Святапогляд Скарыны. Працяг.

Менавіта жаданне прынесці духоўнае суцяшэнне пакутлівым душам і заклікаць чалавека да глыбокага роздуму над жыццём і было прычынай выдання кнігі Іава. У канцы прадмовы Скарына піша:

“І таму я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, ведаючы тое, што найвышэйшая мудрасць – гэта роздум пра смерць і пазнанне самога сябе, і памяць пра будучыя рэчы, загадаў надрукаваць кнігу святога Іава на рускай мове Богу на пашану і простым людзям для навучання”.

Да канца 1517 года Ф. Скарына выдае яшчэ дзве біблейскія кнігі: Прытчы Саламона (6 кастрычніка) і кнігу Іісуса, сына Сірахава (2 снежня). Абедзьве кнігі – вучыцельныя. У прадмовах да іх Скарына матывуе іх выданне жыццёвай неабходнасцю. Скарына ўпэўнены, што

“без страху Божага, без мудрасці і без добрых звычаяў немагчыма дастойна і нармальна жыць людзям на зямлі”.

І вось каб выхаваць у грамадстве страх Божы, каб навучыць людзей той мудрасці, якая паходзіць ад Бога (Іак. I, 5), і добрым звычаям, якія грунтуюцца на запаведзях Божых, Скарына і друкуе Прытчы Саламона

“найперш дзеля пашаны і пахвалы Стварыцелю, Спасіцелю, Уцяшыцелю Богу, у Троіцы адзінаму, і Прасвятой, Найблагаславеннейшай, Прачыстай Маці Яго і ўсім нябесным чынам і святым угоднікам і ўгодніцам Божым, а затым людзям простым, звычайным на карысць і дзеля памнажэння добрых звычаяў, каб, навучыўшыся мудрасці, добра жывучы на свеце, Міласцівага Бога хвалілі адпаведна таму, як належыць вялікай вышыні і магутнасці Яго святога імя”

Звернем увагу, з якім благагавеннем і пашанай Скарына згадвае пра Бога, пра Прачыстую Багародзіцу і пра святых угоднікаў Божых. Адзначым адну з асаблівасцей мовы Скарыны: у яго ёсць асаблівае слова “святица” для абазначэння святой угодніцы.

У 1518 годзе у Празе Скарынам выдаюцца наступныя кнігі: 2 студзеня – Эклезіяст, 9 студзеня – Песня Песняў, 19 студзеня – кніга Прамудрасці Саламона, 10 жніўня – кнігі Царстваў і, нарэшце, 20 снежня – кніга Іісуса Навіна. Як мы бачым, за гістарычныя кнігі Скарына бярэцца толькі пасля таго, як закончыў выданне вучыцельных кніг. З названых кніг хацелася б спачатку спыніць увагу на кнізе Песня песняў. Кніга гэтая у свецкай літаратуры называецца часта паэмай пра каханне і па форме сваёй сапраўды такой з’яўляецца. Некалі ў старажытнасці былі нават сумненні ў яе кананічнасці. Але па глыбіннаму зместу свайму гэта кніга пра Бога і Царкву. У прадмове Скарыны да Песні песняў мы знаходзім глыбокае праваслаўнае разуменне духоўнага сэнсу кнігі.

“З гэтай песні Саламонавай мы ясна можам зразумець найвялікшую і невымоўную міласць і любоў Божую, якую Ён меў да нас, грэшных. Бо Ён не пагрэбаваў сысці на зямлю з найвышэйшага прастола Свайго. Як каханак да каханай сваёй, або як жаніх да нявесты сваёй, так і Хрыстос да Царквы Сваёй прыйшоў, калі ўцялесніўся ад Прачыстай Дзевы, Маці Сваёй Марыі. […] І гэты шлюб адбыўся ў час распяцця Госпада нашага Іісуса Хрыста, калі Ён вісеў на Крыжы і сказаў: “здзейснілася”. Вось там Ён павянчаўся з Царквою Сваёю і потым аддаў дух Свой у рукі Богу, Айцу Свайму”

Далей гэты паэтычны вобраз вяселля Скарына разгортвае і дае больш падрабязнае тлумачэнне кнігі, але пры гэтым ні ў чым не адступае ад праваслаўнай экзегетычнай традыцыі:

“Як на вяселлі бываюць розныя асобы: першая – жаніх, другая – нявеста, трэція – сябры жаніха, а чацьвёртыя – сяброўкі нявесты, так і ў кнізе гэтай чатыры галасы, якія паміж сабою размаўляюць, выдзелены чырвоным колерам. Голас Хрыстоў – гэта жаніх; голас Царквы Хрыстовай – гэта нявеста; голас Апосталаў – а гэта сябры жаніха; голас дзяўчат, які абазначае дзяцей Царквы Хрыстовай. Таксама ёсць і пяты голас – зборышча жыдоў, якія з-за нявер’я свайго не прынялі закона Хрыстовага і не прыйшлі на вяселле гэтае”

Потым Скарына супастаўляе змест Песні песняў з евангельскай прытчай пра пакліканых на вяселле (Мф. XXII, 2-14; Лк. XVI, 16-24) і, нарэшце, вельмі ўдала праводзіць паралель паміж Евай, фізічнай маці роду чалавечага, і Царквою, нашай духоўнай Маці:

“Як Ева, маці ўсіх людзей, была створана з косці Адама, які спаў у раі, так і Царква Хрыстова, Маці ўсіх хрысціян, утворана з боку Сына Божага, Які вісеў на Крыжы. І як ад той першай маці мы атрымалі быццё па плоці і крыві пры нараджэнні, так і ад Царквы Хрыстовай веру, благадатныя дары і сілы мы атрымліваем пры хрышчэнні. І як па плоці мы – сыны Адамавы, так па духу – сыны Хрыстовы. Па гэтай прычыне правільна называецца ў гэтай кнізе Хрыстос жаніхом і каханкам, а Царква Святая – Яго нявестай і сяброўкай”.

Прыведзеныя толькі што цытаты даюць, я думаю, поўную падставу гаварыць пра Скарыну як пра хрысціянскага экзегета. Яны чарговы раз з усёй відавочнасцю абвяргаюць настойлівыя сцвярджэнні многіх савецкіх даследчыкаў пра тое, што “Скарына акцэнтуе ўвагу на маральна-этычным баку зместу Бібліі, ігнаруючы пры гэтым яе рэлігійнадагматычны змест” (Свяжынскі У. М. Словы Скарыны. Мн., “Народная асвета”, 1984, с. 18.)

Прадмова да “Песні песняў” – адзін з тых твораў Скарыны, які мае глыбокі багаслоўскі змест. Гэты і падобныя тэксты Скарыны савецкія даследчыкі абміналі, не заўважалі і такім чынам фарміравалі неадэкватны вобраз Скарыны. З-за браку багаслоўскіх ведаў многія даследчыкі і цяпер не разумеюць Скарыну і ўспрымаюць яго скажона.

Звяртае на сябе ўвагу грунтоўная прадмова Скарыны да кнігі Іісуса Навіна. У ёй аўтар перш за ўсё знаёміць чытача з галоўным персанажам кнігі – правадыром ізраільскага народа Іісусам Навінам, які ўвёў старажытных яўрэяў у зямлю абетаваную. Пры гэтым Скарына робіць вельмі цэнную заўвагу, якая тлумачыць, чым гэтая зямля дарагая нам, хрысціянам:

“У гэтай зямлі быў Іерусалім, найслаўнейшы горад, у якім Спасіцель наш Іісус Хрыстос, Сын Бога Жывога, папакутаваць пажадаў за нас, грэшных, і Кроў Сваю Найсвяцейшую праліў, і зямлю тую асвяціў, таму яна і называецца Святой Зямлёй”.

У прадмове Скарына таксама ўказвае, што абетаваная зямля мае правобразнае значэнне:

“Гэтая зямля азначае Царства Нябеснае і горні Іерусалім. Бо як Іісус, сын Навіна, увёў народ ізраільскі ў зямлю абетаваную, так Іісус, Сын Божы, увёў веруючых у Яго ў Царства Нябеснае, якое з’яўляецца зямлёю жывых”

Пацвердзіўшы сваю думку шматлікімі спасылкамі на Свяшчэннае Пісанне, Скарына робіць наступны вывад:

“А з гэтага мы ясна можам разумець, што тое ўвядзенне ў зямлю [абетаваную] сыноў Ізраіля азначала наша збаўленне ад смерці вечнай; бо што праз непаслушэнства першы Адам страціў, тое праз пакуты другі Адам [гэта значыць Хрыстос] вярнуў, калі на Крыжы за нас вісеў і сказаў разбойніку: «Праўду кажу табе: сёння са мною будзеш у раі»”.

Раскрываючы вобраз праведнага Іісуса Навіна, Скарына ў сваёй прадмове тлумачыць чытачам, што Іісус Навін з’яўляецца правобразам Іісуса Хрыста, нашага Госпада і Спасіцеля. Пры гэтым Скарына ўказвае на шэраг дэталей і падзей біблейскай гісторыі:

“Дык вось, як імем падобны быў Іісус, сын Навіна, Іісусу, Сыну Божаму, так і вобраз Яго ён нясе на сабе”

Працяг у наступным нумары. Протаіерэй Сергій Гардун, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі.

Рекомендуем

Вышел первый номер научного журнала "Белорусский церковно-исторический вестник"

Издание ориентировано на публикацию научных исследований в области церковной истории. Авторами статей являются преимущественно участники Чтений памяти митрополита Иосифа (Семашко), ежегодно организуемых Минской духовной семинарией.

Принимаются статьи во второй номер научного журнала "Труды Минской духовной семинарии"

Целью издания журнала «Труды Минской духовной семинарии» является презентация и апробация результатов научной работы преподавателей и студентов Минской духовной семинарии.