Светопогляд Скарыны. Пратяг
Звернем увагу на цікавую дэталь у тэксце Скарыны: гаворачы пра падабенства імені сына Навінава і Хрыста, Скарына, аднак, паслядоўна іх адрознівае ў напісанні. Імя старазапаветнага праведніка ён пачынае з васьмярычнага “И”, а імя Спасіцеля – з дзесяцярычнага “І”. Так Скарына адначасова ўказвае і на падабенства, і на адрозненне гэтых асоб, што мы назіраем таксама і ў прыведзеных Скарынам наступных прыкладах:
“Калі таго Іісуса, сына Навіна, Маісей пасылаў супраць амалекіцян […] то ўказваў, што Бог, Айцец Нябесны, пашле Іісуса, Сына Свайго, дзеля спасення людзям грэшным. Бо так узлюбіў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, а меў жыццё вечнае”.
Заўважу, што апошні сказ з’яўляецца дакладнай цытатай з Евангелля (Ін. ІІІ, 16). І трэба адзначыць, што Скарына ў сваіх каментарыях старазапаветных кніг пастаянна спасылаецца на новазапаветныя тэксты і такім чынам прытрымліваецца аднаго з прынцыпаў хрысціянскай герменеўтыкі – тлумачыць Стары Запавет у святле Новага Запавету.
“Таксама як перад Іісусам, сынам Навіна, воды Іарданскія расступіліся, так і Спасіцелю нашаму Іісусу, Сыну Божаму, калі Ён хрысціўся ў тым жа Іардане, тады раскрыліся Яму нябёсы і Ён убачыў Духа Божага, Які сыходзіў, як голуб, і набліжаўся да Яго”.
“Гэты Іісус Навін абрэзаў сыноў Ізраілевых нажамі каменнымі. Гасподзь жа наш Іісус Хрыстос, Які з’яўляецца каменем краевугольным, абрэзаў сэрцы нашы словамі Сваімі святымі, як усклікае прарок: «Пасля тых дзён, – кажа Гасподзь, – Я ўкладу закон Мой у думкі іх, і на сэрцах іх напішу яго, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам». Гэты трубамі Іерыхон разбурыў, а Сын Божы евангелістамі ўвесь свет асвятліў. Гэтаму сонца стала на адным месцы, і яно ў час распяцця Хрыста надзвычайным спосабам спачуванне да нявіннай мукі Свайго Стварыцеля паказала. Гэты многіх цароў паразіў, а Сын Божы сатанінскае незлічонае царства знішчыў”.
І, нарэшце, яшчэ адна фраза з прадмовы Ф.Скарыны да кнігі Іісуса Навіна, якая пераканаўча сведчыць, што Скарына бачыў у вобразе галоўнага персанажа кнігі правобраз Спасіцеля:
“Іісус, сын Навіна, кіраваў сынамі Ізраілевымі дваццаць сем гадоў, а Іісус Хрыстос царстваваць будзе вечна”.
Вельмі змястоўнай з’яўляецца таксама прадмова Ф.Скарыны да кнігі Выхад. Коратка пераказаўшы змест кнігі, наш першадрукар разважае пра значэнне кнігі для нас, хрысціян:
“На што ўказвала цялесная няволя сыноў Ізраілевых у Егіпце? Ці не на няволю нашых душ?”.
Пры гэтым Скарына ўказвае на адну цікавую дэталь, якую рэдка можна сустрэць нават у спецыяльнай літаратуры. Справа ў тым, што карэнныя егіпцяне – копты – сваю краіну называюць не Егіптам (гэта грэчаская назва) і не так, як яна называецца афіцыйна на арабскай мове – Міср, а словам Кімет, што значыць “чорная” (маецца на ўвазе чорная зямля, чарназём, у адрозненні ад “чырвонай зямлі” – пустыні)(Глубоковский Н.Н. Библейский словарь Сергиев ПосадДжорданвилль, 2007, с.232). Скарына прапануе алегарычнае тлумачэнне гэтай назвы і ў сваёй прадмове сцвярджае:
“Егіпет жа па-руску азначае «цемра», а з яе нас вывеў Сын Божы. Бо Ён – святло ісціннае, якое асвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у свет”.
У апошнім сказе Скарына зноў спасылаецца на Евангелле (Ін. І, 9). Адным з самых важных правобразаў кнігі Выхад Скарына лічыць неапалімую купіну. Вядома, што такой назвы ў біблейскім тэксце няма. Сам Скарына, перакладаючы кнігу Выхад, замест царкоўнаславянскага слова «купина» ужывае слова «кустъ». Словазлучэнне «неопалимая купина» – гэта ўстойлівы выраз з праваслаўнага багаслужэння. Напрыклад, у царкоўнай службе утрані Нядзелі пятай пасля Пасхі мы чуем: «Неопалимую купину Тя законоположитель зряше древле, Даниил же гору святую смотряше, едина Дево Мати Владычице» (Триодь Цветная. М., 1975, л.136). У багародзічным каноне першага гласа ў панядзелак на павячэр’і ёсць такія словы, звернутыя да Прасвятой Багародзіцы: «Сокровенно тайне являше Тя купину Моисей неопалимую, Богородице Владычице, вещественная бо Твоя ложесна не опалишася Божеством» (Октоих, сиречь Осмогласник. Гласы 1-4. М., 1981, с.81). Ужыванне Скарынам гэтага спалучэння сведчыць пра веданне ім праваслаўнага багаслужэння, а раскрыццё гэтага правобраза ў прадмове выяўляе жаданне першадрукара дапамагчы чытачу больш глыбока разумець не толькі біблейскі тэкст, але і царкоўную службу. Скарына піша:
“Купіна неапалімая, у якой явіўся Бог Маісею, гэта значыць куст зялёны, які гарэў і не згараў, ясна паказвала зачацце без семені Сына Божага. Ён прайшоў улонне Прачыстай Дзевы, як сонца праз шкло, не парушаючы замкнёнай дзявоцкасці Яе, як усклікаў прарок: «Вось, Дзева ва ўлонні зачне і народзіць Сына, і будзе дадзена імя Яму – з намі Бог»”
Прыведзены вышэй фрагмент з усёй відавочнасцю сведчыць пра строга царкоўны, глыбока праваслаўны характар тлумачэння Скарынам біблейскага тэксту. Ён абапіраецца на праваслаўнае богаслужэнне, на традыцыйнае святаайцоўскае разуменне Свяшчэннага Пісання, заўжды падмацоўвае свае тэзісы спасылкамі на прарокаў, евангелістаў або іншых апосталаў. У дадзеным выпадку Скарына спасылаецца на вядомае прароцтва святога Ісаіі (Іс. VII, 14), якое прыводзіць у сваім Евангеллі апостал Матфей (Мф. І, 23).
У той жа прадмове Скарына ўказвае і на іншыя правобразы, якія маюцца ў кнізе Выхад:
“Пасхальнае ж ягня яўна указвала на нявінную муку Госпада нашага, як казаў пра Хрыста прарок: «Мяне ж, як ягня ціхае, на закаленне вялі»”
Тут Скарына цытуе святога прарока Іерамію (ХІ, 19).
“Пераход жа сыноў Ізраілевых пасярод Чырвонага мора ўказваў на хрышчэнне ў Хрыстову веру, як апостал Павел піша: «Не хачу ж вас, браты, пакінуць у няведанні, што бацькі нашы ўсе пад воблакам былі, і ўсе праз мора прайшлі, і ўсе ў Маісея хрысціліся ў воблаку і ў моры». А манна з неба і вада з цвёрдага каменя, дадзеныя яўрэям у пустыні, абазначалі святыню Цела Хрыстовага, нам пакінутую на зямлі для спасення душы”.
Апошні свой тэзіс Скарына падмацоўвае спасылкамі на шосты раздзел Евангелля паводле Іаана, прыводзячы адтуль словы Спасіцеля пра Хлеб Нябесны (Ін. VI, 32-35). Коратка, але выразна наш першадрукар і асветнік нагадвае нам, што дзеля спасення душы нам усім неабходна прычашчацца святыні Цела Хрыстовага.
Падрабязнай прадмовай Скарына суправаджае таксама кнігу Левіт. Ён расказвае пра змест кнігі, пра разнастайныя ахвяры, якія прыносілі Богу ў старазапаветную эпоху, а потым звяртаецца да сваіх чытачоў з такімі словамі:
“А калі хто папытае ў вас, навошта ж Гасподзь Бог устанавіў ахвяры прыносіць і над імі грахі спавядаць і крывёю іх акрапляцца, хоць і немагчыма ёю ачысціцца … на гэта так адказвайце: тыя ўсе ахвяры і прынашэнні патрэбны былі дзеля ўказання і правобраза будучага часу, калі Спасіцель наш Іісус Хрыстос Крывёю Сваёю нявіннаю віны нашы перад Богам Айцом ачысціў”.
У прадмове да кнігі Левіт ёсць адна кароткая заўвага вельмі асабістага характару. Скарына піша, што ў тыя далёкія часы людзі прыносілі Богу розныя ахвяры: валоў, ягнят, казлоў, але бедныя людзі часта не маглі аддаць у ахвяру ўкормленае цяля, і тады яны прыносілі Госпаду ўсяго толькі невялічку меру («мерицу») пшанічнай мукі. І далей ён працягвае:
“Так і мы, браты, паколькі не можам чымсьці вялікім паслужыць простаму люду рускай мовы, прыносім яму гэтыя малыя кніжкі працы нашай”.
У гэтых кароткіх словах Скарыны мы адчуваем яго гарачае жаданне зрабіць усё, што ён можа, для свайго народа, і яго сціпласць, і яшчэ ўсведамленне таго, што яго выдавецкая дзейнасць, кнігі, якія ён друкуе – гэта свайго роду ахвяра, прынашэнне, служэнне Богу.
Будучы хрысціянінам і чалавекам высокай духоўнай культуры, Скарына быў не проста сціплым чалавекам. У ім можна заўважыць і больш глыбокую рысу характару, якая на царкоўнаславянскай мове называецца словам «смирение», а на беларускую звычайна перакладаецца словам “пакорлівасць”. Сутнасць гэтай уласцівасці старажытнымі хрысціянскімі падзвіжнікамі выказана так: “Сапраўдны поспех душы заключаецца ў тым, каб з кожным днём рабіцца больш пакорным Богу і казаць сабе: кожны чалавек лепшы за мяне” (Настольная книга священнослужителя. Т.7. М., 1994, с.174). Немагчыма не заўважыць сапраўнага хрысціянскага смірэння Скарыны, калі ў канцы сваёй прадмовы да ўсёй Бібліі ён піша:
“Гэтых кніг усёй Бібліі я паводле малога розуму майго коратка выклаў змест. А калі я ў чым памыліўся, то вы, разумнейшыя, папраўце, прашу вас дзеля Бога і дзеля ўсеагульнага дабра”.
Друкуючы біблейскія кнігі і пішучы да іх свае прадмовы, Скарына часта нагадвае сваім чытачам, што важна не проста ведаць Свяшчэннае Пісанне – важна жыць паводле таго закону, які людзям даў Бог. Параўноўваючы ў прадмове да кнігі Другазаконне Стары Запавет з Новым Запаветам, Скарына падкрэслівае перавагу апошняга і дадае:
“Таксама Маісей тым, хто захоўваў стары закон, не абяцаў нічога, акрамя зямлі добрай, што цячэ малаком і мёдам. А наш Спасіцель Іісус Хрыстос абяцае тым, хто выконвае новы закон, святое Евангелле, – адпушчэнне грахоў, міласць Божую, дары Духа Святога, жыццё вечнае, Царства Нябеснае…”