Погляд Беларуса на жыццё Праваслаўя

1 (1)Паважаныя чытачы нашага часопісу, дазвольце прапанаваць вашай увазе інтэрв’ю з Пятром Кузьмічом Краўчанка, які некалькі гадоў быў паслом нашай краіны ў Японіі. Пётр Кузьміч цікава распавядае пра сучаснае жыццё і гісторыю Праваслаўя ў Японіі.

—Пётр Кузьміч, пяць гадоў свайго жыцця Вы правялі ў Японіі, а чаго найбольш не хапае беларусу ў чужой краіне?

—Не хапае, канешне, веры, хаця ж там і ёсць Праваслаўная Царква, Аўтакефальная Японская Царква, якую заснаваў у свой час рускі місіянер свяціцель Мікалай (Касаткін). А першую царкву ў Японіі пабудаваў наш зямляк Іосіф Гашкевіч. Дарэчы, мала хто ведае, што ён быў сынам святара з Рэчыцкага павета, скончыў Мінскую Духоўную Семінарыю і Санкт-Пецярбургскую Акадэмію, а ягоны брат быў прафесарам тэалогіі Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. У Гашкевіча была велізарная духоўнасць, ён быў чалавекам, які добра разумеў вялікае значэнне Праваслаўнай Царквы. Мы можам ганарыцца тым, што Гашкевіч і свяціцель Мікалай (Касаткін) — гэта людзі, якія стварылі ўмовы для развіцця Праваслаўнай Царквы ў Японіі. У Токіо існавала і працягвае існаваць рускае падвор’е, дзе мне даводзілася бываць на рэлігійныя святы. Але ўсё ж-такі я жыў і працаваў у далёкай азіяцкай краіне, дзе мне, як увацаркаўлёнаму чалавеку, не хапала сапраўднай духоўнасці. Можна гаварыць яшчэ многа пра тое, чаго там не хапае, не хапае, напрыклад, хлеба, але галоўнае тое, што праваслаўнаму хрысціяніну цяжка жыць сярод не хрысціян. Трэба сказаць, што японцы вельмі працавітыя, вельмі дружалюбныя, вельмі прыстойныя і добразычлівыя людзі. Тым не менш, Японія зусім іншая цывілізацыя. Там іншыя ўмовы і іншая духоўнасць, таму і адчуваеш сябе неяк некамфортна. Знаходзячыся ў Японіі, разумееш, наколькі складана было першым хрысціянскім місіянерам у гэтай краіне. Трэба адзначыць, што сярод іх — каталіцкіх манахаў XVI стагоддзя — былі прадстаўнікі беларускіх каталіцкіх ордэнаў, а потым пайшла хваля рускіх місіянераў у XIX стагоддзі. Цяпер Японская Царква налічвае прыкладна 5 тысяч вернікаў. У час Другой Сусветнай вайны японцы зрабілі ўсё магчымае, каб гэтыя вернікі адмовіліся ад праваслаўнай веры.

—На Ваш погляд, якія адрозненні існуюць паміж нашым Праваслаўем і Праваслаўем японскім? Што адметнага ў праваслаўных японцаў?

—На мой погляд, галоўнае адрозненне заключаецца ў тым, што японскія праваслаўныя — гэта эліта нацыі, інтэлігенцыя. Сярод іх ёсць высокаадукаваныя людзі з вялікім багажом ведаў і духоўнасці, у якіх была магчымасць выбара. Гэта не простыя людзі, а тыя, якія складаюць гонар нацыі. Пяць тысяч праваслаўных вернікаў, сёння можа і больш, гэта не многа, тым не менш гэта моцныя духам людзі, якія карыстаюцца вялікай павагай сярод усіх астатніх японцаў. Сярод іх ёсць незвычайныя людзі. Напрыклад, я меў магчымасць пазнаёміцца з 94-гадовым святаром царквы ў Хакадата, імя якога Ісама Каруягава. Ён ужо болей як 50 гадоў таму стаў святаром. Японскі хлапчук Ісама Каруягава нарадзіўся ў 1910 годзе. У дзяцінстве яго нечым прыцягвалі праваслаўныя ваенныя могілкі, дзе былі пахаваны рускія маракі. На дзіва, дзіцяці падабалася там гуляць. Але ж часцей за ўсё ён прыходзіў да магілы адной жанчыны — Елізаветы Гашкевіч, жонкі Іосіфа Гашкевіча. Здаралася, што ён бываў там і ўночы. Тады сямігадовы хлопчык яшчэ не ведаў, хто там быў пахаваны. Праз нейкі час яму расказалі пра жыццё і смерць Елізаветы Гашкевіч. Гэта жанчына па сваёй адукацыі была медсястрой і працавала ў бальніцы, якую пабудаваў на царскія грошы Іосіф Гашкевіч. У тыя часы Хакадата быў глухім куточкам Японіі, дзе з-за адсутнасці лекаў і лекараў вельмі многа людзей памірала ад сухотаў і іншых хваробаў. Жонка рускага консула Гашкевіча апантана працавала ў шпіталі і выратавала жыццё некалькім тысячам японцаў. Яна памерла, захварэўшы на сухоты, і была пахавана на рускіх могілках. Прайшло 150 гадоў, але пра праваслаўную верніцу і медсястру Елізавету Гашкевіч да гэтай пары ходзяць легенды сярод японцаў. Ісама настолькі ўразіўся подзвігам гэтай жанчыны, што зацікавіўся Праваслаўем і вырашыў стаць праваслаўным святаром.

Ва ўзросце 85 гадоў ён захварэў анкалагічным захворваннем. У яго былі сабраны грошы на тое, каб зрабіць аперацыю. Але ж нечакана ён вырашае адкласці аперацыю, а за сабраныя грошы купляе ў Паўднёвай Карэі самы каштоўны шэры граніт, каб зрабіць надгроб’е на магілу Елізаветы Гашкевіч. Такі крок старога і смяротнахворага святара ўразіў усіх. Пра гэты незвычайны выпадак мне распавядалі як японцы, так і некаторыя рускія. Я вырашыў сустрэцца з айцом Ісамай Каруягавай і ўручыць яму ліст удзячнасці ад імя ўрада Беларусі за гэты ўчынак. На маё пытанне, чаму ён так рызыкаваў сваім здароўем і жыццём, бацюшка адказаў, што ў свой час Елізавета Гашкевіч не пашкадавала ахвяраваць сваё жыццё для японцаў, і ён хацеў зрабіць ўсё, каб увекавечыць памяць гэтай жанчыны. Калі я выйшаў ад Ісамы Каруягавы, мяне акружылі японскія журналісты, прадстаўнікі галоўных тэлеканалаў, і я даў ім інтэрв’ю, перадаўшы словы святара. Уражанне на японцаў было велізарным. Грошы на аперацыю айцу Ісаму даў японскі урад, і ён жывы яшчэ да гэтага часу.

Гэта і ёсць адказ на вашае пытанне. Японцы — моцныя і магутныя вернікі.

—Скажыце, калі ласка, калі Вы ўпершыню прыехалі ў Жыровічы? Якім чынам адбылося Ваша знаёмства з гэтым месцам, з манастыром?

—Упершыню мяне сюды прывёз Уладыка Філарэт у сакавіку 1994 года. Але ж я ведаў і раней, што Жыровіцкая ікона — гэта вялікая святыня Беларусі. Я разумеў яе велізарнае значэнне, не ведаючы нават многіх абставін, звязаных з часам з’яўлення цудатворнай іконы, з яе гісторыяй. Тым не менш, я адразу адчуў Боскую благадаць. Увогуле гэтае адчуванне з’явілася адной з прычын таго, чаму я прыйшоў да Царквы. Калі зойдзеш у храм і пастаіш хвілін пяць, пачынаеш адчуваць незвычайную цішу і душэўны спакой, прыходзіць адчуванне незямнога ладу, гармоніі, своеасаблівага мікраклімату, які ёсць толькі ў царкве. Такім чынам я ад атэістычных поглядаў прыйшоў да разумення, што вера ў жыцці чалавека — гэта паветра. Чалавек жыве, калі ёсць вера, калі няма веры — душа паступова памірае.

—Пётр Кузьміч, сёння сярод праваслаўных вернікаў існуюць думкі, што трэба служыць у царкве на беларускай мове. Як Вы адносіцеся да падобных ідэй?

—Раней мая пазіцыя была вельмі радыкальнай. Займаючы пасаду міністра замежных спраў, я адназначна лічыў, што Царква павінна пераходзіць на беларускую мову. Цяпер я лічу, што можна і трэба прапагандаваць беларускую мову, але прымусам, радыкалізмам і націскам гэтую праблему вырашаць немагчыма. Канешне, Гасподзь Бог сказаў, што кожны род павінен звяртацца да Бога на той мове, якая з’яўляецца для яго роднай. І тым не менш, я лічу, што самім вернікам, самой Царкве трэба вырашаць пытанне з лёсам той ці іншай мовы. Дарэчы, царкоўнаславянская мова вельмі набліжана да старабеларускай мовы. Я цяпер займаю не то што зусім іншыя пазіцыі, але мае падыходы сталі менш радыкальныя. У працэсе адукавання будучых святароў у Духоўнай Семінарыі абавязковым павінна з’яўляцца веданне роднай мовы. Але царкоўныя каноны, царкоўныя падыходы трэба вырашаць самой Царкве. Пытанне мовы у Царкве павінен вырашаць не міранін, гэта не мірское пытанне. Я думаю, што агульная тэндэнцыя выкарыстання беларускай мовы ў межах Царквы будзе на пашырэнне. Але гэты працэс павінен быць вельмі спакойным, вельмі стрыманым, вельмі разумным, каб не выклікаць унутрыцаркоўных падзелаў. Я вельмі баюся і заўсёды выступаю супраць таго, каб тыя ці іншыя праблемы вырашаліся гвалтам. З гвалту нічога добрага не будзе.

—Пётр Кузьміч, Вашы пажаданні студэнтам нашай Семінарыі і студэнтам наогул.

—Я жадаю студэнтам, па-першае, каб яны верна служылі Праваслаўнай Царкве і беларускаму народу, каб мацавалі еднасць беларускага, рускага і ўкраінскага народаў. Я абсалютна перакананы, што толькі ў адзінстве праваслаўных народаў мы можам атрымаць перамогу над шалёным націскам з Усходу і Захаду, захаваць тое, што далі нам бацькі і дзяды. Па-другое, я мару і жадаю, каб здзейснілася мая даўняя мара і надзея, і Тураўскае Евангелле і Жыровіцкае Евангелле вярнуліся на Беларусь. Калі Бог дасць мне такую магчымасць, я паспрабую ажыццявіць гэтую справу. Для мяне гэта не проста намер, а духоўны абет. Я лічу, што нашыя святыні павінны быць там, дзе яны былі створаны і знаходзіліся. Я мару і хачу, каб, у сувязі з 550-годдзем з’яўлення Жыровіцкай цудатворнай іконы, сядзіба Солтана была адноўлена дзяржавай і зіхацела так, як падабае гэта сапраўднаму гістарычнаму будынку. Я мару пра тое, каб былі знойдзены некаторыя дакументы і мы больш дакладна даведаліся, як узнік і развіваўся Жыровіцкі манастыр. Я хацеў бы, каб гэтыя ідэі былі вядомы студэнтам, каб студэнты далучыліся да іх і словам, і справай. Мы павінны агульнымі намаганнямі рыхтаваць вырашэнне падобных пытанняў.

 П. К. Краўчанка
адказваў на пытаннi супрацоўнiкаў часопiсу «Ступенi»

Рекомендуем

Вышел первый номер научного журнала "Белорусский церковно-исторический вестник"

Издание ориентировано на публикацию научных исследований в области церковной истории. Авторами статей являются преимущественно участники Чтений памяти митрополита Иосифа (Семашко), ежегодно организуемых Минской духовной семинарией.

Принимаются статьи в третий номер научного журнала "Труды Минской духовной семинарии"

Целью издания журнала «Труды Минской духовной семинарии» является презентация и апробация результатов научной работы преподавателей и студентов Минской духовной семинарии.