Навучаючы, я i сам вучуся…

1 (2)Для кожнага праваслаўнага беларуса царкоўнаславянская мова безумоўна з’яўляецца неад’емнай часткай рэлігійнага самавызначэння. Сёння мы пазнаёмімся з чалавекам, для якога богаслужэбная мова стала яшчэ і жыццём прафесійным. У нас у гасцях пабываў дацэнт Мінскай Духоўнай Акадэміі Алесь Віктаравіч Кароль.

— Алесь Віктаравіч, раскажыце, калі ласка, пра сябе, пра Вашае дзяцінства. Наколькі Вы глыбока ведаеце свае карані?

— Нарадзіўся я ў 1967 годзе на поўна чы Расіі, у Валагодскай вобласці, у беларускай сям’і. Бацькі далі мне нацыянальнае імя – Алесь, і ніхто мяне іначай ніяк не называў, толькі Алесь. У 1969 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь – і я з 6-гадовага ўзросту жыў у сям’і свайго прадзеда па лініі маці, протаіерэя Аляксія Маеўскага і яго сваякоў. Ён ужо быў у той час пажылы чалавек, пад 80 гадоў. А ўсяго ён праслужыў на адным і тым жа прыходзе 60 гадоў, і дзякуючы яму храм не быў закрыты ў савецкі час. Храм гэты знаходзіцца ў сяле Гарадзілава Маладзечанскага раёна. Менавіта там вельмі цікава і праходзіла маё дзяцінства. Абстаноўка ў доме прадзеда была своеасабліва старасвецкая: гэтыя людзі сфарміраваліся яшчэ да рэвалюцыі, таму многае расказвалі з тагачаснага жыцця. Яны вельмі любілі рускую класічную літаратуру і музыку. Каля хаты рос стары вялікі сад, вакол раскінуліся маляўнічыя пагоркі. У цэлым панавала атмасфера патрыярхальнай сузіральнасці і старэчай разважлівасці. Людзі ўсё ж пражылі доўгае жыццё, прайшлі праз такія ліхалецці, таму, вядома, былі вельмі асцярожлівыя. А эпоха 70-ых гадоў не спрыяла навучанню рэлігійным ісцінам. У храм мяне маці прыводзіла рэдка, але, бывала, аб гэтым даносілі ў школу. Тады класная кіраўніца выклікала маю маці і прасіла, каб дома мяне навучалі, як лічаць патрэбным, але не афішыравалі веру. Такім чынам, далучаны да веры я быў ужо ў дзяцінстве, хоць і павярхоўна.

— Скажыце, а само Таінства Хрышчэння калі было над Вамі здзейснена?

— У малечым узросце, у некалькі месяцаў. Сям’я ж была звязана з Царквой. Жылі ў доме святара, іконы паўсюль, бачыў, як маліліся. Памятаю дзіўныя рэчы, калі самі харысты на вялікія святы хадзілі і пад вокнамі спявалі калядкі і пасхальныя песнаспевы. Вось такія ўражанні засталіся са школьнай пары.

Пасля смерці прадзеда мы пера-ехалі ў Мінск у 1981 годзе, бо маці мая мела мінскую прапіску. Школу я заканчваў ужо ў Мінску, і знаёмства з выдатным беларускім паэтам Алесем Разанавым вызначыла маё далейшае паступленне ў 1984 годзе на беларускае аддзяленне філфака БДУ. Гэта была вельмі актыўная студэнцкая пара. Адбывалася спасціжэнне сусветнай культуры: наведванне бібліятэк, тэатраў, выставачных залаў, філармоніі. І па сённяшні дзень у сферы маіх асноўных цікавасцей застаюцца лінгвістыка, культуралогія, геаграфія і класічная музыка.

Пасля 2-га курса універсітэта я пайшоў у Савецкую Армію (тады не давалі адтэрміновак – заўв.рэд.) і трапіў па стане здароўя ў так званы «стройбат». І два гады я служыў у падмаскоўных Люберцах. Для студэнта гэта была суровая школа рэчаіснасці: узаемаадносіны будаваліся па законах, супрацьлеглых хрысціянскім. Мне тады дапамагала малітва, праўда, веру прыходзілася хаваць: і крыжык нельга насіць было, і ўвогуле нельга было прызнацца, што мае сваякі з царкоўнага асяроддзя. Адзінае, што ўзрадвала падчас службы, – гэта экскурсія ў Троіца-Сергіеву лаўру, хоць і наведалі мы, зразумела, толькі музей. Часы, праўда, ужо змяняліся: на двары быў 1988 год. Я са здзіўленнем убачыў у афіцыйных газетах, што Гарбачоў сустракаецца з Патрыярхам Піменам. Тады ўжо нешта зрушылася ў адносінах дзяржавы і Царквы. З’явілася надзея на паляпшэнне стаўлення да рэлігіі. У войску ў мяне была добрая магчымасць пазнаёміцца з мовамі розных народаў, бо са мною побач служылі прадстаўнікі ўсіх савецкіх рэспублік.

Пасля войска восенню 1988 года я вярнуўся на філфак і з вялікім задавальненнем зноў паглыбіўся ў вучобу. Сацыяльная абстаноўка ў канцы 80-х была ўжо зусім іншая, размаўляць можна было свабодна на розныя тэмы. Ужо было дазволена хадзіць у храмы, я бываў і на катэхізічных лекцыях свяшчэннікаў, у тым ліку протаіерэя Сергія Гардуна. Таксама мелі месца сустрэчы ў Акадэміі навук. Усё гэта было вельмі новым і цікавым. З’яўляліся артыкулы на царкоўныя тэмы, выходзілі дакументальныя фільмы. Вось у такіх умовах паступова выспявала ў мяне жаданне бліжэй пазнаёміцца з багаслоўскімі пытаннямі.

— Алесь Віктаравіч, Вы ўзгадалі пра айца Сергія Гардуна. А скажыце, каго Вы маглі б яшчэ назваць са свяшчэннікаў, хто на Вас меў духоўны ўплыў?

— Са свяшчэннікау моцна паўплываў на мяне былы настаяцель Гродзенскага сабора айцец Генадзій Яблонскі. Пазней я пазнаёміўся і з многімі іншымі свяшчэннікамі. У 90-ыя гады я ўдзельнічаў у брацтве ў імя Трох Віленскіх мучанікаў пры Петра-Паўлаўскім саборы г. Мінска.

— А калі адбылося Ваша знаёмства з Жыровічамі?

— У Жыровічы ўпершыню я прыехаў у 1990 годзе ў складзе групы слухачоў архітэктурных курсаў пры мастацкім музеі. Гэта была экскурсійная паездка, але ўражанне засталося ўсё роўна вялікае. Я вырашыў, што пасля заканчэння універсітэта варта працягваць вучобу ў Мінскай Духоўнай Семінарыі, якая тады толькі-толькі адкрылася. У 1991 годзе я скончыў філалагічны факультэт і абараніў дыпломную працу па сярэднявечнай беларускай літаратуры. Я папрасіў вольнае размеркаванне і паехаў паступаць у Мінскую Духоўную Семінарыю. У Жыровічах я меў намер не толькі вучыцца, але і выкладаць. Мой дыплом улічылі, і я быў прыняты на другі курс. Адначасова я выкладаў беларускую і рускую мовы, на якія адводзілася тады больш часу, чым цяпер. Былі вельмі арыгінальныя першыя наборы ў семінарыю. Вучыліся людзі самых розных лёсаў, і нават з розных рэспублік: з Украіны, з Малдовы, з Прыбалтыкі. Даволі многа было студэнтаў з вышэйшай адукацыяй і пасля службы ў арміі.

— Ці многія выпускнікі прымалі сан?

— Я не ведаю, як склаўся лёс ўсіх, але большая частка зараз служыць на прыходах. І не толькі ў Беларусі. Некаторыя мае аднакурснікі зараз з’яўляюцца маімі калегамі па выкладанні. Напрыклад, айцец Аляксандр Балоннікаў, айцец Генадзій Малееў, Віталій Віктаравіч Акімаў. На курс пазней ішлі айцец Сергій Лепін, айцец Віктар Васілевіч і айцец Андрэй Скробат. Так фарміравалася наша мясцовая выкладчыцкая традыцыя. У 1991 годзе семінарыя была яшчэ ў стадыі выпрацоўкі сваіх традыцый, бо гэта была эпоха значных выпрабаванняў сіл Духоўнай школы.

— А як аднесліся блізкія, знаёмыя, аднагрупнікі да таго, што Вы паступілі ў семінарыю?

— Тады гэта было даволі нязвыклым учынкам. Аднесліся, я думаю, з прыязнасцю і разуменнем. Навуковы атэізм у грамадстве ўжо быў не ў пашане.

Закончыў я семінарыю ў 1995 годзе. Ажаніўся, з 1996 года працягваў вучобу ў Акадэміі і выкладанне ў семінарыі. Асноўным маім прадметам стала царкоўнаславянская мова. Вельмі цікавы для мяне быў прадмет Гісторыя рэлігій свету. Яго тады ўвялі ў семінарскую праграму і даручылі мне выкладаць. Акадэмію я скончыў у 1999 годзе. Кандыдацкую працу абараніў па гісторыі царкоўнаславянскай мовы. Гэта быў самы першы выпуск МінДА, гады вучобы ў ёй праляцелі імгненна. Яшчэ некалькі год пасля таго я з цікавасцю хадзіў на лекцыі прыезжых прафесараў з Масквы і Пецярбурга.

— Вы жылі у манастыры, дзе знаходзіцца Жыровіцкая ікона Божай Маці. Як на Вас уздзейнічала манастырскае жыццё?

— У школьныя і студэнцкія гады я ведаў, што ў Мінску дзейнічалі толькі два храмы. Каля іх на вялікія святы дзяжурылі дружыннікі, якія не прапускалі падлеткаў і разбіраліся, хто ты і з якой школы. У 90-я гады, калі сталі адкрывацца храмы і назіраўся рэлігійны энтузіязм ва ўсім грамадстве, быў гонар, што мы нарэшце адраджаем спадчыну і ўдзельнікамі гэтай гістарычнай эпохі з’яўляемся. Вядома ж, пра Жыровічы расказваў усім знаёмым і адчуваў гонар, калі яны прыязджалі ў нашу беларускую «лаўру», хоць яна тады знешне была не ў такім велічным стане. Сам тады неафіцыйна праводзіў экскурсіі для дзеячоў беларускай культуры, можа і не вельмі знакамітых, але звязаных з маім універсітэцкім жыццём.

Ўсе пытаюцца пра навучальны працэс, пра тое, ці адрозніваюцца студэнты, што былі тады, ад сучасных. У кожную эпоху – свае студэнты, але ўсе ў такім узросце перапоўнены цягай да чагосьці новага, спробамі гэта новае ў сябе ўвабраць і ўсвядоміць. Гэта невыкараняльна са студэнцкага асяроддзя. Але пэўныя змены заўважаюцца. Тады (хоць склад студэнтаў быў і стракаты) каму было па душы царкоўнае жыццё, тыя цягнуліся да храма і без падрыхтоўкі ў нядзельных школах, без царкоўнага выхавання ў сем’ях. Ў людзей энтузіязм быў яшчэ моцны, свежы. Цяперашняе пакаленне я б назваў камп’ютэрным пакаленнем, яно больш прагматычнае, у яго менш цягі да класічнай культуры. Гэтае пакаленне больш паўсядзённа ставіцца да ўсяго царкоўнага, да традыцыі, у якой яно бесперашкодна выхоўвалася. Для мяне асабіста выкладанне ў семінарыі з’явілася аптымальным праяўленнем маіх цікавасцей і здольнасцей. У царкоўным асяродку я выкладаю гуманітарныя прадметы і стараюся даць студэнтам тое, што сам назбіраў за гады вучэння і што працягваю вышукваць для сябе. Потым гэта пераплаўляецца, сінтэзуецца і прапануецца як тэма для нейкіх разваг. Мне выкладаць цікава яшчэ і таму, што, калі агучваюцца нейкія канцэпцыі, гіпотэзы, яны крышталююцца ў словах, становяцца больш зразумелымі. Таму, навучаючы, я і сам вучуся. Асноўным сваім прадметам выкладання я лічу царкоўнаславянскую мову, на яе і больш гадзін вылучаецца. Гэта наша богаслужэбная мова, і не толькі ў Расіі, Беларусі і на Украіне, але і ва ўсіх праваслаўных славянскіх народах. Гэтая мова з’яўляецца носьбітам царкоўна-гістарычнай памяці, злучае сабой розныя эпохі.

— Скажыце, а ці думалі Вы пра хіратонію?

— Я разумею, што прыняцце свяшчэннага сана – гэта самы адказны крок у жыцці. Чалавек з глыбіні сябе павінен адчуваць вельмі моцнае пакліканне на служэнне. Для сябе асабіста я лічу, што выкладанне ў духоўнай навучальнай установе – гэта аптымальная дзейнасць. Богу можна служыць рознымі спосабамі і ў любым званні.

— А што б Вы маглі сказаць пра Вашае сямейнае жыццё? Як Вы пазнаёміліся са сваёй жонкай?

— Пазнаёміліся мы ў Жыровічах. Дакладней, яна збіралася паступаць у Педагагічны універсітэт, і наша агульная знаёмая дала ёй адрас маёй маці, у якой яна магла б пажыць падчас экзаменаў. Так мая маці пазнаёмілася з яе маці, якая таксама была веруючай. Ведаючы, што я жыў на той час у Жыровічах, яны вырашылі сюды прыехаць. Я іх вадзіў па манастыры і маляўнічых ваколіцах. Так наладзіліся кантакты, якія перараслі ў сяброўства з Наталляй, а потым у жаданне звязаць з ёй жыццё. Вянчаліся мы ў 1996 годзе ў Петра-Паўлаўскім храме г. Мінска ў майго былога аднакурсніка айца Аляксандра Гарбунова. Жонка мая таксама звязана з Царквой. Яна амаль штодзень спявае ў хоры. Яна мае гуманітарную адукацыю, але знайшла сябе ў царкоўных спевах. У нас ёсць дачка Надзея, з якой я звязваю свае спадзяванні. Пакуль у школе яе больш цікавіць матэматыка, чым гуманітарныя прадметы. Але я думаю, што яна падрасце і асвоіць і тую сферу, якая цікавіць мяне.

— У які храм вы ходзіце ў Мінску?

— Мы жывем на стыку двух мікра-раёнаў: Паўднёвага Захаду і Малінаўкі, таму я наведваю і Праабражэнскі храм, які адносіцца да Паўднёвага Захаду, і храм Опцінскіх старцаў ў Малінаўцы.

— Чым Вы займаецеся акрамя выкладання?

— Ў Мінску ў мяне былі спецкурсы па Новым і Старым Запавеце ва Універсітэце культуры. Там была ўмова выкладання па-беларуску. Таксама праводзіў спецкурсы па Новым Запавеце ў маладзёжным цэнтры пры прыходзе пр. Серафіма Сароўскага ў Малінаўцы. Таксама – курсы па Новым Запавеце. Удзельнічаю ў працы біблейскай камісіі па перакладзе Свяшчэннага Пісання на беларускую мову. Асноўныя мае заняткі звязаны з Царквой, а хобі ў мяне даволі разнастайныя. Мяне цікавіць класічная музыка, падарожжы, даследванне структуры розных моў.

— Што для вас Жыровічы?

— Жыровічы – гэта месца асаблівае для ўсёй Беларусі. Яно з’яўляецца ядром нашай рэлігійнасці. Тут людзі прывязваюцца не да велічных будынкаў, не да маляўнічых мясцін, а да той духоўнай традыцыі, якая захавалася у гэтым месцы болей, чым дзе ў Беларусі. Паколькі я многа гадоў ужо звязаны з Жыровічамі, то яны сталі значнай часткай майго жыцця. Тут месца маёй працы, дзе я магу неяк актыўна сябе праявіць. Таму манастыр, несумненна, падпітвае і натхняе на далейшае жыццё. Так вось я ў двух месцах і жыву: у Мінску і ў Жыровічах. Кожны тыдзень бываю і тут і там.

— Дзе б Вы хацелі яшчэ пабываць, куды марыце здзейсніць вандроўку?

— Рэальна пабываць далёка ад Беларусі не ўдаецца. Зараз ёсць магчымасці прагледзець змястоўныя відэафільмы пра розныя месцы. А пабываць хацеў бы ў краінах, якія малавядомыя для Беларусі, напрыклад, у Сербіі. Кантактаў з сербскай культурай у нас амаль няма альбо яны вельмі нетрывалыя. Трэба неяк выпраўляць сітуацыю, напрыклад, абменьвацца студэнтамі багаслоўскіх школ.

— Калі размова зайшла пра студэнтаў, то скажыце, ці адчуваеце, што прадметы, якія Вы выкладаеце, з’яўляюцца актуальнымі і патрэбнымі для семінарыстаў? І што Вам увогуле хацелася б ім пажадаць?

— Калі студэнты адгукаюцца, калі на іх тварах выражана прыманне або непрыманне матэрыялу, але не абыякавасць, то тады я разумею, што нездарма сяджу ў класе і нешта расказваю. Гэта, несумненна, узнагарода для выкладчыка, калі студэнту цікава, пра што яму гавораць.

А пажадаць студэнтам хацелася б шчырай веры, адказнасці за свае словы і ўчынкі, а таксама радаснага жадання вучыцца, набываць новыя веды.

 Матэрыял падрыхтавалi 
Ксенiя Нiкадзiмава, 
Андрэй Корзун

Рекомендуем

Вышел первый номер научного журнала "Белорусский церковно-исторический вестник"

Издание ориентировано на публикацию научных исследований в области церковной истории. Авторами статей являются преимущественно участники Чтений памяти митрополита Иосифа (Семашко), ежегодно организуемых Минской духовной семинарией.

Принимаются статьи в третий номер научного журнала "Труды Минской духовной семинарии"

Целью издания журнала «Труды Минской духовной семинарии» является презентация и апробация результатов научной работы преподавателей и студентов Минской духовной семинарии.