І слодыч сьлёзаў і любоў…

1

Нарэшце і да нашай рэдакцыі дайшлі творы вядомага беларускага паэта інака Мікалая. Колькі год мы жывем побач і таму, канешне, неяк дзіўнавата выглядае тое, што толькі зараз мы прапаноўваем нізку вершаў айца Мікалая. Таму – «Госпадзі, благаславі!» – як любіць часта паўтараць сам айцец Мікалай…

  ПРАРОК 

ад той пары, як я набыў–
вышэйшай Воляй–дар прарочы,
старонкі злосьці і жуды
адкрылі мне людзкія вочы…

я нёс усім сваю любоў
і праўды чыстыя вучэньні…–
ў мяне й бліжэйшыя з братоў
шалёна кідалі каменьні…

пасыпаў попелам чало,
пайшоў ад іх зь кійком жабрачым…
і вось–пустэльнае жытло…
жыву, як птушка,–Божым харчам…

мне ціха ў вочы зазірне,
з даверам, кожная істотка…
і зоркі слухаюць мяне,
мігцяць лагодна і дрыготка…

калі-ж, праз тлумы й кірмашы,
бывае, соваюся ў сьпешцы,
гавораць дзецям, ад душы,
старыя–ў ветлівай усьмешцы:

«…глядзіце, прыклад для ўсіх вас:
ён ганарлівы, н а м варожы…
дурны, хацеў упэўніць нас,
што ў ім гаворыць голас Божы…

не адступае ад свайго,
жыве пануры і балесны…
і кожны з нас–разумны й чэсны —
з пагардай плюне на яго!..»

+ + +

ты сатварыла ўзрушэньне…
і–рэхам роўніца трава…
як лёгкакрылае імгненьне…
як геній цноты й хараства…

спалілі леты асалоду…
і срэбны бляск пасыпаў скронь…
і я забыў тваю пяшчоту…
твой даўкі травеньскі агонь…

у шале змрочнага натхненьня
сьпякоту зьменьвалі сьнягі…–
бяз полымя… бяз узрушэньня…
без хваляваньня і тугі…

але…– ажылі летуценьні…
ізноў–у яве–ўстала ты…–
як нечаканае натхненьне…
як хваля йскрыстай пекнаты…

ў душы зайграла абуджэньне…
і ўва мне рунеюць зноў
і адкрыцьцё… і ўзрушэньне…
і слодыч сьлёзаў… і любоў.

  SILENCIUM 

маўчы, прытонван і хавай
пачуцьці, мроі ў небакрай…
хай у духоўнай глыбіні
ўзыдуць і адыдуць яны
нямымі зоркамі ўначы…
чаруйся імі–і маўчы…

ёсьць запаветны неспакой…
то–цэлы сьвет душы тваёй…
чароўны патаемны сум…
яго глыне натоўпу шум…
сугуччы зорныя сачы…
жывіся імі–і маўчы…

як сэрцу выказаць сябе?..
як і н ш а м у
пачуць ц я б е ?..
маўчы, бязмоўная струна,
бо думка ў словах–ёсьць мана…
ня дай малітвам уцячы…
зьбірай іх сьпевы–і маўчы..

+ + +

не, м у д р а ц ы ,
ня вір прырода,
дзе я глынаю вашу млосьць…
у ёй–душа… у ёй–свабода…
і мова… і каханьне ёсьць…

лісток… ці кветачку на дрэве…–
садоўнік начапіў на кій?..
ці сьпее Сын у Чыстай Дзеве
гульнёй адчужаных стыхій?..

вятрыскі зь імі не кружылі…
вясна ў іх сэрцы не цьвіла…
пры іх–лясы не гаманілі…
і ноч бязмоўная была…
і мовамі па-за зямнымі–
ў сугуччы зор і бліскавіц–
ня раіўся ніколі зь імі
сусьвет–праз подых навальніц…
ня тое тут, што невядомы
аргану сьпеў–глуханямым…
дабраахвотны і сьвядомы
ў іх абрач ля галавы…

+ + +

ябры, прысягайце змагацца
сумленна…
хоць бой і няроўны,
хоць біцца дарэмна…
над вамі сузор’і маўчаць ў вышыні…
пад вамі–магілы… маўчаць і яны…
ў Алімпе няхай раскашуюцца богі…
іх вечнасьць–
чужая для працы й трывогі…
трывога і праца–сьмяротных закон…
няма перамогі… для іх–толькі скон…
праз церні і глум пранясіце
сьвятыні…
адолейце скруху і ганьбы слупы…
над вамі–бязмоўныя зорныя плыні…
пад вамі–нямыя, глухія скляпы…
з аблок алімпійцы
хай вокам зайздросным
глядзяць, як канае нязломны баец…
хто сэрцу ня здрадзіў–
раздушаны лёсам,–
той вырваў зь іх рук
пераможны вянец…

+ + +

калі надыдзе
Сконны час прыроды,
часьцінак лад
разбурыцца зямных…
усё існае ізноў
пакрыюць воды,
і Боскі Твар
адлюстрыцца ў іх…

+ + +

самотны ветразь–небакраям,–
як белы парастак, спачыў…
што ў далячынях ён шукае?..
ў старонцы роднай што згубіў?..

віруюць хвалі, вые вецер,
сьлямга і стогне, і рыпіць…
ня шчасьце сочыць ён па сьвеце..
і не ад шчасьця ён імчыць…

каля яго блакіт іскрыцца…
і сонца лашчыцца касой…
а ён–гукае навальніцу!..–
бы’ ў ёй хаваецца спакой…

 Iнак Мiкалай (Бембель), 
насельнiк Свята-Успенскага Жыровiцкага манастыра

Рекомендуем

Вышел первый номер научного журнала "Белорусский церковно-исторический вестник"

Издание ориентировано на публикацию научных исследований в области церковной истории. Авторами статей являются преимущественно участники Чтений памяти митрополита Иосифа (Семашко), ежегодно организуемых Минской духовной семинарией.

Принимаются статьи в третий номер научного журнала "Труды Минской духовной семинарии"

Целью издания журнала «Труды Минской духовной семинарии» является презентация и апробация результатов научной работы преподавателей и студентов Минской духовной семинарии.