Захаваць i выхаваць веру

1Прапаноўваючы ўвазе чытача працяг размовы з дацэнтам Мніскіх Духоўных школ і Інстытута тэалогіі айцом Сегріем Гардуном мы адначасова выкарыстоўваем магчымасць сардэчна павіншаваць айца Сергiя з пяцiдзесяцігадовым юбілеем. Няхай Усяміласцівы Бог даруе яму сіл служыць Царкве і захаваць усе лепшыя якасці свайго характара на многія гады.

У нашай мінулай гутарцы, якая была надрукавана у папярэднім нумары, мы спыніліся на маёй вучобе ў Інстытуце замежных моў. Я расказваў, як мяне спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва з КДБ і як, нягледзячы на маю адмову, мяне ўсё-такі не выключылі. Я і тады ўспрыняў гэта як вялікую міласць Божую да мяне, і цяпер не перастаю дзякаваць за гэта Бога. Я нармальна вучыўся далей, здаючы сесію за сесіяй, рэгулярна наведваў храм у суботу і нядзелю, слухаў рэлігійныя перадачы па заходніх радыёстанцыях і праводзіў філасофскія дыспуты ў сваім інтэрнацкім пакоі.

Часам нехта з выкладчыкаў мог падыйсці да мяне і запытаць, як правільна хрысціцца, або калі будзе Пасха ў наступным годзе. З гэтага я рабіў вывад, што яны нешта ведаюць пра “маё хрысціянства”, але падрабязных размоў на гэтую тэму ў мяне з выкладчыкамі ніколі не было. З боку некаторых выкладчыкаў я пастаянна адчуваў павагу дя сябе, а вось варожасці не было ніколі.

Асабліва прыхільна да мяне ставілася выкладчыца лацінскай мовы Казачонак Таміла Рыгораўна; яна называла мяне лепшым з лепшых, не раз запрашала да сябе дадому, пазнаёміла з мужам, з дзецьмі, але якраз з ёю ў мяне ніколі не заходзіла гутарка пра рэлігію. Як потым аказалася, яна нават не здагадвалася тады, што я—веруючы; проста лічыла мяне найлепшым студэнтам, дарыла мне свае кнігі з пісьмовымі пажаданнямі поспехаў у жыцці, падтрымлівала ва ўсім, уладкавала мяне на 5-м курсе на працу лабарантам на кафедры, гатова была дапамагчы мне нават ў маім асабістым жыцці (сватала мне адну дзяўчыну), але я тады яшчэ не збіраўся жаніцца.

Прайшло ўжо больш за 30 гадоў, як мы пазнаёміліся з Тамілай Рагораўнай, але ў нас і цяпер вельмі добрыя адносіны. Мы часам сустракаемся, размаўляем. Я вельмі удзячны ёй за яе любоў і падтрымку, і сам стараюся браць з яе прыклад у сваіх адносінах да студэнтаў. Таксама з удзячнасцю я ўспамінаю Валянціну Іванаўну Тур, Рэнату Віктараўну Фаставец і многіх іншых маіх выкладчыкаў.

Калі прыйшла пара папярэдняга размеркавання студэнтаў, то адміністрацыя Інстытута рэка- мендавала мяне, як аднаго з лепшых студэнтаў, на перекладчыцкую працу за мяжу. Гэта было прэстыжна і, канешне, цікава, але я быў упэўнены, што мяне за мяжу працаваць не пусцяць.

Так яно і сталася. На апошнім этапе адбору чалавек з “органаў” адклаў папку з маімі дакументамі ў бок і сказаў, што мяне пасылаць за мяжу нельга. І я, канешне, ведаў, за што. Сярод маіх аднакурснікаў было некалькі чалавек, якіх таксама не пусцілі за мяжу, але па нейкіх іншых прычынах. Напрыклад, у маёй групе вучыўся Міша Фрыдман (цяпер—Міхаіл Іосіфавіч працуе настаўнікам у Гродна). Вельмі добра вучыўся, быў таленавітым студэнтам; яго таксама спачатку рэкамендавалі за мяжу, а потым па нейкай прычыне не пусцілі.

У час вучобы ў Інстытуце я пазнаёміўся з іпадыяканам Мітрапаліта Філарэта Сяргеем Трафімавым (пазней—іераманах Серафім). Ён часам даваў мне пачытаць некаторыя царкоўныя выданні, у тым ліку афіцыйны царкоўны часопіс на англійскай мове “The Journal of the Moscow Patriarchate”, дзякуючы чаму я паступова засвоіў англійскую царкоўна-багаслоўскую тэрміналогію, якой у Інстытуце нас, канешне, не вучылі, і якая аказалася мне потым вельмі патрэбнай.

На 5-м курсе Інстытута адбылася мая першая асабістая сустрэча з Уладыкам Філарэтам. Аднойчы, ў канцы вячэрняга богаслужэння Мітрапаліт праз свайго іпадыякана папрасіў мяне зайсці да яго “на чай”. Як аказалася, Уладыка даўно звярнуў на мяне увагу і, як ён сказаў мне пару месяцаў таму, ён нават цяпер, праз 30 гадоў, памятае, на якім месцы я звычайна стаяў у храме. Уладыка пытаў мяне пра вучобу і пра планы на будучыню. Я сказаў што хацеў паступаць у Семінарыю адразу пасля школы, але нельга было, таму хачу паступаць цяпер, пасля заканчэння Інстытута. Уладыка адобрыў мой намер, але сказаў, што трэба пасля заканчэння Інстытута адпрацаваць 2 гады паводле размеркавання, “інакш да нас будуць пытанні”. Уладыка пацікавіўся, якія ў мяне перспектывы з працай. Пра тое, што дэканат рэкамендуе мяне для паездкі за мяжу, я нават і не казаў Мітрапаліту, бо адчуваў, што з гэтага нічога не будзе. А пра іншыя прапановы сказаў: “Мяне гатовы ўзяць выкладчыкам лацінскай мовы (я 5 гадоў займаўся ёй на факультатыве) у БДУ і ў медыцынскі Інстытут, але я думаю адмовіцца ад гэтых прапаноў”. “Чаму?”,—здзівіўся Уладыка. І я растлумачыў: “Я баюся, Уладыка, што калі я пайду працаваць у БДУ або у медыцынскі Інстытут, мне настолькі спадабаецца праца там, што захопіць мяне цалкам, і я не знайду ў сабе сіл кінуць такую любімую і прэстыжную пасаду, каб паступіць у Семінарыю. У такім выпадку я буду праз усё жыццё несці ў душы грэх, што Гасподзь мяне прызваў служыць Яму, а я адмовіўся ад прызвання. Таму лепш я бы паехаў у якую-небудзь вясковую школу, каб было лягчэй яе потым пакінуць”. Уладыка з паразуменнем аднесся да маіх слоў.

2Сярод прадметаў, якія вывучаліся ў той час у ВНУ, быў цэлы шэраг ідэалагічных дысцыплін: Дыялектычны матэрыялізм, Гістарычны матэрыялізм, Навуковы камунізм, Навуковы атэізм… Асабліва цяжкім для мяне быў апошні прадмет. Цяжкі не фізічна (я ўсё добра запамінаў), а маральна.

Калі настаў дзень размяркавання, то я папрасіў, каб мяне накіравалі ў Кобрынскі раён, дзе я нарадзіўся і дзе жылі тады мае бацькі. Маю прозьбу задаволілі, хаця і здзівіліся ёй. Так я трапіў у сярэднюю школу сяла Павіцце Кобрынскага раёна. Выкладаў англійскую мову у некалькіх класах. Быў класным кіраўніком 9 “В”.

Праца ў школе мне вельмі падабалася, негледзячы на тое, што ў сельскай школе замежнай мовай мала хто цікавіўся. “А навошта нам ваша англійская мова? Хіба мы ў Амерыку паедзем?”,—можна было часта пачуць. Але многіх школьнікаў мне ўдалося зацікавіць сваім прадметам і пераканаць, што замежная мова патрэбна не толькі для тых, хто хоча жыць за мяжой: можна чытаць кнігі, газеты, слухаць радыё… Як кажуць французы, яшчэ адна мова—яшчэ адна галава: “Une langue plus—une t?te plus”.

Працуючы ў школе, я рэгулярна хадзіў у храм у суботу і нядзелю. Праз некалькі месяцаў пра гэта ўсе ведалі. Дзеці, з уласцівай ім непасрэднасцю, пыталіся ў мяне: “А праўда, што Вы ходзіце ў царкву”. “Праўда”,—адказваю. “А навошта?”—“Каб маліцца Богу”. “Вы верыце ў Бога?”—“Веру”.

У тыя гады класны настаўнік павінен быў у план выхаваўчай працы абавязкова уключаць атэістычныя мерапрыемствы (хаця б адно ў чвэрць). Я планаваў і праводзіў у сваім класе гутаркі на тэму “Галоўныя рэлігіі свету”, “Сутнасць хрысціянства”, “Праваслаў’е і каталіцтва”, “ Біблія, яе склад і паходжанне”, “Галоўныя хрысціянскія святы”. Гэта былі пазнавальныя гутаркі. Канешне, і пра Бога, і пра Царкву, і пра Свяшчэннае Пісанне я гаварыў з благагавеннем. За гэта мне не сорамна ні перад маімі былымі вучнямі, ні перад калегамі. Хтосьці з калег прасіў даць пачытаць Біблію або часопіс царкоўны, і я пазычаў.

Паколькі я пражываў тады ў сваім сяле Дзівін, а працаваў у школе ў суседнім сяле Павіцце (паміж імі 12 кіламетраў), то пра маё наведванне храма ведалі, перш за ўсе, мае аднасяльчане. І вось, знайшоўся сярод іх нейкі “сумленны савецкі чалавек”, які палічыў сваім абавязкам пазваніць у школу, дзе я працаваў, і паведаміць, што я хажу ў царкву. Дырэктар школы вырашыў праверыць гэту інфармацыю.

У бліжэйшую нядзелю раніцай ён сеў у машыну, прыехаў да нашай царквы, стаў насупраць і сапраўды ўбачыў, як я заходзіў у храм перад пачаткам богаслужэння і як выходзіў пасля яго заканчэння. Пабачыўшы гэта, ён вырашыў данесці начальству—загадчыку Кобрынскага раённага аддзела адукацыі.

Загадчык райкома, выслухаўшы дырэктара, сказаў, што мяне, канешне, трэба звальняць з працы, але не ў сярэдзіне навучальнага года, бо некаму выкладаць англійскую мову. Да канца навучальнага года трэба збіраць кампрамат, каб потым было за што выганяць. І мяне сталі правяраць. Па некалькі разоў на месяц прыязджалі метадысты з Кобрына, правяралі план-канспект урокаў, пыталі, сядзелі на ўроках, але не маглі ні да чаго прыдрацца: і запісы ў мяне былі адпаведныя, і наконт метадаў выкладання ў іх заўваг не было. Усе іх водгукі былі станоўчымі.

Неяк вясною была ў мяне яшчэ размова з кобрынскім начальствам. Звоняць яны мне і пытаюць, чаму з майго 9 ”В” класа ніводны чалавек у гэтым навучальным годзе не паступіў у камсамол. “Я гэтым не цікавіўся,—адказваю ім.—Я, як класны кіраўнік, праводжу класныя гадзіны, палітінфармцыі, выхавўчыя гутаркі, але агітацыяй наконт камсамола займацца не збіраюся. Для гэтага ёсць камсамольскія актывісты, пытайцеся ў іх”. На гэта мне сказалі, што я звужаю свае абавязкі, але ніякага дысцыплінарнага пакарання я не атрымаў.

Дарэчы, калі адна з метадыстак, якая прысутнічала на маёй гутарцы з дзецьмі пра хрысціянскія святы, заўважыла мне, што гутарка цікавая, але ў ёй не было крытыкі рэлігіі, я адказаў ёй з пэўнай доляй хітрасці: ”Крытыкаваць можна тое, што вельмі добра ведаеш. Рэлігіі я ў Інстытуце не вывучаў, а вывучаў атэізм. Хіба атэізм мне пакрытыкаваць?” Яна не знайшлася, чым аспрэчыць мой тэзіс. Неяк перад Вялікаднем адміністрацыя школы паведамляе мне, што ў Пасхальную ноч усе настаўнікі павінны дзяжурыць вакол храма і сачыць за тым, каб ніхто са школьнікаў не прайшоў у царкву. Я адразу заявіў, што рабіць гэтага не буду. “Чаму Вы адмаўляецеся?“—”Таму, што гэта не ўваходзіць у мае службовыя абавязкі. Я не вартаўнік, каб уначы хадзіць і пільнаваць. Працоўнае заканадаўства не патрабуе ад настаўніка працы ў начную змену”. Усе здзівіліся майму адказу і больш не настойвалі. Я ж вырашыў з’ездзіць на Пасху у Мінск і правёў тую Пасхальную ноч у Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы.

Аднойчы у Павіцці жанчыны з кліраса папрасілі мяне прачытаць у храме шасціпсалміе, і я прачытаў, чым вельмі напалохаў настаяцеля царквы. “Жах які! Настаўнік чытае шасціпсалміе пасярод храма!” Жонка настаяцеля сустрэла маю маму і папрасіла перадаць мне, каб больш я гэтага не рабіў.

Калі закончыўся навучальны год, мяне папрасілі папрацаваць выхавацелем у летнім піянерскім лагеры. Я спачатку не здагадаўся, чаму яны просяць, а потым зразумеў: у лагеры вельмі легка знайсці ў выхавацеля недахопы. Справа ў тым, што трэба было на месяц уперад напісаць план працы з дзецьмі на кожны дзень: калі футбол, калі валейбол, а калі гутарка пра гісторыю піянерскай арганізацыі. Гэтага плана мала хто прытрымліваўся, бо калі свеціць сонца, то няхай лепш дзеці пабегаюць з мячом, а пра піянерскую арганізацыю яны пачуюць яшчэ не раз. І вось на гэтым вельмі легка злавіць выхавацеля. Але калі мяне збіраліся правяраць, то папярэджвалі начальніка лагера, а ён, канешне, мяне. Потым яны гэта зразумелі і вырашылі не папярэджваць начальніка лагера, прыехалі і… Ў мяне якраз быў законны выхадны. Дзіўнае супадзенне! Яны, канешне, вельмі засмуцiлiся і ніяк паверыць не маглі, што гэты выхадны быў за месяц перад тым запланаваны. А праз 2 дні скончылася лагерная змена.

3Выклікае мяне загадчык раёна, аж трасецца ад злосці, крычыць, чырвоны ўвесь. “Што ж ,—кажа,—пакуль што не ўдалося злавіць Вас. Але доўга Вы працаваць не будзеце. Мы будзем далей шукаць на Вас кампрамат—і абавязкова знойдзем! Працаваць мы Вам не дадзім!” “Чаму?”—пытаюся. “Таму, што педагагічная праца і вера ў Бога—несумяшчальныя паняцці!” “Дазвольце з Вамі не пагадзіцца. Я на сваім уласным вопыце пераканаўся, што ўсё гэта гарманічна спалучаецца: я веру ў Бога, хаджу ў храм і працую настаўнікам. Прычым працую так, што пры ўсім Вашым старанні праверкі, якія Вы арганізоўвалі, не выявілі ніякіх нарушэнняў, ніякіх недахопаў. Які з гэтага вынікае вывад?“ “А каго Вы нам выхоўваеце?”—пытае мяне загадчык раёна.—“Я стараюся, каб вучні былі сумленнымі, адказнымі, вернымі і спагадлівымі людзьмі!” Хацеў яшчэ нешта сказаць, але ён не даў гаварыць далей і зрабіў такі вывад: “Вы нам рабоў выхоўваеце, а нам патрэбны будаўнікі камунізму! У школе мы Вам працаваць не дазволім!” Тут я вырашыў не пярэчыць, бо будаўнікоў камунізму я, канешне, не выхаваў… І, нечакана для загадчыка, я кажу яму: “Калі Вы так катэгарычна заяўляеце, што ўсё роўна не дадзіце працаваць у школе, то давайце зробім прасцей: я напішу заяву з просьбай аб звальненні па асабістаму жаданню.” Ён вельмі ўзрадаваўся, даў мне адразу паперу і ручку. Я напісаў заяву і запытаўся, калі яна будзе падпісана, каб я мог прыйсці і забраць працоўную кніжку. “Праз месец”,—коратка адказаў загадчык.

Прыходжу праз месяц, але працоўную кніжку мне не аддаюць. Кажуць, што стварылі нейкую асобую камісію, каб разабрацца ў сітуацыі. “Прыходзьце,—кажуць,—на камісію”. Прыходжу ў прызначаны дзень. Сядзіць чалавек, здаецца, 16. Пачалі задаваць пытанні. “Праўда, што Вы ходзіце ў царкву?”—“Праўда”,—адказваю.“А навошта Вы туды ходзіце?”—“Богу маліцца, канешне. Людзі ходзяць у царкву маліцца Богу!”—“Дык вы ў Бога верыце?”—“Веру”—“А Вы думаеце, што маеце права хадзіць у царкву і верыць у Бога?”—“Я ўпэўнены, што маю на гэта права”.—“Чаму Вы ў гэтым упэўнены?”—“Таму, што свабода сумлення гарантуецца Канстытуцыяй СССР”.—“Няўжо Вы не разумееце, што адна справа, калі ў царкву ходзіць калгаснік, рабочы, малаадукаваны пенсіянер, і зусім іншая справа, калі гэта робіць настаўнік!”—“Я з гэтым не згодны. Паводле Канстытуцыі, усе грамадзяне маюць аднолькавыя правы і абавязкі, а па-Вашаму выходзіць, што ў настаўніка менш правоў, чым у калгасніка. Дзе ж роўнасць грамадзян перад законам?”—“Ну, што ж,—пачуў я ўрэшце рэшт,—калі Вы такі разумны, то мы вас аддадзім у іншыя рукі”.

Што такое “іншыя рукі”, я даведаўся праз некалькі дзён, калі атрымаў павестку з ваенкамата. Явіўся я туды з гэтай павесткай. У ваенкамаце папрасілі прайсці ў асобны пакой, дзе мяне чакалі 2 чалавека ў цывільным. Не памятаю, ці я сам здагадаўся, ці прадставіліся яны мне, але я ведаў, з кім буду размаўляць. Яны папрасілі мяне расказаць ім, якія ў мяне праблемы. “Ніякіх”,—коратка адказаў я, выказваючы сваё нежаданне мець з імі размову. “Як гэта ніякіх,—здзівіліся яны,—калі Вас выклікалі на камісію?!”—“У мяне праблем няма, але мне іх ствараюць”.—“Вы ходзіце ў царкву?”—“Так”.—“Вы верыце ў Бога?”—“Веру”.—“Вы, канешне, разумееце, што хадзіць у царкву і працаваць у школе нельга. Давайце вырашым так: Вы нам дадзіце абяцанне, што ў Вас не будзе ніякіх праблем. Згодны?”—“Не. Я буду хадзіць у царкву”.—“Тады мы гатовы дапамагчы Вам знайсці іншую працу. Напрыклад, у Брэсце мы можам уладкаваць Вас на працу перакладчыкам тэхнічнай літаратуры. Будзеце працаваць на заводзе, у Вас будзе свой кабінет, кватэру дадуць ад завода, зарплата будзе 300 рублёў і пры гэтым можна будзе хадзіць у царкву”.

Я вельмі здзівіўся такой прапанове. Яна, канешне, была выгадная: кватэра і зарплата ў 300 рублёў у той час, як у школе аклад настаўніка быў 100 рублёў. Але мне настолькі падабалася працаваць у школе, што я не згадзіўся б на гэтую прапанову, нават калі б не збіраўся паступаць у Семінарыю. Таму я рашуча адказаў: “Не, ніякай іншай працы я не хачу. Я вучыўся, каб быць настаўнікам, атрымаў дыплом і хачу працаваць па спецыяльнасці”.

Яны доўга яшчэ мяне угаворвалі выбраць адно з двух: або перастаць хадзіць у царкву і працаваць у школе, або стаць перакладчыкам тэхнічнай літаратуры. Я не згаджаўся. І тады адзін з іх пытае мяне: “А вы, часам, не збіраецеся паступаць у Семінарыю?” Мне, канешне, вельмі не хацелася адкрываць ім свае планы, але пытанне было пастаўлена настолькі канкрэтнае, што я не знайшоў магчымасці ухіліцца ад адказу і, гледзячы яму у твар, адказаў: “Збіраюся”. Адзін з іх тады кажа мне: “ Вы не паступіце ў Семінарыю. Туды вельмі цяжка паступіць”. Я паціснуў плячыма і сказаў, што можа і не паступлю з першага разу, тады буду рыхтавацца яшчэ. “А мы Вам не дадзім паступіць. Што Вы будзеце рабіць, калі мы прызавём Вас у армію?” Я без ваганняў адразу адказаў: “Канешне, пайду служыць”.—“Вы не адмовіцеся?”—“Не. Я разумею, што не маю права адмовіцца. Я—ваеннаабавязаны, афіцэр”.—“Значыць, калі Вы не згаджаецеся працаваць перакладчыкам тэхнічнай літаратуры, то мы вас бярэм у армію. Але ў Семінарыю Вы ў любым выпадку не паступіце!”—“Я пайду ў армію, адслужу афіцэрам 2 гады, а больш вы мяне трымаць у арміі не маеце права. Пасля гэтага я пайду ў Семінарыю. Так што, нічога Вы не даб’ецеся”.

Тады яны зноў сталі казаць, што ў Семінарыю паступіць неверагодна цяжка (амаль немагчыма), але яны гатовы мне паспрыяць, калі б я згадзіўся з імі супрацоўнічаць. “Не,—адказваю,—не хачу Вашай дапамогі і супрацоўнічаць з Вамі таксама не хачу”.—“Вы гэта заяўляеце ўпэўнена і катэгарычна?”—“Так. Абсалютна катэгарычна”.—“А вось, уявіце сабе такую сітуацыю. Вы будзеце служыць у царкве. Нейкія злодзеі ўночы абкрадуць царкву, павыносяць іконы. Няўжо нават у гэтым выпадку Вы не звярнуліся б да нас, ведаючы, што мы можам Вам дапамагчы?” Я трохі разгубіўся і няўпэўнена адказаў: “Ну, у такой сітуацыі можа б і звярнуўся”. Гэтым адказам яны былі задаволены. Адзін з іх нават прамовіў: “Ну, вось, мы з Вамі можам, усё-такі, дамовіцца”. На гэтым гутарка і скончылася.

На другі дзень пасля гэтай размовы я пайшоў у раённы аддзел адукацыі, каб забраць працоўную кніжку, але мне яе не аддалі. Відаць, разлічвалі на тое, што гэтым могуць утрымаць мяне ад паступлення ў Семінарыю. Негледзячы на гэта, я пачаў збіраць дакументы для паступлення. Узніклі новыя цяжкасці. Прыходжу ў паліклініку і прашу даць мне медыцынскую даведку. Яны адразу пытаюцца, для чаго. Пачуўшы пра Семінарыю, катэгарычна заяўляюць: “Мы Вам ніякай медыцынскай даведкі даваць не будзем”.

4Тады еду ў ваенную паліклініку і там прашу медыцынскую даведку. На пытанне “для чаго” адказваю: “Мне трэба”. “Вы працуеце ці вучыцеся?”—“Працую настаўнікам”.—“Настаўнікам такія даведкі не патрэбны, мы Вам выпішам іншую”.—“Не, дайце мне, калі ласка, такую, як для абітурыентаў, а калі мне спатрэбіцца іншая, то я да Вас яшчэ раз прыйду”. Пасля доўгіх прозьбаў усё-такі далі.

Другая скаладанасць узнікла ў сувязі з рэкамендацыяй. Настаяцель майго прыхода айцец Аляксій Алексіюк сказаў, што баіцца даць мне рэкамендацыю для паступлення ў Семінарыю, бо за гэта яго могуць пазбавіць прыхода, а пераязджаць у іншае месца яму б не хацелася. Я сказаў пра гэта Мітрапаліту Філарэту, і ён вырашыў сам напісаць мне рэкамендацыю, што і зрабіў.

Калі дакументы былі гатовы, Уладыка даў мне некаторыя канкрэтныя парады: дакументы трэба завезці ў Семінарыю асабіста, а не высылаць поштай, бо яны не дойдуць; перад падачай дакументаў трэба выпісацца і зняцца з ваеннага ўліку і нідзе не прапісвацца і не станавіцца на ўлік. Уладыка растлумачыў, што ў канцэлярыю Семінарыі штодзенна прыходзіць дзяржаўны чыноўнік і праглядае дакументы. У той жа дзень з Масквы па тэлефоне даюцца ўказанні мясцовым органам: вось такога маладога чалавека затрымаць, каб не трапіў на ўступныя экзамены. І тут могуць быць самыя розныя спосабы: міліцыя можа затрымаць на вуліцы, абвінаваціць у хуліганстве і пасадзіць на 15 сутак, альбо з ваенкамата могуць прыслаць павестку на ваенныя зборы. Таму пасля падачы дакументаў не трэба ні ў якім разе вяртацца дадому, а трэба пажыць у іншым месцы, і каб пра гэта месца не ведалі нават блізкія людзі, бо ў іх будуць пытаць.

Памятаю, Уладыка назваў гэта “паляваннем на ведзьмаў”. Перасцярогі гэтыя не былі марнымі. Я зрабіў усё так, як раіў Уладыка: падаўшы дакументы ў Семінарыю, не вярнуўся дадому, а папрасіўся пажыць у доме адной знаёмай дзяўчыны ў Рудзенску (непадалёку ад Мінска). Бацькоў я папярэдзіў, што мяне могуць шукаць, і таму я пажыву ў сяброў, але не сказаў, дзе менавіта.

І сапраўды, як бацькі мне расказалі потым, мяне шукалі. Прыехалі чацвёра на машыне і пачалі пытаць у бацькоў, дзе мяне можна знайсці. Бацькі адказалі, што недзе ў сяброў, але дакладна яны не ведаюць. Тады яны запыталіся ў бацькоў, ці вядома ім, што я збіраюсь паступаць у Семінарыю, і як яны да гэтага ставяцца. Бацькі сказалі, што ведаюць гэта і шкадуюць мяне, бо я, адвучыўшыся 5 гадоў ў iнстытуце і атрымаўшы дыплом і прафесію, зноў буду студэнтам, але перашкаджаць гэтаму яны не збіраюцца. Наступнае пытанне няпрошаных гасцей было нечаканым: “А Вы ведаеце, хто такі акадамік Андрэй Сахараў?”—“Нешта я чула пра яго па радыё,—адказала маці,—але добра не памятаю”. “Ён пайшоў супраць савецкай улады,—падказаў ёй нехта з гасцей,—дык мы яго за гэта выслалі з Масквы ў горад Горкі. А Ваш сын—не акадэмік, а звычайны вясковы настаўнік. Мы яго ў турму пасадзім за тое, што ён пайшоў супраць савецкай улады”.

Гэтыя словы бацькоў, канешне, напалохалі. Маці стала плакаць і прасіць, каб яны злітаваліся нада мной. Яны абяцалі злітавацца толькі ў тым выпадку, калі знойдуць мяне і адгавораць ад паступлення ў Семінарыю. “Ну, дык дзе ж ён?”—зноў і зноў паўтаралі яны, але бацькі не маглі сказаць ім нічога пэўнага. Прабыўшы нейкі час у Рудзенску, я паехаў на уступныя экзамены.

Малітвы на памяць я ведаў цвёрда, чытаць па-славянску добра ўмеў. Расчараваў я экзаменатараў толькі сваім няўменнем спяваць. Затое адказаў на многія дадатковыя пытанні па Свяшчэнным Пісанні. Напрыклад, Рэктар архімандрыт Аляксандр папрасіў мяне растлумачыць прытчу пра сейбіта і быў задаволены маім адказам. Мне прапанавалі вучыцца адразу на 2-м курсе, а першы здаць экстэрнам. Пасля 2-га курса я вучыўся адразу на 4-м, а матэрыял за 3-ці курс здаваў экстэрнам. Так што ў Семінарыю я паступіў ў 1982-м, а закончыў у 1984 годзе.

Скажу некалькі слоў пра свае ўражанні ад Семінарыі. Яны незабыўныя! Пасля той савецкай атмасферы, дзе ўсё было чужое і варожае, у Семінарыі ў мяне было адчуванне, нібы я трапіў у рай. Ніводнага бруднага слова не чуваць вакол (у адрозненні ад савецкага педінстытута), ніхто не дыміць цыгарэтай. Усе такія светлыя, добразычлівыя, радасныя—як Анёлы нябесныя. А выкладчыкі—паважныя, адукаваныя, засяроджаныя. Вялікая бібліятэка. Гэта быў, напэўна найбольшы скарб нашых Духоўных Школ у савецкі перыяд. Мы прыходзілі ў Семінарыю з вострым пачуццём духоўнага голаду, бо на маім прыходзе, напрыклад, бацюшка баяўся нават даць камусці пачытаць “Журнал Московской Патриархии”, не гаворачы ўжо пра нешта іншае. А тут—цэлая бібліятэка духоўнай літаратуры!

Вучыцца мне было лёгка і радасна, хаця не ўсе прадметы ўспрымаліся аднолькава. Найбольш мне падабаліся Свяшчэннае Пісанне, Параўнальнае багаслоўе і Сектазнаўства. Найменш падабалася, сорамна прызнацца, Літургіка. Пазней, калі стаў свяшчэннікам, я вельмі палюбіў Літургіку (тады, відаць, я да яе яшчэ не дарос), а Свяшчэннае Пісанне, дзякуй Богу, не разлюбіў.

Былі ў нас у той час у Семінарыі і спецыфічныя, савецкія прадметы—Гісторыя СССР і Канстытуцыя СССР. Канешне, выкладаліся яны па патрабаванню дзяржаўнай улады. Часам і выкладчыкі былі не нашы, а іхнія. Адзін быў вельмі сумленны і прынцыповы чалавек, ідэальны камуніст. Ён сам быў упэўнены і нас пераконваў у тым, што Савецкі Саюз—самая перадавая краіна свету з найлепшай ідэалогіяй і з самай сапраўднай дэмакратыяй.

Аднойчы мы звярнулі яго увагу на тое, што ў гарадскім кінатэатры, які знаходзіўся насупраць Троіце-Сергіевай Лаўры, арганізавалі атэістычную выстаўку з карыкатурамі на “царкоўнікаў”, прычым усе свяшчэннаслужыцелі называліся там “падманшчыкамі”, “крывадушнікамі” і “дармаедамі”. Ён пайшоў і неяк дабіўся, што гэту выстаўку хутка знялі. Аднойчы ён нам пачаў расказваць пра будучае камуністычнае грамадства, у якім будзе ўсяго ўдосталь (“кожнаму па яго патрэбнасцях”) і бясплатна. Я падняў руку і запытаўся: “Скажыце, а Біблій і малітвасловаў пры камунізме таксама будзе дастаткова? Бо цяпер жа іх не дазваляюць друкаваць і нельга купіць нават за вялікія грошы!” Выкладчык не чакаў такога пытання і разгубіўся…

А тут яшчэ адзін студэнт дапоўніў пытанне: “А нас у школе вучылі, што пры камунізме рэлігіі зусім не будзе, а цяпер яна ёсць. Дык, можа, камунізм яшчэ не хутка будзе?”—“Не,—адказаў выкладчык,—камунізм абявязкова будзе! І будзе хутка… ну… гадоў праз 10. Я так думаю, што мы ўжо трохі спазняемся. А рэлігія? Раней я таксама думаў, як і многія нашы таварышы, што рэлігіі пры камунізме не будзе, яна адамрэ… А цяпер я бачу перад сабой столькі маладых людзей, якія рыхтуюцца стаць свяшчэннаслужыцелямі, столькі маладых веруючых… Калі будуць веруючыя, будзе і рэлігія. Ну і, відаць, будуць друкавацца Бібліі і малітвасловы… хаця… што ж гэта будзе за камунізм такі?..” Нам вельмі цікава было назіраць, як ён разважае.

Я вельмі ўдзячны Духоўным Школам за тое, што яны прывучылі мяне да больш частага удзелу у богаслужэннях, чым гэта было да Семінарыі. Да паступлення я звычайна хадзіў у храм толькі ў суботу ўвечары і ў нядзелю раніцай і ўвечары. А тут, у Семінарыі, акрамя таго, трэба было быць яшчэ ў суботу раніцай на паніхідзе і ў сераду ўвечары на акафісце ў гонар Пакрава Прасвятой Багародзіцы. Тады гэта мне здавалася зашмат. Я больш любіў кнігі чытаць, чым маліцца. Цяпер я разумею, як гэта было важна і карысна. За студэнцкія гады я прывык да частых богаслужэнняў і пазней, будучы на прыходзе, стараўся служыць часцей, чым служылі там да мяне.

Аднойчы ў час вучобы ў Семінарыі мяне выклікалі павесткай у ваенкамат “на пераўчот”. Прыходжу, а мяне сустракае інтэлегентны чалавек “у цывільным”. Спрабуе разгаварыць, распытвае пра Семінарыю. Я стараюся маўчаць. Кажу, што няма пра што гаварыць, усё проста, звычайна, ніякіх праблем. Тады ён адкрыта прапаноўвае мне супрацоўнічаць з імі. Я запытаўся, што яны ад мяне хацелі б. Ён растлумачыў, што трэба, каб я расказваў пра ўсё, што робіцца ў Семінарыі, і быў гатовы ахарактарызаваць кожнага студэнта і выкладчыка. Я катэгарычна адмовіўся. Ён імкнуўся мяне пераканаць, гаварыў, што я не маю права адмовіццца і павінен супрацоўнічаць. “Скажыце,—стаў ён пытаць мяне,—Вы—патрыёт сваёй Бацькаўшчыны?”—“Канешне,—адказваю,—я—патрыёт”.—“Чаму ж Вы адмаўляецеся? Мы Вас не ў банду якую-небудзь зацягваем або шайку, а прапануем супрацоўнічаць з саліднай дзяржаўнай арганізацыяй, якая нясе адказнасць за бяспеку нашай дзяржавы! Чаму Вы адмаўляецеся?”—“Таму, што ў нашай краіне Царква аддзелена ад дзяржавы. Я выбраў сабе царкоўнае служэнне, і таму не хачу працаваць у дзяржаўных органах”.

Тады ён стаў тлумачыць мне, што гэта не зусім праца, ці нават зусім не праца, а проста дапамога: “Вы, як хрысціянін, не павінны адмовіць бліжняму у дапамозе! Згаджайцеся. Вы нам будзеце дапамагаць—і мы Вам таксама дапаможам”.—“А Вы мне ў чым будзеце дапамагаць?”—здзіўлена запытаўся я.—Вы за мяне малебен будзеце служыць ці паніхіду?” Ён узрадаваўся гэтаму пытанню і сказаў, што ў мяне з’явяцца вялікія перспектывы, калі я згаджуся. І ён запытаўся ў мяне, што я збіраюся рабіць пасля заканчэння Семінарыі. Я адказаў, што думаю паступаць у Акадэмію. Яму гэта спадабалася, і ён стаў казаць, што пасля заканчэння Акадэміі я, канешне, не хачу паехаць на прыход у глухую веску, а паколькі я ведаю замежныя мовы, то, напэўна, хацеў бы служыць за мяжой. Я адказаў, што паступаў у Семінарыю не для таго, каб выехаць за мяжу, а хачу служыць Богу і свайму народу. Яму здалося, што я не зразумеў яго, і ён сказаў: “Мы Вас можам паслаць у царкоўную камандзіроўку!”—“У царкоўную камандзіроўку я паеду тады, калі мяне пашле туды Царква, а не дзяржаўныя органы”.

Апошняя фраза яму зусім не спадабалася. Ён стаў мне тлумачыць, што я не разумею простых рэчаў: Царква не можа паслаць нікога за мяжу без згоды дзяржаўных органаў. Я сказаў, што ведаю гэта, але мяне гэта не цікавіць. Ён зноў стаў дапытвацца, чаму я адмаўляюся ад супрацоўніцтва. Я сказаў, што мне не дазваляе гэта рабіць маё сумленне. “Сумленне?—здзіўлена перапытаў ён.—Ну, дык мажаце пайсці на споведзь, паспавядацца, і яно супакоіцца.”—“У мяне ёсць іншыя грахі, каб ісці на споведзь, а гэтага граху я не хачу браць на сваю душу”,—адказаў я. “А чаму гэта грэх? Хіба я ад Вас патрабую, каб Вы паклеп на каго ўзводзілі або падманвалі? Я хачу, каб мы сустракаліся, і каб Вы шчыра, сумленна і аб’ектыўна мне ўсё расказвалі, без усякай хлусні. Які ж гэта грэх?” Мне, канешне, не было сэнсу казаць яму, што я не магу супацоўнічаць таму, што такога роду звесткі будуць імі выкарастаны не на дабро Царкве: ён бы мяне пераконваў, што дбае пра Царкву не менш, чым я. Таму я адказаў інакш: “Вы хочаце, каб я быў з Вамі, але я хачу быць шчырым і адкрытым не толькі з Вамі, але, перш за ўсё, з маімі настаўнікамі і аднакурснікамі. Вось зараз мы з Вамі тут размаўляем, а праз нейкі час я буду вяртацца ў Семінарыю. Мяне сустрэне мой аднакурснік і запытае, адкуль я іду. Магу я яму расказаць пра нашу сустрэчу і размову?”—“Што Вы! Ні ў якім разе! Скажыце лепш, што хадзілі ў кнігарню або ў магазін за зубной пастай”.—“Ну, вось, бачыце,—кажу я.—Вы хочаце, каб з Вамі я быў шчыры і адкрыты, а тых, з кім я кожны дзень сяжу за адным сталом і малюся разам, я падманваў. Я так не магу, і па гэтай прычыне не здольны з Вамі супрацоўнічаць. Вы займайцеся сваёй размовай, а я буду займацца сваёй”. На гэтым размова і скончылася.

Потым мяне здзівіла тое, што, негледзячы на такі вынік размовы, мне ўсё-такі праз паўгода ці год аднойчы дазволілі выехаць за мяжу ў сталіцу Чэхаславакіі Прагу ў складзе вялікай царкоўнай дэлегацыі для ўдзелу у Хрысціянскай Мірнай Канферэнцыі ў 1984 годзе. Гэта была мая першая і апошняя паездка ў савецкі час. Але калі замежныя царкоўныя дэлегацыі прыязджалі ў Савецкі Саюз, то мне часта даручалі суправаджаць іх і быць перакладчыкам. У гэты час я пазнаёміўся з многімі цікавымі царкоўнымі дзеячамі замежжа. Напрыклад, духаўнік англійскай каралевы Елізаветы II падарыў мне кнігу святога праведнага Іаана Кранштадтскага “Маё жыццё ў Хрысце”. Успамінаю, як я вадзіў мітрапаліта горада Ларнакі (Кіпр) у Маскоўскі цырк. Уладыка быў у расе і з панагіяй, а я—у семінарскім кіцелі. У савецкі час гэта было нешта немагчымае. Людзі глядзелі больш на нас, чым на арэну цырка. Памятаю групу польскіх ксяндзоў, якія, павячэраўшы ў рэстаране маскоўскай гасцініцы “Украіна”, пайшлі танцаваць з дамамі.

Семінарыю я закончыў у 1984 годзе і адразу паступіў у Акадэмію. Будучы студэнтам Акадэміі, я адначасова выкладаў у Семінарыі англійскую мову. Сярод маіх вычняў быў, напрыклад, епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан (Хама). Першае паўгоддзе я вучыўся на 1-м курсе, другое паўгоддзе—на 2-м, а 3-ці і 4-ты курсы Акадэміі вучыўся ўжо без спешкі і скончыў яе ў 1987 годзе. Пасля гэтага мяне пакінулі выкладчыкам (акрамя англійскай мовы я стаў выкладаць у Семінарыі Свяшчэннае Пісанне Старога Запавета). У 1989 годзе я абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму ”Пастырства іерасхіманаха Макарыя (Іванова)”.

Навучаючыся ў Семінарыі і Акадэміі, я доўга думаў, жаніцца мне ці стаць манахам. Мне хацелася як мага паўней рэалізаваць сябе ў служэнні Царкве, і я вырашыў, што манахі, жывучы адасобленна ад людзей, маюць менш магчымасцей місіянерска-асветніцкага служэння, а прыхадскі свяшчэннік мае больш такіх магчымасцей. Таму ў канцы 3-га курса Акадэміі я нечакана для многіх ажаніўся, хаця быў вельмі замкнуты і негаваркі (калісьці, яшчэ ў Інстытуце, адна мая аднакурсніцца мне сказала: “Калі ў цябе яшчэ жонка будзе такая, як ты, то дзеці і размаўляць не навучацца”).

14 кастрычніка 1986 года, на прастольнае свята Маскоўскай Духоўнай Акадэміі—Пакроў Прасвятой Багародіцы—Рэктар Акадэміі архіепіскап Дзмітраўскі Аляксандр (Цімафееў), ужо нябожчык, рукапалажыў мяне ў дыякана. У наступным годзе на Стрэчанне Гасподняе, 15 лютага, ён жа рукапалажыў мяне ў сан прэсвітэра. Памятаю, як пасля дыяканскай хіратоніі многія, бачачы мяне ў падрасніку, думалі, што я прыняў пострыг, падыходзілі і пыталі: “Что ти есть имя, брате?” Думаю, што калі б я не ажаніўся, то не ведаў бы рэальнага жыцця з усімі яго цяжкасцямі і праблемамі сямейных узаемаадносін. Вельмі удзячны маёй матушцы Валянціне, што нарадзіла мне 6 дзяцей: Кірыла, Хрысціну, Марыю, Аляксея, Філіпа і Вераніку (маючы 3-х сыноў і 3-х дачок, магу быць кансультантам па планаванню сям’і).

Працуючы выкладчыкам Маскоўскай Духоўнай Семінарыі, я марыў як мага хутчэй вярнуцца ў Беларусь. Гэта стала магчымым у 1989 годзе, калі ў Жыровічах была адноўлена дзейнасць Мінскай Духоўнай Семінарыі. Па маей просьбе мяне і перавялі сюды. Хутка будзе 20 гадоў, як я тут працую, а ўсяго ў мяне (разам з працай у школе) ужо 25 гадоў педагагічнага стажу.

З 1994 года я працую таксама на факультэце тэалогіі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Калі ЕГУ закрылі, наш факультэт ператварыўся ў Інстытут тэалогіі і стаў часткай Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Невяселыя ў мяне ўражанні ад гэтай навучальнай установы!…

Самае радаснае ў маім жыцці—пастырскае служэнне. Мне вельмі прыемна успомніць самы першы мой прыход—вёска Лелікава Кобрынскага раёна, дзе я служыў у 1990 годзе без афіцыйнага прызначэння, а толькі па вуснаму благаславенню архіерея. Там вельмі добрыя і шчырыя людзі, якія і цяпер яшчэ мне звоняць і да сябе запрашаюць. Потым быў Слонім, дзе за 3,5 гады ў мяне склаліся вельмі добрыя адносіны з творчай інтэлегенцыяй горада: храм напоўніўся настаўнікамі, мяне запрашалі на раённае радыё, мае артыкулы друкавалі ў газеце “Слонімскі Веснік”. Потым кароткі час я служыў у Ганцавічах, калі там яшчэ не было храма і ў Доме піянераў выдзелілі месца для богаслужэнняў.

З 1994 года я—у Мінску. У верасні гэтага года споўніцца 15 гадоў майго служэння ў Мінскім кафедральным саборы, дзе вельмі добры настаяцель—чалавек з багатым жыццёвым вопытам, шматгадовым вопытам царкоўнага служэння, сардэчны і спагадлівы—протаіерэй Генадзій Дзічкоўскі.

На сваім жыццёвым шляху я сустрэў вельмі многа шчырых, адказных людзей, з якімі усталяваліся добрыя адносіны. За гэта я ўдзячны Госпаду. Я вельмі даражу тымі даўнімі духоўнымі сувязямі. Хачу, каб яны развіваліся і мацнелі. Цаню ў людзях пастаянства і вернасць. І спадзяюся, што сустрэну яшчэ многіх іншых, разам з кім мы будзем маліцца, прычашчацца і славіць Госпада.

 Матэрыял падрыхтаваў 
Іван Канановіч, 
студэнт I курса МінДА

Рекомендуем

Вышел первый номер научного журнала "Белорусский церковно-исторический вестник"

Издание ориентировано на публикацию научных исследований в области церковной истории. Авторами статей являются преимущественно участники Чтений памяти митрополита Иосифа (Семашко), ежегодно организуемых Минской духовной семинарией.

Принимаются статьи в третий номер научного журнала "Труды Минской духовной семинарии"

Целью издания журнала «Труды Минской духовной семинарии» является презентация и апробация результатов научной работы преподавателей и студентов Минской духовной семинарии.