Культура кахання

1Каханне лічыцца сакральным як у язычніцкай культуры, так і ў хрысціянстве. Аднак успрыманне, а тым больш тлумачэнне яго як з’явы ў гэтых двух кантэкстах не аднолькавае. І справа не ва ўзнёсласці пачуцця і ў не ў яго эмацыянальнасці. Разуменне кахання мянялася разам з развіццём чалавецтва пад ўплывам узнікнення новых грамадскіх фармацый.

Само пачуцце заўжды было аднолькава эмацыйным. Першабытны чалавек з паселішча Юравічы кахаў не меньш жарсна за сучаснага парыжанца. Толькі, вядома ж, з-за цяжкіх матэрыяльных умоў першабытнага лада яму і ў галаву не прыходзіла пісаць вершы пра каханне і спяваць начныя серэнады. Але ў эпоху Антычнасці пра каханне пачынаюць гаварыць як ніколі ўзнёсла, паэтычна. На словы «любоў» і «каханне» ў старажытнагрэцкай мове існуе чатыры адпаведнікі: «філеа», «сторге», «эрас» і «агапэ». Грэкі аказаліся больш жарснымі за варвараў. Проста, дзякуючы сваёй высокаразвітай культуры, навукам і паэзіі, у іх ставала часу на прыгожыя разважанні пра каханне.

Тады маладыя асобы супрацьлеглага полу не мелі выбару. У пары іх зводзіла маці роду. Аднак парнай сям’і яшчэ не існавала. І само каханне (палавыя зносіны) мела чыста функцыянальны характар — працяг роду.

Далей узнікла забарона на ўнутрыплемянныя сувязі. Пры ўзнікненні міжплемянных ваенных канфліктаў дзяўчына зрабілася аб’ектам вайсковай здабычы альбо крадзяжу. Водгукі гэтых звычаяў захаваліся ў абрадах сучаснага вяселля (крадзёж нявесты).

З ўзнікненнем дзяржаўных утварэнняў і развіццём таварна-грашовай сістэмы нявест пачалі купляць. У беларускай народнай (язычніцкай) традыцыі дзяўчына зрабілася прадметам гандлю паміж сваімі бацькамі і сватамі.

Можна выдзеліць мадэлі любоўных адносін і здабыцця нявесты ў язычніцкай культуры. Маладых людзей у пары спачатку зводзіла маці роду шляхам загаду;пазней нявесту можна было купіць, скрасці ці заваяваць. Ва ўсіх гэтых выпадках праглядаецца агульная асаблівасць: нявеста прыроўніваецца да маёмасці. Яна не мае асабістай волі. Ёй распараджаюцца іншыя людзі.

З цягам часу з-за эканамічнага і культурнага развіцця грамадства маладыя людзі, у тым ліку і дзяўчаты, атрымалі свабоду выбару. Прычынай іх адносінаў ужо не была неабходнасць працягваць род. Яны атрымалі права выбару. Старыя мадэлі адносінаў перасталі быць неабходнымі, адзіна магчымымі. Але яны не зніклі. У выніку таго, што цяпер дзяўчына магла сама распараджацца сваёй воляй, магла выбіраць, жаніху заставалася толькі зноў красці, заваёўваць ці купляць, але цяпер ужо яе волю, а не волю яе гаспадара. Гэтая мадэль інтымных адносінаў захавалася і да нашых часоў.

У гісторыі быў яшчэ адзін этап развіцця культуры кахання — хрысціянізацыя гэтага пачуцця. Толькі ў хрысціянскай Еўропе каханне набывае рамантычныя рысы. З’яўляецца паняцце пра самааданасць у каханні. Гэта было звязана з ушанаваннем Дзевы Багародзіцы, якое ў сярэднявечнай Еўропе пераўвасобілася ў рыцарскі звычай абрання сваёй дамы сэрца, бойкі ў яе славу, за яе пацалунак. Вельмі важна тое, што сапраўдны рыцар — хрысціянін усёж-такі не заваёўваў сэрца каханай. Усе свае вайсковыя подзвігі ён здзяйсняў не ў сваю славу, каб потым купіць увагу дамы, а ў яе славу і ў славу Хрыста. Прамую сувязь з хрысціянскімі цнотамі, а менавіта з самаахвярнасцю, мае гісторыя кахання рыцара Генрыха і дзяўчыны — сялянкі, што захацела аддаць сваё жыццё дзеля выратавання рыцара (вершаваная аповесць XII ст. Гартмана фон дэр Аўэ «Бедны Генрых»). Хрысціянскае вучэнне аб аскетызме і дабрадзействе праглядаецца і ў рамане XII ст. «Івэйн, альбо Рыцар са львом» Крэцьена дэ Труа, дзе рыцар, згубіўшы каханне дзяўчыны, становіцца пустэльнікам і, набываючы хрысціянскія цноты, пачынае здяйсняць подзвігі не дзеля асабістай славы, а ў імя шчасця людзей.

Менавіта пасля Хрыста «ключ да сэрца» любога чалавека робіцца галоўнай каштоўнасцю ў інтымных пачуццях. Людзі даведаліся: «таго, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае»(Мк.10:9). Паводле хрысціянскага разумення, Бог яднае людзей, дорыць ім каханне. Хрысціянства скасоўвае маёмасныя, уласніцкія адносіны паміж мужам і жонкай. Ужо не ідзе гаворка пра належнасць жонкі мужу ці наадварот. Няма размовы і пра падпарадкаванне чужой свабоды, бо сам Бог надзяліў чалавека свабодай і не адбірае яе ні ў кога. Трэба заўважыць, што ў Бібліі, асабліва ў Новым Запавеце, адносіны Хрыста і Царквы, якую Ён заснаваў, вельмі часта параўноўваюцца з адносінамі жаніха і нявесты. Момант пасля канца свету, калі ўсталюеццаЦарства Божае, параўноўваецца з вяселлем.

Сутнаснае адрозненне хрысціянскай культуры кахання не ў адсутнасці эмацыйнасц пачуцця. Аб узнёсласці кахання ў хрысціянскім разуменні сведчыць рыцарская літаратура Сярэднявечча. Галоўнае ў тым, што Хрыстос, «адпусціўшы ўсіх змучаных на волю»(Лк.4:18), прынёс і ў адносіны паміж супрацьлеглымі паламі значныя змены, звязаныя з павелічэннем даверу і свабоды ў адносінах, а значыць — адказнасці. Прычым гэта адказнасць параўноўваецца з адказнасцю за сваё цела, бо , паводле вучэння Хрыста, муж і жонка робяцца адным целам, адной плоццю. Апостал Павел кажа пра самаахвярнасць мужа, нават да смерці, ў дачыненні да сваёй жонкі: «Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстос узлюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе» (Еф. 5:25).

Гэта «free love» — закаханыя людзі не належаць адзін аднаму. Кожны па сваёй волі аддае сваю свабоду іншаму чалавеку. Але яна не знікае і не ператвараецца ў рабства. Свабода ператвараецца ў адказнасць.

Прааналізаваўшы этымалогію слова «любоў», даследчыкі Варонежскага дзяржаўнага універсітэта сцвярджаюць: «Дзеяслоў “любіць” па сваім паходжанні каузатыўны, г.зн., які азначае “выклікаць у кім-сьці альбо з дапамогай чаго-сьці адпаведнае дзеянне, прымушаць каго-сьці альбо што-сьці рабіць гэта”. Па сваёй форме старажытнаславянскае “любити” дакладна адпавядае старажытнаіндыйскаму “lobhauati” — “узбуджаць жаданне, прымушаць любіць, улюбляць”». Але пазней «каузатыўны дзеяслоў “любіць”, пакінуўшы сваё зыходнае месца і значэнне — “выклікаць любоў, улюбляць”, заняў месца дзеяслова “лъбнуть”, і ў спалучэнні з прыстаўкай “па-” прыняў яго значэнне — “упасці ў стан любові, палюбіць». Напэўна, сэнсавая змена слова адбылася пад уплывам хрысціянства, калі каханне пачало ўспрымацца як дар ад Бога, як стасункі, пазбаўленыя прымусу, хітрасці, жадання выклікаць любоў іншага чалавека любымі сродкамі. Але гэтая лінгвістычная гіпотэза патрабуе далейшай праверкі.

Хрысціянства скасоўвае маёмасныя, уласніцкія адносіны паміж мужам і жонкай. У наш час аднаўляюцца старыя мадэлі паводзінаў. Сёння можна падпарадкавацца волі бацькоў, прыняць іх меркаванне пры адсутнасці ўласнага. Можна пачаць заваёўваць адказнае пачуццё любага чалавека сваёй моцай, падпарадкоўваючы яго сваёй волі. Можна заняцца крадзяжом яго пачуццяў цераз схаваныя маніпулятыўныя сродкі зносінаў і шматлікія псіхалагічныя методыкі. Можна паспрабаваць купіць яго сэрца за грошы альбо шляхам дэманстрацыі сваіх здольнасцяў і г.д. Усё гэта ўжо вядома чалавеку з даўніх часоў. Таму менавіта сёння такім актуальным з’яўляецца вобраз рыцара, гатовага аддаць жыццё дзеля дамы сэрца. Гэты вобраз нікога не пакідае абыякавым.

На гэтую праблему варта зірнуць і з іншага пункту гледжання. Стасункі закаханых у Бібліі з’яўляюцца вобразам стасункаў чалавека з Богам. Па словах святога Яна Лествічніка, шчаслівы той чалавек, які ставіцца да Бога так, як закаханы ставіцца да сваёй любай. Стасункі да Бога павінны грунтавацца на поўным даверы і пастаянным жаданні быць з Богам, шукаць сустрэчы з ім, пераадольваючы ўсе перашкоды на сваім шляху. Закаханаму ўласціва дагаджаць аб’екту свайго кахання, старацца спадабацца яму, але сапраўднаму каханню не ўласціва рабскае пакланенне — гэта зносіны свабодных людзей. У пратэстанстве перыяд, калі Хрыстос адкрыў яму Сябе, называецца «першым каханнем». У праваслаўнай тэрміналогіі гэта перыяд «Божай ласкі», калі Бог дае чалавеку адчуць радасць сустрэчы з Ім.

Вернік прагне быць з Богам, хутчэй прыйсці ў Ягонае Царства. Але яму трэба пераадолець шмат перашкодаў на гэтай дарозе «хто вытрымае да канца, той збаўлены будзе» (Мф. 10:22;Мф. 24:13;Мк. 13:13).

Каханне як самае пяшчотнае пачуццё з’яўляецца найбольш выразным і яскравым вобразам любові Божай да чалавека. Па словах К.С. Льюіса, «любоў не палічыць сябе богам, пакуль на Бога не падобна». Толькі тое, што сапраўды прыгожа, высока на гэтай зямлі, можна пераблытаць з абсалютнай прыгажосцю і вышынёй, якая ёсць толькі на Небе.

 Раман Абрамчук, 
студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Рекомендуем

Вышел первый номер научного журнала "Белорусский церковно-исторический вестник"

Издание ориентировано на публикацию научных исследований в области церковной истории. Авторами статей являются преимущественно участники Чтений памяти митрополита Иосифа (Семашко), ежегодно организуемых Минской духовной семинарией.

Принимаются статьи в третий номер научного журнала "Труды Минской духовной семинарии"

Целью издания журнала «Труды Минской духовной семинарии» является презентация и апробация результатов научной работы преподавателей и студентов Минской духовной семинарии.