Каб служыць Богу словам

На 30-гадовым абшары служэння нашага Архіпастыра ім быў запачаткаваны цэлы шэраг асветніцкіх ініцыятыў, якія цяпер, узрастаючы і развіваючыся, даюць добры плён. Адным з такіх пачынанняў стала стварэнне ў 1989 годзе Біблейскай Камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы па перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову.

Якіх намаганняў і высілкаў патрабавала тады арганізацыя дзейнасці Камісіі, можна меркаваць нават па складу яе ўдзельнікаў. Вось перад намі спіс Камісіі, якая налічвала 20 чалавек. Адзін з першых у спісе протапрасвітар Віталій Баравой. Цяпер ужо—светлай памяці айцец Віталій, які спачыў у Бозе святым Благавешчанскім ранкам 2008-га… Наш славуты зямляк, адзін з самых вядомых сучасных багасловаў, айцец Віталій, служачы настаяцелем Елохаўскага Патрыяршага сабора Масквы, ніколі не парываў сувязяў з Беларуссю, заўсёды актыўна цікавіўся царкоўным і грамадскім жыццём Радзімы, шчыра любіў родную мову і свой народ. Навуковым кансультам Камісіі быў прафесар Канстанцін Лагачоў з Пецярбурга, вядомы спецыяліст па перакладах Свяшчэннага Пісання. Цяперашні Архіепіскап Пінскі Сцяфан (а тады—Рэктар Мінскай Духоўнай Семінарыі) прыязджаў на пасяджэнні Камісіі з Жыровічаў, протаіерэй Сергій Гардун—са Слоніма і г. д. У склад Камісіі ўваходзілі беларускія навукоўцы, літаратары і перакладчыкі: Васіль Сёмуха, Адам Мальдзіс, Уладзімір Конан, Алесь Яскевіч, Сяргей Шупа. Сярод спачылах удзельнікаў Камісіі згадаем гісторыка Міхаіла Дубянецкага, бібліёграфа Валянціну Дышыневіч, агіёграфа Аляксея Мельнікава. Вечная ім памяць!..

Вось такія таленавітыя і славутыя асобы стаялі каля вытокаў саборнага царкоўнага перакладу Свяшчэннага Пісання на беларускую мову. Імі былі распрацаваны і асноўныя прынцыпы перакладу, якімі Камісія кіруецца дагэтуль. Сабраў жа і з’яднаў іх для выканання гэтай пачэснай справы Мітрапаліт Філарэт, заўсёды глыбока, сапраўды па-свяціцельску ўсведамляючы, што беларускае слова павінна стаць словам Пісання, павінна ўзняцца на служэнне Слову. Бо слова—гэта дар Божы народу гэтай зямлі, а дар павінен служыць славе Божай.

Думаецца, што менавіта гэтая высокая мэта дапамагала нашаму Уладыку на працягу ўсіх мінулых гадоў трываць і нападкі, і папрокі, і абвінавачанні, якія сыпаліся з усіх бакоў і нязмоўкла паўтаралі: беларуская мова ў Царкве—гэта раскол, гэта ерась, гэта “чарговае дакрананне да ран Хрыстовых”.

Тым часам, пасаджанае клапатлівай рукой сейбіта, слова беларускае памалу ўзрастала “у дварах дому Бога нашага”. Узрастала, каб прынесці плод малітоўны.

Пасля выдання ў 1991 годзе першага з чатырох Евангелляў—Евангелля паводле Матфея у перакладзе Біблейскай Камісіі—далейшая праца над перакладам на пэўны час прыпынілася. Прычын для гэтага было даволі шмат. Некаторыя члены Камісіі больш не мелі магчымасці браць удзел у працяглых, напружаных і складаных пасяджэннях. А з іншага боку, гэта якраз быў перыяд абуджэння актыўнасці самых разнастайных накірункаў царкоўнага жыцця, якія настойліва патрабавалі ўвагі і ўдзелу Мітрапаліта. Таму ён не мог па-ранейшаму займацца арганізацыяй работы Камісіі. Тым не менш, шчодрая царкоўная глеба ўжо давала парасткі з пасеянага на ёй.

На пачатку 1992 года стварылася Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў пры Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Мінска. Брацтва аб’яднала беларускую інтэлігенцыю, якая шукала і прагла беларускага царкоўнага слова. Ва ўстаноўчым сходзе Брацтва ўдзельнічаў Мітрапаліт. Можа і для яго тады было нечаканым і нязвыклым пачуць трапар Пасхі на беларускай мове, але Уладыка паверыў шчырасці братчыкаў, і мы дагэтуль глыбока ўдзячны яму за гэты давер і заўсёдную падтрымку брацкіх ініцыятыў.

У тым самым 1992 годзе адбыліся святкаванні ў гонар 1000-годдзя хрысціянства ў Беларусі. На ўрачыстасці Мітрапалітам былі запрошаны прадстаўнікі беларускіх праваслаўных прыходаў з усяго свету: з Англіі, Амерыкі, Канады, Аўстраліі, а таксама з блізкага замежжа. Сустрэчы пад час святкаванняў засведчылі, што беларушчына ў Царкве—гэта надзённая патрэба духоўнага жыцця народа. Тады ж узнікла ідэя часопіса “Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце” (цяперашняя назва—“Праваслаўе”) як супольнага выдання праваслаўных беларусаў свету, і ўжо ў 1993 годзе быў выдадзены першы нумар часопіса. Услед за ім—ўпершыню падрыхтаваны і выдадзены “Беларускі Праваслаўны Каляндар на 1994 год”. Гэтыя і іншыя выданні Брацтва стварылі аснову для распрацоўкі рэлігійнай беларускай лексікі.

Увосень 1995 года Уладыка правёў пашыранае пасяджэнне Біблейскай Камісіі, дзе было вырашана абавязкі па арганізацыі яе работы ўскласці на Брацтва. Старшынёй Камісіі па-ранейшаму застаўся Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. Намеснікам старшыні быў прызначаны протаіерэй Георгій Латушка, які ўзяў на сябе клопат забяспечыць Камісію памяшканнем для штотыднёвых пасяджэнняў і ветліва дазволіў карыстацца багатай прыходскай бібліятэкай Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. Сакратаром Камісіі з’яўляецца прафесар Іван Чарота, адказным рэдактарам перакладу—протаіерэй Сергій Гардун. У склад Камісіі ўваходзяць дацэнт педагагічнага універсітэта Уладзімір Васілевіч, клірык Барысаўскага Свята-Уваскрасенскага сабора іерэй Аляксандр Пачопка, выкладчык Мінскай Духоўнай Семінарыі Алесь Кароль, супрацоўніца выдавецкага аддзела Брацтва Таццяна Матрунчык. У такім складзе Камісія працягвае сваю дзейнасць з 1995 года, штотыдзень праводзячы пасяджэнні ў прыходскім доме Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. На працягу гэтых гадоў былі перакладзены і выдадзены: Святое Евангелле паводле Марка (1999 г.); Святое Евангелле паводле Лукі (2002 г.); Святое Евангелле паводле Іаана (2005 г.).

Апошнім стала сёлетняе выданне богаслужэбнага Свяшчэннага Евангелля на беларускай мове. Асаблівасць гэтага выдання ў тым, што тэкст усіх чатырох Евангелляў падзелены на зачалы ў адпаведнасці з літургічнай традыцыяй Царквы. Прычым, у адрозненне ад вышэйназваных перакладаў Біблейскай Камісіі, у гэтым выданні праведзена рэдакцыя перакладаў, асабліва значная рэдакцыя перакладу Евангелля паводле Матфея.

Цікавымі для чытачоў стануць і прадмовы да кожнага з чатырох Дабравесцяў. Паколькі гэтыя прадмовы прынята друкаваць ў богаслужэбных выданнях толькі на царкоўнаславянскай мове, то дагэтуль яны не былі даступнымі шырокаму колу чытачоў. Змест жа прадмоў вельмі глыбокі і павучальны. І калі прадмовы да трох апошніх Евангелляў ужо друкаваліся раней у выданнях перакладаў Біблейскай Камісіі, то пераклад прадмовы да Евангелля паводле Матфея друкуецца ўпершыню.

У цэлым, выданне “Свяшчэннага Евангелля” стала яшчэ адной важнай падзеяй юбілейнага года памяці дабравернага князя Канстанціна (Васілія) Астрожскага, які праславіўся перш за ўсё як асветнік і абаронца Праваслаўя на землях Вялікага княства Літоўскага. Сведчаннем глыбокай пашаны і ўдзячнасці нашаму славутаму суайчынніку стала прысвячэнне, змешчанае на тытуле новага выдання: “На славу Святой, Адзінасутнай, Жыватворчай і Нераздзельнай Троіцы, Айца, і Сына, і Святога Духа, і ў гонар 400-годдзя памяці дабравернага князя Канстанціна (Васілія) Астрожскага—слыннага выдаўца Астрожскай Бібліі, надрукавана кніга гэтая Свяшчэннае Евангелле”.

У пачатку 2008 года Камісіяй быў завершаны пераклад Дзеянняў Святых Апосталаў, які плануецца выдаць у наступным годзе як кнігу 5-ю серыі “Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста” з паралельнымі тэкстамі на грэчаскай, царкоўнаславянскай і рускай мовах. Цяпер Камісія перакладае Саборныя Пасланні Святых Апосталаў.

Адначасова з перакладам Свяшчэннага Пісання, на працягу ўсіх гэтых гадоў вяліся пераклады богаслужэбных тэкстаў на беларускую мову. Яшчэ ў 1993 годзе па просьбе Брацтва пісьменнік Анатоль Клышка пераклаў акафіст святым Віленскім мучанікам Антонію, Іаану і Яўстафію. Дарэчы, Малебен за беларускі народ з гэтым акафістам і дагэтуль кожную сераду служаць у Петра-Паўлаўскім саборы перад іконай Віленскіх мучанікаў. Крыху пазней Анатоль Клышка зрабіў пераклад акафіста іконе Божае Маці “Усіх гаротных Радасць” (гл. Часопіс “Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце”, №1, 1993). З Анатолем Клышкам Брацтва актыўна супрацоўнічала ў тыя гады. Ён дапамагаў рэдагаваць першыя нумары часопіса “Праваслаўе”, рабіў заўвагі да “Беларускага Праваслаўнага Календара”, удзельнічаў у абмеркаванні прынцыпаў рэлігійных і літургічных перакладаў. Нагадаем, што А. Клышка зрабіў свой аўтарскі пераклад чатырох Евангелляў. Гэты пераклад быў надрукаваны ў часопісе “Спадчына”. Ведаем, што Анатоль Канстанцінавіч і далей працуе над перакладам Новага Запавету і жадаем дапамогі Божай у гэтай пачэснай справе.

Але вернемся да богаслужэбных перакладаў. Іх з’яўленне было прадыктавана патрэбаю часу. У пачатку і сярэдзіне 1990-х гадоў у Царкву пачалі звяртацца людзі з просьбамі павянчаць альбо пахрысціць на беларускай мове. Брацкі хор часта запрашалі да ўдзелу ў грамадска-культурных мерапрыемствах з просьбай праспяваць некалькі песнапенняў ці малебен па-беларуску перад пачаткам мерапрыемства. Гэта была новая для Царквы практыка. Але Уладыка Філарэт даў благаславенне: калі ў Царкву звяртаюцца людзі з просьбай адслужыць трэбу на беларускай мове, то такая просьба павінна быць задаволена.

Падтрыхтоўкай тэкстаў трэбных богаслужэнняў занялося Брацтва. Паследаванне Заручын і Вянчання папрасілі перакласці Анатоля Клышку. Чын Хрышчэння пераклалі Уладзімір Васілевіч і Анатоль Астапенка. У аснову малебна і паніхіды былі пакладзены значна адрэдагаваныя тэксты, выдадзеныя раней у беларускай дыяспары ў Канадзе. Безумоўна, тыя першыя пераклады былі недасканалымі, патрабавалі грунтоўнай рэдакцыі (як моўнай, так і багаслоўскай). Таму, пачынаючы з 1996 года, протаіерэй Сергій Гардун актыўна і паслядоўна заняўся перакладам на беларускую мову богаслужэбных і літургічных тэкстаў. Iм перакладзены і затым надрукаваны ў брацкіх выданнях: Малітвы перад Споведдзю (1996 г.); Бажэственная літургія свяцiцеля Іаана Залатавуста (выд. 1998 г.; рэд. 2007 г.); Вялікая вячэрня (2001 г.); Малітвы ранішнія (2002 г.); Малітвы вячэрнія (2003 г.); Паследаванне да Святога Прычашчэння (2004 г.); Малітвы падзякі пасля Прычашчэння (2004 г.); Паследаванне Заручын і Вянчання (2007 г.).

Частка вышэйназваных тэкстаў склала “Праваслаўны малітваслоў”, які быў выдадзены Брацтвам у 2004 годзе.

Пасля завяршэння айцом Сергіем перакладу Бажэственнай літургіі свяціцеля Іаана Залатавуста, Брацтва звярнулася напярэдадні прастольнага свята—дня памяці мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія з прашэннем да Уладыкі благаславіць некаторыя песнапенні ў час літургіі праспяваць па-беларуску. Мітрапаліт вызначыў гэтыя песнапенні, і яны прагучалі ў выкананні брацкага хору ў час святочнай літургіі, якую ўзначальваў сам Уладыка Філарэт 27 красавіка 1998 года ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Мінска.

Праз нейкі час пасля гэтага настаяцель сабора айцец Георгій Латушка абвясціў брацкаму хору: з пачатку 1999 года па благаславенню Мітрапаліта будзем служыць літургію па-беларуску рэгулярна ў першую суботу кожнага месяца. Да першай літургіі, якая цалкам павінна была прагучаць па-беларуску, рыхтаваліся старанна і з хваляваннем: ці атрымаецца? Хваляваліся і пеўчыя, і свяшчэннаслужыцелі. Хваляваліся і тыя, хто быў супраць літургіі па-беларуску: некаторыя адмаўляліся служыць, некаторыя адмаўляліся чытаць і спяваць…

Але прызначаны дзень настаў. Гэта было 2 студзеня 1999 года, прадсвята Ражджаства Хрыстовага і дзень памяці праведнага Іаана Кранштацкага і свяшчэннамучаніка Ігнація Баганосца. Служылі протаіерэй Георгій Латушка і дыякан Максім Логвінаў. Для айца Георгія беларуская мова—родная, ён свабодна ёю валодае, але ж дыякан Максім—родам з Расіі і толькі за год да гэтага пераехаў жыць у Беларусь,—вось хто явіў цудоўнае валоданне беларускай мовай: за ўсю службу ніводнай памылкі вымаўлення, быццам ён усё жыццё гаварыў па-беларуску! І калі айцец Максім прамовіў свой першы выгалас: “У міры Госпаду памолімся”,— сапраўды стала мірна на душы, хваляванне знікла, як быццам і мы ўсё жыццё спявалі літургію па-беларуску. Так “адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам” славілі Госпада ўпершыню словамі роднай мовы… Калі цяпер думаеш пра гэта, то душа напаўняецца ціхай радасцю і спадзяваннем, што спаглянуў Гасподзь і на яе—нашу родную, намі самімі занядбаную, прыгнечаную, адкінутую… Спаглянуў з любоўю, узняў з долу і ўдзьмухнуў жыццёвыя сілы: вось так, з малітвай, можа і акрыяе яна…

Пасля першай беларускай літургіі некаторыя з тых, хто адмовіўся ўдзельнічаць у ёй, падыходзілі і казалі: “Прабачце, мы памыляліся”. Але было нямала і такіх людзей, якія перасталі хадзіць у Петра-Паўлаўскі сабор з-за таго, што тут служаць літургію па-беларуску. Тым не менш, традыцыя гэтая ў саборы ўкаранілася, а з 2002 года беларускую літургію сталі служыць кожную суботу. Большасць святароў сабора не толькі служыць, але і цудоўна прапаведуе па-беларуску.

У 2007 годзе быў запісаны аудыёдыск “Пачуй, Божа, малітву маю!” з богаслужэннямі на беларускай мове. Акрамя літургіі на дыску змешчаны малебен і паніхіда з удзелам маладзёжнага хора Свята-Петра-Паўлаўскага сабора, а таксама малітвы ранішнія і вячэрнія, якія чытае протаіерэй Сергій Гардун. Ва ўступным слове (таксама змешчаным на дыску) айцец Сергій разважае на тэму традыцыі перакладаў богаслужэбных тэкстаў і прасочвае пачатак гэтай традыцыі яшчэ ад пачатку ХХ стагоддзя, калі свяціцель Ціхан, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі даў благаславенне пры неабходнасці і па жаданню паствы адпраўляць богаслужэнні на сучасных мовах: украінскай, беларускай, літоўскай і г. д.

Такім чынам, дзейнасць па перакладу на беларускую мову Свяшчэннага Пісання і богаслужэбных тэкстаў—гэта адзін з напрамкаў агульнацаркоўнага жыцця, скіраваны на пашырэнне духоўнай асветы, на ўкараненне хрысціянскіх каштоўнасцей у адукацыі і культуры, на ўмацаванне духоўнай традыцыі беларускага народа.

 Таццяна Матрунчык, 
супрацоўніца выдавецкага аддзела 
Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў

Рекомендуем

Вышел первый номер научного журнала "Белорусский церковно-исторический вестник"

Издание ориентировано на публикацию научных исследований в области церковной истории. Авторами статей являются преимущественно участники Чтений памяти митрополита Иосифа (Семашко), ежегодно организуемых Минской духовной семинарией.

Принимаются статьи в третий номер научного журнала "Труды Минской духовной семинарии"

Целью издания журнала «Труды Минской духовной семинарии» является презентация и апробация результатов научной работы преподавателей и студентов Минской духовной семинарии.