Радуйся, Благадатная!..
У гэтым годзе свята Благавешчання Божай Маці прыходзіцца на Светлую сядміцу, калі нашыя сэрцы яшчэ перапоўнены пасхальнай радасцю. Што надае нашым сэрцам свята Благавешчання? Адказ на гэта пытанне дае пропаведзь Епіскапа Гродненскага і Ваўкавыскага Арцемія.
«Радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою» (Лк.1:28), – гэта словы Пасланца нябёсаў, звернутыя да Маці Божай, у якіх – сутнасць нашага свята. З гэтых словаў пачынаецца наша выратаванне – збаўленне роду чалавечага. Гэтыя словы абвяшчаюць свету таямніцу Богаўцеляснення, прыносяць вестку з нябёсаў аб вялікай любові Бога да чалавека. Сын Божы становіцца Сынам Дзевы. На якую ж вышыню ўздымаецца наша чалавечая прырода! Вось як пра гэта кажа свяціцель Іаан Златавуст: «Бог – на зямлі, чалавек – на небе. Усё аб’ядналася: ангелы складаюць адзінае цэлае з людзьмі, людзі далучаюцца да ангелаў і іншых нябесных сілаў».
Якая ж роля Божай Маці заўжды Дзевы Марыі ў справе выратавання чалавецтва? Якое Яе месца ў сакральнай гісторыі? У момант Благавешчання Прасвятой Багародзіцы Дзева Марыя, адгукаючыся на зварот Бога да людзей, ад імя ўсяго чалавечага роду і дзеля яго збаўлення выказала сваю згоду, без якой Бог не мог прыйсці ў свет і стаць чалавекам. І калі ў Назарэце архангел Гаўрыіл з’явіўся Божай Маці і прынёс Ёй радасную вестку пра тое, што ад Яе народзіцца Сын Божы, Яна пакорна згадзілася з воляй Творцы.
Гэта быў Яе асабісты адказ на зварот Божы. Але Яна – адна з нас. І таму, як праз агульначалавечую салідарнасць і пераемства мы звязаны з Адамам і здзейсненым ім грахом, так звязаны мы і з Багародзіцай, словы згоды Якой прагучалі ад імя усяго чалавецтва. Калі б не было Яе станоўчага адказу, не было б і Уцеляснення Сына Божага і Сына Чалавечага. Без Сваёй Прачыстай Маці і насуперак Яе волі Іісус Хрыстос не змог бы прыйсці ў свет і прынесці яму збаўленне.
Праваслаўная Царква ўшаноўвае Прасвятую Дзеву як найвышэйшую з усіх створаных Богам істотаў – не толькі людзей, але і ангелаў. Як Маці Богачалавека па Яго чалавецтву Яна пераўзыходзіць благадаццю і набліжанасцю да Бога ўсіх іншых істотаў – жыхароў свету зямнога і нябеснага, бачнага і нябачнага. І таму Царква называе Яе «Пачэснейшай за Херувімаў і непараўнальна слаўнейшай за Серафімаў». Прасвятая Дзева Марыя – самая дасканалая прадстаўніца чалавечага роду, цалкам прысвяціўшая Сваё жыццё Богу. Чалавечая прырода ў асобе Багародзіцы ў выніку свабоднага Яе асабістага выбару дае згоду паслужыць Уцелясненню Бога. Яна аддае сябе Богу цалкам у непаўторнай асобе канкрэтнага чалавека. Згода Дзевы Марыі зрабіла магчымай сустрэчу чалавечай волі і волі Божай. Абсалютны давер Яго Любві. Ніякага эгаізму – суцэльная паслухмянасць Богу, найцяснейшае яднанне з Ім, максімальная рэалізацыя усіх жыццёвых магчымасцяў.
Бог прымае нашу чалавечую прыроду, каб яе выправіць і нас жа ацаліць. Бог прыходзіць да нас, каб усіх нас, без выключэння, узняць на неба. Гэтую радасць і ўзвяшчае архангел Гаўрыіл Дзеве Марыі. Гэта слова радасці пранеслася па ўсёй зямлі. З гэтым словам радасці на вуснах і гарачым пачуццём у сэрцы ішлі апосталы, абвяшчаючы свету жывую евангельскую ісціну. Пачуццё гэтай радасці натхняла многія тысячы святых мучанікаў нашай Царквы і ўсіх падзвіжнікаў веры на іх пакуты і подзвігі.
Радасць Благавешчання спалучаецца і з Крыжам, і з пакутамі і з самой смерцю. Тым не менш, гэта – радасць, бо без Крыжа не было б Уваскрасення! Мы бачым незвычайную веру ў Бога, паяднаную з даверам Яму і пакорай перад Ім, якія мела Прасвятая Багародзіца. Яе дзіўная здольнасць даверыцца Богу цалкам, да канца, не з’яўляецца прыроднай здольнасцю, уласцівасцю, атрыманай ад нараджэння, як многія могуць падумаць. Не. Гэтая Яе вера і давер Богу народжаны той любоўю, якой Прасвятая Дзева ўзлюбіла Госпада.
Так, сапраўдная любоў – гэта любоў самаахвярная, якая ўмее пераносіць пакуты і можа цалкам аддаць сябе за іншых; так, як усяго Сябе аддаў за нас Хрыстос. Ён прыйшоў у свет як Агнец Божы для таго, каб прынесці ў ахвяру Сябе за кожнага чалавека, каб Сваёю Пачэснай Крывёю, пралітай Ім на Жыватворчым Крыжы, амыць грахі чалавецтва. Само прышэсце ў свет Хрыста Збавіцеля – гэта ўвасабленне ахвярнай і высакароднай любві Божай да людзей, бо «так узлюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Іаан.3:16). І добрая вестка архангела Гаўрыіла Дзеве Марыі ёсць пачатак гэтай любві. Сын Божы добраахвотна ідзе на пакуты, смерць і пахаванне, каб даць людзям вечную радасць.
Свята Благавешчання сугучнае Евангеллю: па-грэчаскі «евангелле» якраз і азначае «радасная вестка». Таму ў храме ікона Благавешчання заўсёды знаходзіцца ў самым цэнтры – над Царскімі варотамі, якія вядуць з храма ў алтар. Праз гэтыя вароты людзям выносіцца Пацір – Святая Чаша, з якой мы прычашчаемся: прымаем ў сябе Прачыстае Цела і Пачэсную Кроў Сына Марыі.
Шлях святасці, шлях простай веры і вернасці Богу, здзяйсняе свае вялікія справы. Бог ведае, як гэта зрабіць. Ад нас патрабуецца толькі вернасць Богу ў тым, што ў нашых сілах.
На жаль, вопыт нашага жыцця сведчыць, што мы па розных прычынах не гатовыя, а, магчыма, нават і не жадаем адказваць Богу сваёй любоўю. Замест любві, ад якой нараджаецца цярпенне, у нас часцей за ўсё ўзнікае нараканне, незадаволенасць усім і ўсімі. Але сённяшняе свята вучыць нас іншаму: хрысціянін за ўсё павінен быць удзячны Богу: і за радасць, і за гора, таму што ўсё, пасланае нам ад Яго, карысна для нас. Мы павінны з усёй сілай аддаваць Богу сваю ўдзячную любоў, а разам з Ім любіць і ўсіх тых людзей, што знаходзяцца побач з намі. У гэтай любові да Бога, Які перанёс жудасныя пакуты і прыняў смерць за нас, да Яго Прачыстай Маці і да ўсіх людзей – крыніца шчасця і блажэнства як тут, на зямлі, так і там, у будучым жыцці – у Царстве Божым. Вось да гэтага Царства і будзем ісці, пераадольваючы ўсе перашкоды і цяжкасці цяперашняга часу. Будзем усімі сіламі імкнуцца да таго, каб Гасподзь і Яго Прачыстая Маці былі з намі ва ўсе дні нашага зямнога, а таксама, і гэта галоўнае, падчас жыцця нябеснага! Амінь.