Выйшла кніга протапрэсвітара Віталія Баравога.
Выйшла ў свет кніга «Быць сведкамі Хрыста» протапрэсвітэра Віталія Баравога — найстарэйшага святара Рускай Праваслаўнай Царквы, якому нядаўна споўнілася 90 год.
Яго імя значнае для сучаснага хрысціянства. Справа не толькі ў тым, што ён — візантыст, доктар багаслоўя, які доўгі час выкладаў царкоўную гісторыю ў Ленінградскай і Маскоўскай духоўных акадэміях. І нават не ў тым, што ён прадстаўляў Маскоўскую патрыярхію ў экуменічнай Сусветнай радзе цэркваў і на ІІ Ватыканскім саборы. Справа, хутчэй, у духу, які нясе а.Віталь – жыццярадасным, свабодным, але без забабонаў і страхаў.
Працуючы доўгі час ў Аддзеле знешніх царкоўных сувязяў, ён, натуральна, бываў вымушаны ісці на пэўныя кампрамісы з уладамі. Пра гэта ён часам казаў прамым тэкстам. А. Аляксандар Шмеман, сустрэўшыся з Баравым у час паездкі савецкай царкоўнай дэлегацыі ў Амерыку, пакінуў у дзённіку такі запіс: «У семінарыі служыць а.Віталій. Пасля абедні ён звяртаецца да студэнтаў. Вельмі разумна, як заўжды, — мы, маўляў (то бок цяперашнія царкоўныя дзеячы ў Расеі), толькі ўгнаенне для будучыні — і як ад угнаення (якое часам дрэнна пахне), ад нас адстароньваюцца. Але Бог і гісторыя рассудзяць».
«Паводле меркавання а.Віталія, калі ўжо вымушаны чалавек ісці на кампраміс, то так, каб усе бачылі, што гэта — край, далей нельга, далей — бездань. Цераз усе варункі жыцця ён пранёс годнасць творчай асобы, нястомнае жаданне пропаведзі, імкненне ўратаваць бліжняга. І ўсё гэта — без пыхі, у прастаце і сціпласці», — сцвярджае духоўны вучань а.Віталія святар Георгій Качаткоў. Ён згадвае, як у пачатку 1970-х гадоў Баравой, які толькі стаў настаяцелем патрыяршага Богаяўленскага сабору, прымаў — амаль адзіны ў Маскве — людзей, якія жадалі пагаварыць з ім: «Не толькі сваіх духоўных дзяцей, дзесьці ў кутку ці асобным пакоі, а ўсіх. У саборы пасля кожнага суботняга ўсяночнага трывання, ды і ў іншыя дні, калі ён служыў, выстройвалася чарга. Гэта было зусім незвычайна». Менавіта казані, прамоўленыя а.Віталіем у саборы, ляглі ў падмурак зборніка.
Можна толькі ўявіць далёкія брэжнеўскія гады, паўзмрок храму і ў ім гучны, «усклікаючы» голас святара: «Будзем верыць, дарагія браты і сёстры, што цудатворная ікона Божай Маці Ціхвінская вернецца зноў у наноў пабудаваны манастыр у яе гонар у горадзе Ціхвіне і там зноў заззяе сонцам над усёй нашай зямлёй. Калі гэта будзе? Вядома, ніхто не ведае дарагія браты і сёстры. Але гэта будзе!” Сёння гэтыя словы гучаць як прароцтва, якое збылося, і такія месцы бывае сустракаюцца ў кнізе.
У казанях а.Віталій закранае многія пытанні жыцця ў Царкве. Нездарма хтосьці жартам назваў яго акадэмікам царкоўнага досведу. Ён кажа пра Традыцыю (з вялікай літары) І гэтым самым ён дае людзям правільную царкоўную арыентацыю. Сведчыць пра галоўнае: “Радасць пасхальная, радасць аб уваскрэслым Хрысце, хрысціянская радасць заўжды радасць дзейсная, яны заўжды радасць супольная, яна заўжды радасць не пра сябе, а радасць пра нас”. І ў той да час а.Віталь засцерагае супраць фарысейскага ўспрыняцця ўласнай веры. Вядома, многія рэчы ў сілу акалічнасцяў эпохі Баравой ня мог кранаць. Дый таго, чаго ён кранаўся, ён кранаўся як бы мімаходзь. Але гэтае ўражанне падманлівае. А.Віталь гаворыць на пэўнай эзопавай мове. І гаварыў так, што яго могуць пачуць на рознай глыбіні самыя розныя людзі.
Вялікую ўвагу пастыр надае праблеме збаўлення ўсіх людзей. Ён сцвярджае, што “кажны чалавек, які мае веру, мае надзею, мае любоў, нават калі ён не хрысціянін, у нейкай ступені можа спасцігнуць Бога”. Гэта толькі адзін з аспектаў тых праблемаў, якія абмяркоўваліся ў храме побач са станцыяй метро “Баўманская”. Можна толькі здзіўляцца, што да 1978 года а.Віталь заставаўся ў саборы. Пасля гэтага яго ўсё-такі знялі і перавялі ганаровым настаяцелем у адзін з маскоўскіх храмаў. Але жыццё, вядома, з-за гэтага не спынілася. У кнізе падаюцца цікавыя ўспаміны епіскапа Сергія (Сакалова) пра ўдзел а.Віталія ў першым пасяджэнні Сінадальнай камісіі па падрыхтоўцы святкавання 1000-годдзя Хрышчэння Русі: “Ён, як звычайна, крыху заікаючыся ад хвалявання, з уласцівым яму беларускім акцэнтам, жэстыкулюючы рукамі, што звычайна рабіла яго выступы і нават казані вельмі эмацыянальным, голасам, які зрываўся ад хвалявання, пачаў: “Я… я не хацеў гаварыць… Але… але… раз ужо яго Свяцейшаства даў мне слова… то… то… скажу… Скажу… як заўжды тое, што думае пра гэтае пытанне… хаця… можа, гэта вам і не спадабаецца”. То, што сказаў а.Віталій, было, паводле сведчання епіскапа, самым галоўным на пасяджэнні камісіі.
Цікава, што 80-гадовым старцам і калі яму было ўжо дужа за восемдзесят, а.Віталій працягваў выходзіць на працу і ездзіў туды з дзвюма перасадкамі ў метро. Пісаў даклады, знаходзіў патрэбныя архіўныя дакументы – і ўсё гэта рабіў за невялікі заробак, без усялякіх прэтэнзій. І сёння а.Віталій – проста самім фактам свайго існавання – многае змяняе ў царкоўным клімаце.
Подготовлено по материалам churchby.info