплываў, яго закруціла камсамольская вакханалія. Тады многія з бедных сем’яў паддаліся на гэтае. І дзед Ануфрый, па сямейным паданні, нават рэзка асудзіў майго бацьку…

Пра тутэйшых мудрацоў

— У Беларусі мне апублікавацца было практычна немагчыма. Толькі адзін раз у Новасібірску мне ўдалося надрукавацца. Якраз Конан мяне ўзяў туды з сабой на навуковую канферэнцыю. Вось як я там выступіў, без усялякіх правак — надрукавалі. Там быў чалавек, акадэмік Акладнікаў, які даследаваў малыя народы Сібіры, захаванне іх ад вымірання. Праблематыка нацыянальнага, якой я займаўся, яму была вельмі блізкая. Таму што пры моцных інтэрнацыянальных уплывах узнікае пагроза разбурэння ўласнага нацыянальнага ядра і знікнення нацыянальнай культуры. Унікальнай, бо кожнае племя — гэта ўнікальная гісторыка-культурная цэласнасць. І ядро духоўнай культуры — мова. Таму пытанне мовы было цэнтральным у маёй дысертацыі.

— Дарэчы, капіравалі мне кніжку «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» — цяпер гэта гаварыць можна: ніхто не пацерпіць, у ЦК КПБ знаёмыя хлопцы. Пяць асобнікаў зрабілі. І ў іншых месцах я каля трох дзясяткаў размножыў. А тады ж гэта было вельмі небяспечна — за выраб і распаўсюд антысавецкай літаратуры строга каралі. Але гэтая кніжка хадзіла па руках. І толькі калі яе ў Лондане надрукавалі, пачалі меры прымаць.

— У кнізе «Крэсіва-2?, над якой я цяпер працую, будзе раздзел «З гісторыі беларускай філасофіі (другая палова ХХ стагоддзя. Фрагменты)». Там будзе дакладны тэкст манаграфіі, якая была падрыхтавана па маёй дысертацыі, і якая была ўключана ў план выдавецтва «Навука і тэхніка» ў 1980 годзе. Але не была надрукавана. І вось гэтую манаграфію цяпер я хачу выдаць цалкам абсалютна ў такім жа выглядзе. Яна пераплеценая ў мяне і захоўваецца ў аўтэнтычным выглядзе. Гэтая кніжка цяпер яшчэ больш актуальная, чым тады. Сюды ўключана сацыялагічнае даследаванне «Што мы думаем пра цябе, беларуская мова?», у якім я пытаўся пра мову ў простых людзей. Слова «камунізм» там разумеецца як глабальная навукова-эканамічная і арганізацыйна-палітычная цэласнасць. Тое, што сёння пад глабалізмам разумеюць тыя, хто дзеліць постславянскія землі. Яшчэ ў мяне захаваліся пратаколы пасяджэнняў. Усе гэтыя пасяджэнні — і вучонага савета, і наконт апеляцый, якія падаваў, я стэнаграфаваў. Вёў пратаколы прамоў усіх гэтых дзеячаў, якія грамілі роднае слова. Гэтыя пратаколы Гасподзь даў мне запісаць і захаваць. У савецкія часы я захоўваў іх сярод сяброў, таму што ведаў, што могуць прыйсці і забраць. Назва ў гэтага раздзела будзе «Пратаколы тутэйшых мудрацоў».

Вольга Чайкоўская // zviazda.by

Рекомендуем

Вышел первый номер научного журнала "Белорусский церковно-исторический вестник"

Издание ориентировано на публикацию научных исследований в области церковной истории. Авторами статей являются преимущественно участники Чтений памяти митрополита Иосифа (Семашко), ежегодно организуемых Минской духовной семинарией.

Принимаются статьи в третий номер научного журнала "Труды Минской духовной семинарии"

Целью издания журнала «Труды Минской духовной семинарии» является презентация и апробация результатов научной работы преподавателей и студентов Минской духовной семинарии.