Светапогляд Скарыны. Працяг.
У сваіх прадмовах да біблейскіх кніг Скарына часта выступае не толькі ў якасці экзегета, але і ў якасці тэкстолага. Напрыклад, у прадмове да кнігі святога прарока Данііла Скарына заўважае, што яўрэйскі тэкст гэтай кнігі меншы па об’ёму, чам грэчаскі і лацінскі, і ўказвае, якія іменна сюжэты ў яўрэйскім тэксце адсутнічаюць; у грэчаскім і лацінскім тэкстах яны ёсць дзякуючы перакладчыкам: паводле Скарыны, на грэчаскую мову кнігу прарока Данііла пераклаў нейкі Феадосій, «учитель великий греческого языка», а на лацінскую мову – «светый Ероним», г. зн. блажэнны Іеранім Стрыдонскі. Потым Скарына працягвае:
“Я таксама, недастойны паслядоўнік іх, народжаны ў рускай мове, з дапамогаю Божаю, будучы абавязаным памнажаць хвалу Хрыстову і ўсеагульнае дабро, сярод іншых святых прарокаў пераклаў і Данііла, мужа жаданняў і славутага прарока Гасподняга, на рускую мову поўнасцю”
Як бачым, Скарына сціпла называе сябе недастойным паслядоўнікам знакамітых перакладчыкаў Бібліі, усведамляючы, што праца па перакладу Свяшчэннага Пісання – гэта праслаўленне імя Хрыстовага і служэнне ўсеагульнаму дабру. Дарэчы, асоба першага з названых тут Скарынам перакладчыкаў для многіх даследчыкаў застаецца загадкавай. Напрыклад, А.Ф. Коршунаў у сваіх каментарыях да твораў Скарыны дае падрабязныя звесткі пра блажэннага Іераніма Стрыдонскага, а наконт Феадосія піша: “Дадатковых звестак пра гэтага перакладчыка адшукаць не ўдалося”(Коршунаў А.Ф. Каментарыі. – Скарына Францыск. Творы. Мн., 1990, с.171). Няма сумніву ў тым, што пад імем Феадосія ў Скарыны маецца на ўвазе Феадаціён, перакладчык Свяшчэннага Пісання на грэчаскую мову, які жыў у ІІ ст. н.э. Ён вядомы тым, што зрабіў рэвізію Септуагінты: “У тых месцах, дзе гэты пераклад няясна перадаваў або апускаў думку, Феадаціён рабіў папраўкі адпаведна яўрэйскаму арыгіналу”(Христианство. Энциклопедический словарь. Т.3, М., 1995, с.99). Яго пераклад кнігі святога прарока Данііла Царква прызнала больш дакладным, чым пераклад Сямідзесяці. З гэтага тэксту кніга прарока Данііла перакладзена і ў нашай царкоўнаславянскай Бібліі, і ў многіх іншых перакладах, пра што заўважае ў сваёй прадмове Скарына:
“А паводле іх перакладу Царква Хрыстова чытае Данііла прарока не толькі на лацінскай і грэчаскай мовах, але і на сірыйскай і егіпецкай”.
Асноўны змест гэтай прадмовы заключаецца ў тым, што Скарына тлумачыць у ёй найважнейшыя прароцтвы святога Данііла. Звернем увагу на адно з іх, якое знайшло сваё адлюстраванне ў літургічных тэкстах Праваслаўнай Царквы. Вось як яго пераказвае Скарына:
“Камень без дапамогі рук адсёкся ад скалы і паразіў выяву і сцёр яе ў прах, сам жа вырас вялікі і напоўніў увесь свет. Гэта азначала зачацце нашага Спасіцеля Іісуса Хрыста без семені ад Прачыстай Дзевы Марыі і тое, што Ён сцёр сілу дыявальскую і напоўніў увесь свет святым Сваім Евангеллем, і Царства Яго – вечнае”.
А вось яго адлюстраванне ў багаслужэбных тэкстах Актоіха: «Божественную Тя провидев иногда Даниил несекомую гору, Пречистая, вопияше проявленне усещися от Тебе каменю богородия Христу, Спасу мира, Егоже вернии ныне чтуще, восхваляем Тя, Богоневесто» (глас 1, субота на павячэр’і, пятая песня канона). «Усечеся от Твоих ложесн, Пренепорочная Владычице, яко от горы честный камень, и столпы всякия прелести, яко Вседержитель, един всесильный сокруши… » (глас 2, нядзеля на павячэр’і, восьмая песня канона). «Гору Тя велию несекомую Даниил духом виде, не новосекому являя чистоту девства Твоего, Владычице, от Неяже камень усечеся Христос Слово, лести низлагая идольския» (глас 3, субота на павячэр’і, чацьвёртая песня канона).
Тут вельмі важна звярнуць увагу на тое, што гэтае прароцтва ў самой кнізе святога прарока Данііла тлумачыцца больш агульна (Дан. ІІ, 31-45), і толькі ў богаслужэбных тэкстах набывае больш канкрэтнае ўказанне на Хрыста і Багародзіцу, і іменна такое тлумачэнне, што абапіраецца на царкоўнае богаслужэнне, прыводзіць у сваёй прадмове Скарына. Пра царкоўнасць Скарыны сведчыць і яшчэ адна дэталь у гэтай прадмове: ён згадвае пра «Животворящий Крест» і кажа, што праз напісанне і знак («написом и знамением») святога Крыжа адымаецца «вся моц бесовская»(Предословие доктора Франъциска Скорины с Полоцька въ книги Даниила пророка. – Біблія. Факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, выдадзенае Францыскам Скарынаю ў 1517-1519 гадах. т.3. Мн., 1991. с.700).
Наш агляд прадмоў Скарыны да кніг Старога Запавету закончым разглядам прадмовы да кнігі Суддзяў. Прадмова з’яўляецца па сутнасці ўводзінамі да кнігі. Скарына кажа, што ў розныя перыяды гісторыі яўрэскім народам кіравалі розныя правіцелі: спачатку суддзі, потым цары, а пазней першасвяшчэннікі. Скарына пералічвае ўсіх суддзяў паіменна, некалькімі словамі ўказваючы на іх адметныя рысы, а потым падагульняе:
“А гэтыя дванаццаць суддзяў сыноў Ізраіля кіравалі імі не як цары або вярхоўныя ўладары, што маюць сілу над імі, а як роўныя і як таварышы, даючы ім парады і ўсталёўваючы паміж імі справядлівасць”.
Сапраўды, улада суддзяў была не настолькі моцнай і неабмежаванай, як пазней улада цароў. У словах Скарыны адчуваецца, што такая форма кіравання народам, калі правіцелі ставяцца да людзей, як роўныя і як таварышы, выклікае ў яго сімпатыю.
Дапамагаючы чытачу зразумець сутнасць кнігі, Скарына так прадстаўляе становішча ізраільцян у тую эпоху:
“І калі яны часова адступалі ад Госпада Бога свайго і служылі ідалам, і рабілі розныя грахі, тады аддаваў іх Гасподзь Бог у рукі ворагаў, якія вельмі крыўдзілі іх. А калі зноў вярталіся да Госпада Бога і каяліся ў грахах сваіх, то даваў ім Гасподзь Бог суддзю, які выбаўляў іх з рук ворага… Бо з-за іх грахоў умацоўваліся ворагі, а з прычыны пакаяння – слабелі”
Галоўнае ў кожнай біблейскай кнізе – гэта яе ўрок усім нам, сённяшнім чытачам. Біблія – кніга вечная. Гэта Скарына глыбока адчувае сам і хоча дапамагчы чытачам, для якіх ён выдае кнігі Свяшчэннага Пісання, успрыняць іх вечны сэнс. У кнізе Суддзяў ён яго бачыць так:
“А гэта дадзена для навучання нам, хрысціянам: калі мы грашым перад абліччам Божым, то ўмацоўваюцца ворагі нашы духоўныя, гэта значыць дэманы, і ворагі фізічныя, гэта значыць язычнікі. Калі ж мы каемся ў грахах сваіх, то пасылае нам Гасподзь Бог пастыраў і вучыцеляў, якія навучаюць нас супрацьстаяць дэманскім спакусам, а таксама князёў і ваявод добрых, якія абараняюць нас ад рук язычнікаў; бо міласэрнасць Бога – напагатове для ўсіх, хто кліча Яго ўсім сэрцам”
Гэтыя словы – духоўны запавет Скарыны «людем посполитым рускаго языка», дзеля якіх ён працаваў. Калі мы лічым сябе духоўнымі нашчадкамі Скарыны, то і нам варта да іх прыслухацца.
Протаіерэй Сергій Гардун, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі.