Светапогляд Скарыны

Імя Скарыны ведае кожны жыхар Беларусі. Не толькі дарослы чалавек, але нават кожны школьнік скажа, што Скарына – гэта наш беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, асветнік-гуманіст, вучоны-медык. Бясспрэчна, Скарына – наша славутасць, наш гонар.

Але ці ведаем мы Скарыну? Ці вядомы нам яго погляды на жыццё, яго думкі і мары, яго пачуцці? Вузкаму колу спецыялістаў – напэўна, так. Бо скарыназнаўчая літаратура у нас багатая. Але як нацыя, як народ, ці можам мы сказаць, што Скарына – наш, што мы – яго духоўныя нашчадкі, што думкі і пачуцці Скарыны сёння жывуць у нашым грамадстве? На жаль, не. Трэба гэта прызнаць. Мы ўсе ведаем імя Скарыны, але не ведаем яго як асобу. Успрыняць Скарыну як асобу – няпроста, нягледзячы на тое, што пішуць пра яго шмат. Бяда ў тым, што Скарыну вельмі мала чытаюць. А як інакш можна успрыняць духоўны свет чалавека, які жыў у XVI стагоддзі, калі не чытаць напісанага ім? Праўда, чытаць Скарыну без перакладу могуць далёка не ўсе: яго мова шмат у чым адрозніваецца ад нашай сучаснай. Але нам трэба чытаць Скарыну, уважліва ўглядацца і ўдумвацца ў словы, напісаныя ім, і старацца спасцігнуць яго думкі. Яшчэ адна перашкода для успрымання Скарыны нашымі сучаснікамі заключаецца ў тым, што яго вобраз моцна абцяжараны савецкімі ідэалагічнымі схемамі. Напрыклад, Міхаіл Піятуховіч (1891- 1938), аналізуючы прадмовы Скарыны да біблейскіх кніг, сцвярджае, што Скарына адносіцца да тэкстаў Свяшчэннага Пісання крытычна, каменціруе яго адвольна. Ён “поўны пачуцця ўласнай годнасці, ён ужо далёкі ад хрысціянскага ідэалу пакорлівасці” [Піятуховіч М. Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасць. // Чатырохсотлецце беларускага друку (1525-1925). Мн., 1926, с.178- 179]. Праз тры дзесяцігоддзі іншы савецкі літаратуразнаўца Віталь Вольскі (1901-1988) з упэўненасцю пісаў, што ў прадмовах Скарыны “цалкам адсутнічаюць царкоўныя элементы”. [Вольскі Віталі. Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпохі феадалізма. Мн., 1958, с.86]. Яго сучаснік Мікалай Алексютовіч (1921- 1967), які напісаў першую ў Савецкім Саюзе манаграфію пра Скарыну, выказваўся яшчэ больш рэзка. Ён запэўніваў чытача, што Біблія Скарыны “была выдадзена наперакор традыцыйным царкоўным устаноўкам і, мяркуючы па характару напісаных да яе прадмоў, не толькі не адпавядала духу артадаксальнага хрысціянства, але і была накіравана перш за ўсё супраць засілля і рэакцыйнай ролі духавенства, выступаючага ў масе сваёй ворагам навукі і прагрэсу” (Алексютовіч М.А. Скарына. Яго дзейнасць і светапогляд. Выдавецтва Акадэміі навук БССР. Мн., 1958, с.62).

На жаль, такога роду стэрэатыпы пра Скарыну ўсё яшчэ прысутнічаюць у грамадскай свядомасці. Многія пакаленні школьных настаўнікаў гісторыі і беларускай літаратуры навучаны ўспрымаць Скарыну як прагрэсіўнага гуманіста-асветніка, які хоць і не здолеў да канца парваць з рэлігіяй, але ў сваіх паводзінах і думках быў зусім далёкі ад хрысціянскага светапогляду. На самой справе, тэксты, напісаныя і выдадзеныя Скарынам, не даюць падставы сумнявацца ў тым, што Скарына ставіўся з вялікай пашанай і духоўным трымценнем як да Свяшчэннага Пісання, так і да праваслаўнага багаслужэння.

Многія нашы суайчыннікі з усёй творчай спадчыны Скарыны звычайна памятаюць толькі адзін фрагмент з яго прадмовы да кнігі Іудзіф:

“…паколькі ад прыроды звяры, якія ходзяць па пустыні, знаюць ямы свае, птушкі, якія лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, рыбы, якія плаваюць у моры і ў рэках, адчуваюць віры свае, пчолы і падобныя ім абараняюць вуллі свае, – то таксама і людзі, дзе яны нарадзіліся і былі выхаваны ў законе Божым, да таго месца маюць вялікую пяшчоту” (Тут і далей пераклад тэкстаў Скарыны на сучасную мову мой — заўвага аўтара).

Гэта сапраўды прыгожыя і паэтычныя словы, якія сведчаць пра тое, што любоў да сваёй краіны і свайго народа Скарына лічыў натуральным, ад прыроды ўласцівым кожнаму чалавеку пачуццем. Больш таго, у той жа прадмове Скарына падкрэслівае, што вобраз Іудзіфі павінен для ўсіх нас быць прыкладам самаахвярнага служэння Бацькаўшчыне. Трэба не шкадаваць “всякого тружания и скарбовъ для посполитого доброго и для отчины своея” (“усякай працы і матэрыяльных сродкаў для ўсеагульнага дабра і для Айчыны сваёй” [Предословие доктора Франъциска Скорины с Полоцька въ книги Иудифъ вдовици. – Біблія. Факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, выдадзенае Францыскам Скарынаю ў 1517-1519 гадах. Т.2. Мн. 1991, с.604]). Дзеля сваіх суайчыннікаў Іудзіф рызыкавала сваім жыццём, “выдала есть животъ свой на небезпеченство”, і Гасподзь Бог у гэтым яе подзвігу ёй дапамог, так што яна змагла перамагчы непераможнага. Такім чынам, Скарына на прыкладзе Іудзіфі вучыць нас, якой павінна быць наша любоў да Бацькаўшчыны, і запэўнівае нас, што калі яна будзе такой, то Гасподзь і нам дапаможа пераадолець жыццёвыя цяжкасці і ўмацуе нас.

Гаворачы пра любоў да сваёй радзімы, Скарына ўказвае, што родныя мясціны павінны быць дарагімі для людзей не толькі таму, што яны там нарадзіліся, але і таму, што яны там “ускормлены суть по Бозе”, г. зн. выхаваны ў набожнасці, у законе Божым. Такую любоў меў і сам Скарына да свайго роднага старажытнага Полацка, які ў сваіх пасляслоўях да біблейскіх кніг часта называў слаўным.

Францыск Скарына жыў у эпоху вялікіх навуковых адкрыццяў, небывалага ўздыму культуры і асветы. Ён пабываў у многіх краінах, многа пабачыў і зведаў, дасягнуў вышынь еўрапейскай адукаванасці і вучонасці. І пасля таго, стаўшы доктарам медыцыны, ён аддае ўсе сілы, веды і талент адной справе, якую лічыць самай важнай і ў якой бачыць галоўны сэнс свайго жыцця – выданню кніг Свяшчэннага Пісання і праваслаўных богаслужэбных тэкстаў. Чаму да Бібліі і літургічных тэкстаў Праваслаўнай Царквы звяртаецца наш славуты продак? Чаму ён, доктар медыцыны, не выдае творы тых вучоных, філосафаў, медыкаў, якія ён вывучаў у розных універсітэтах і цану якім добра ведаў? Адказ на гэтае пытанне вельмі важна ведаць усім нам, нашчадкам Скарыны, і асабліва важна ведаць гэта школьным настаўнікам. Мне не раз даводзілася чуць вельмі павярхоўны адказ: маўляў, у тыя далёкія часы ўсе пісалі толькі на багаслоўскія тэмы і выдавалі толькі царкоўныя кнігі, нічога іншага і быць не магло, час такі быў, сярэднявечча. Гэта тыповы адказ чалавека, які жыве стэрэатыпамі і проста не хоча ад іх адмовіцца. Зусім не цяжка пераканацца, што гэта не так. Для гэтага дастаткова ўспомніць імёны вучоных або філосафаў, якія жылі ў Еўропе ў XV-XVI стагоддзях, і пашукаць у любой энцыклапедыі пералік іх навуковых прац. Згадаем, напрыклад, знакамітага Мікалая Каперніка (1473-1543), сучасніка Скарыны. У адрозненні ад Скарыны, які быў звычайным праваслаўным хрысціянінам, а не “сярэдневяковым манахам”, як аднойчы здзекліва абазваў яго вядомы партыйны дзеяч В.Г. Кнорын (1890-1939), Капернік па роду сваёй дзейнасці быў каталіцкім свяшчэннікам, яле яго больш цікавіла астраномія, чым багаслоўе, таму і ў гісторыю ён увайшоў не як красамоўны прапаведнік ці знакаміты экзегет, а як славуты астраном, стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету. Так што ў тым самым сярэднявеччы польскі ксёндз Мікалай Капернік вывучаў рух нябесных цел і пісаў навуковыя працы па астраноміі, а доктар медыцыны Францыск Скарына пісаў прадмовы да біблейскіх кніг і складаў акафісты.

Возьмем яшчэ адзін прыклад, менш вядомы, але, здаецца, не менш цікавы. Першым выхадцам з усходніх славян, які атрымаў у еўрапейскім універсітэце ступень доктара медыцыны, быў Георгій Катэрмак (1450-1494). Ён нарадзіўся ў заходнеукраінскім горадзе Драгобыч, вучыўся, як пазней Скарына, у Кракаўскім універсітэце, потым у Італіі, працаваў лекарам, а з 1487 г. займаў пасаду экстраардынарнага прафесара Кракаўскага універсітэта. З яго пяці навуковых прац ніводная не носіць багаслоўскага характару. Самая вядомая з іх – кніга на лацінскай мове “Прагнастычная ацэнка бягучага 1483 года”, надрукаваная ў Рыме ў 1483 г. Кніга змяшчае ў сабе звесткі з геаграфіі, астраноміі, метэаралогіі і медыцыны. Дарэчы, яна з’яўляецца першым у свеце друкаваным выданнем аўтара, які паходзіць з усходнеславянскіх зямель. Дык вось, Георгій Катэрмак (або Юрый з Драгобыча, як ён падпісваў свае працы), будучы доктарам медыцыны, займаўся медыцынскай практыкай і навуковай працай, а доктар Францыск Скарына з Полацка пачаў друкаваць кнігі Свяшчэннага Пісання. Чаму? Скарына адказвае на гэтае пытанне, калі ў прадмове да Бібліі піша:

«У гэтай кнізе ўсёй прыроднай мудрасці пачатак і канец: праз яе пазнаецца Бог Уседзяржыцель. У гэтай кнізе напісаны ўсе законы і правы, якімі людзі на зямлі павінны кіравацца. У гэтай кнізе ўсе лекі для душы і цела ў поўнай меры знойдзеце. Тут навучанне філасофіі добрых паводзін, што мы павінны любіць Бога дзеля самога сябе і бліжняга дзеля Бога. Тут кіраванне ўсякай грамадой людской і ўсякім горадам, каб вераю, узаемнай прыязнасцю і згодаю памнажалася агульнае дабро»

Такім чынам, Скарына сцвярджае, што ў Бібліі – уся паўната Бажэственнага Адкравення, якім павінны людзі кіравацца і ў асабістым, і ў грамадскім жыцці. Скарына таксама ўказвае, што ў біблейскіх кнігах можна знайсці шмат цікавых і карысных звестак з розных галін чалавечых ведаў – філасофіі, гісторыі, логікі, паэзіі. На падставе гэтых слоў з прадмовы да Бібліі многія даследчыкі савецкага перыяду сцвярджалі, што ў рэлігійных кнігах Скарына “шукаў карысныя звесткі па гісторыі, геаграфіі, прыродазнаўчых навуках, зусім не цікавячыся іх дагматычным бокам”[Перцаў У.М., акадэмік АН БССР. Прадмова да кнігі М.А. Алексютовіча “Скарына. Яго дзейнасць і светапогляд”. Мн., 1958, с.4] , “разглядаў біблейскія кнігі як крыніцу свецкіх ведаў”[Алексютовіч М.А. Скарына. Яго дзейнасць і светапогляд. Мн., 1958, с.63] і тым самым пазбаўляў Біблію яе “аўтарытэту свяшчэннай кнігі”[Свяжынскі У.М. Слова Скарыны. Мн., “Народная асвета”, 1984, с.16]. Такія вывады – яўнае скажэнне думкі Скарыны. Сказаўшы пра тое, што ў Бібліі можна знайсці шмат карысных звестак з розных навук, Скарына затым выразна падкрэслівае, што не гэта – галоўнае ў Бібліі. А што ж ў ёй самае важнае? Вось як на гэта адказвае Скарына:

«Найперш за ўсё мы, хрысціяне, ведаючы, што ўсе навукі – мінучыя, маем патрэбу ў вечным – у спасенні душы»

Скарына, які дасягнуў вышынь еўрапейскай вучонасці, які ведае, што такое навука, і цэніць яе, сцвярджае, што ўсе навукі маюць часовы і зменлівы характар, а мы, хрысціяне, вучоныя і невучоныя, перш за ўсё павінны дбаць пра вечнае спасенне сваёй душы. Як дасягнуць яго? Скарына раіць нам:

«Будзем жа пастаянна чытаць Святое Евангелле і, чытаючы яго, пераймаць учынкі нашага Збавіцеля Іісуса Хрыста. І так з Яго дапамогаю мы ўвойдзем у жыццё вечнае і ў Царства Нябеснае, падрыхтаванае для выбраннікаў Божых»

У сваёй прадмове да ўсёй Бібліі Скарына гаворыць пра яе склад, пералічвае кнігі, якія ўваходзяць у Біблію, і вельмі коратка акрэслівае іх змест. З усіх біблейскіх кніг Скарына асабліва вылучае Евангелле і заклікае пастаянна чытаць яго. Гасподзь Іісус Хрыстос – вось духоўны арыенцір, які ўказвае нам Скарына. У той жа прадмове Скарына піша, што чатыры евангелісты – Матфей, Марк, Лука і Іаан – у чатыры бакі свету нясуць імя Гасподняе, як калясніца і прастол Жыццепачатнай Троіцы [Предъсловие доктора Франъциска Скорины с Полоцька во всю Бивлию рускаго языка. – Біблія. Факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, выдадзенае Францыскам Скарынаю ў 1517- 1519 гадах. Т.1, Мн., 1990. с.16].

Як вядома, Скарына пачынае сваю выдавецкую дзейнасць у 1517 годзе і першай з усіх біблейскіх кніг ён выдае Псалтыр (дата выдання пазначана 6 жніўня – на свята Праабражэння Гасподняга). Псалтыр – самая пашыраная і любімая на праваслаўнай Русі кніга Бібліі. Псалтыр можна назваць кнігай малітвы, бо псалмы – гэта па сутнасці малітвы. Той факт, што Скарына пачынае сваю выдавецкую дзейнасць з Псалтыра, з’яўляецца пераканаўчым сведчаннем таго, што на першым месцы ў Скарыны былі не інфармацыйна-асветніцкія мэты, як нярэдка сцвярджаюць. Калі б гэта было так, то Скарына аддаў бы перавагу такім кнігам Бібліі, як Выхад, кніга Суддзяў, кнігі Царстваў, якія сапраўды багатыя на гістарычныя звесткі. А Псалтыр – гэта кніга рэлігійнай паэзіі і кніга малітвы. Значыць, галоўнай для Скарыны была мэта духоўная. Першае, што дае Скарына свайму народу – гэта кніга малітвы, Псалтыр. Ф.Скарына ясна разумее значэнне Псалтыра ў духоўным жыцці хрысціяніна і ў прадмове да яго піша, што псалмы – гэта Немагчыма не звярнуць увагу на тое, з якой любоўю, з якім замілаваннем, з якой пяшчотай Скарына піша пра Псалтыр. Так можа пісаць чалавек, які сам моліцца, які спазнаў асалоду малітвы, радасць малітвы, суцяшэнне ў малітве. Вось яшчэ ўрывак са Скарынавай прадмовы да Псалтыра: (гл. на др. стар.)

«нібы ўмяшчальня ўсіх дарагіх скарбаў; яны ўсякія немачы, духоўныя і цялесныя, вылечваюць, душу і розум асвятляюць, гнеў і ярасць уціхамірваюць, мір і спакой ствараюць, смутак і тугу адганяюць, натхненне ў малітвах даюць, людзей у прыязнь зводзяць, спагаду і міласць умацоўваюць, дэманаў выганяюць, ангелаў на дапамогу заклікаюць»

Выдаючы сваю першую кнігу, Скарына пераконвае чытача, якая яна карысная і патрэбная, і заклікае ўсіх да малітвы. Канешне, Скарына з дзяцінства ведаў Псалтыр. Магчыма, гэта была яго першая кніга, бо ў тыя часы было прынята па Псалтыру і Часаслову вучыць дзяцей чытаць. Цяпер для гэтага ўжываюць буквары, але давайце паверым нашаму першадрукару і будзем самі чытаць і дзяцей нашых знаёміць з тымі кнігамі, якія ён выдаваў. Пра свае матывы выдання Псалтыра Скарына піша:

«І бачачы такую карысць у такой малой кнізе, я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, загадаў надрукаваць Псалтыр рускімі словамі і славянскай мовай найперш на пашану і пахвалу Богу, у Троіцы адзінаму, і Прачыстай Яго Маці Марыі, і ўсім нябесным чынам і святым Божым угоднікам, а потым на карысць агульнага дабра, найболей жа з той прычыны, што мяне міласцівы Бог з той мовы на свет пусціў»

Праз месяц пасля першай кнігі, 10 верасня, Ф. Скарына выдае яшчэ адну біблейскую кнігу – кнігу Іава. І гэтая кніга не багатая на гістарычны матэрыял, але яна адрозніваецца цэласнасцю сюжэта і яркай вобразнасцю. Іаў заўсёды ўспрымаўся як узор лагоднасці, цярпення, пакорнасці волі Божай. Так успрымае Іава і Скарына, і ён у прадмове да кнігі звяртаецца да чытыча словамі з саборнага Паслання святога апостала Іакава, дзе маецца заклік браць прыклад з Іава. Скарына заклікае чытача задумацца над пытаннямі, чаму Бог людзям до брым і праведным часам дапускае цярпець беды і немачы, а злым і несправядлівым дае шчасце і здароўе, і які будзе канчатковы лёс добрых і злых. Выдавец указвае, што ў кнізе Іава Бог адкрывае нам гэтыя таямніцы. І таму Скарына перакананы, што «кнігу гэтую «кожнаму чалавеку трэба чытаць, бо яна – люстэрка нашага жыцця, лекі для душы, суцяшэнне ўсім смутным, а найболей тым, якія знаходзяцца ў бедах і немачах, ісцінная надзея паўстання з мёртвых і вечнага жыцця».

Рекомендуем

Вышел первый номер научного журнала "Белорусский церковно-исторический вестник"

Издание ориентировано на публикацию научных исследований в области церковной истории. Авторами статей являются преимущественно участники Чтений памяти митрополита Иосифа (Семашко), ежегодно организуемых Минской духовной семинарией.

Принимаются статьи во второй номер научного журнала "Труды Минской духовной семинарии"

Целью издания журнала «Труды Минской духовной семинарии» является презентация и апробация результатов научной работы преподавателей и студентов Минской духовной семинарии.