«Сизiй» амафор са Слуцка

Aрмянскiя ткачы Маджарскiя i рызнiца першага 

Мiнскага архiепiскапа Вiктара (Садкоўскага) Дзяніс Васільевіч Лісейчыкаў,

кандыдат гістарычных навук,  навуковы супрацоўнік Фонда развіцця і падтрымкі арменазнаўчых даследаванняў «АНІВ» (г. Ерэван, Рэспубліка Арменія)

У зборах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь захоўваецца каштоўны прадмет – амафор шэрага колеру, зроблены ў канцы XVIII ст. у Слуцку. Характэрнае аздабленне і наяўнасць меткі вытворцы «SŁUCK» дазваляюць сцвярджаць, што ён быў выраблены на знакамітай слуцкай фабрыцы-«персіярні» армянскіх ткачоў Маджарскіх.

У 2019–2021 гг. у межах планавай навуковай тэмы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і Фонда развіцця і падтрымкі арменазнаўчых даследаванняў «АНІВ» Д.В. Лісейчыкавым і Я.С. Глінскім была падрыхтавана манаграфія аб жыцці і дзейнасці прадстаўнікоў гэтага армянскага роду. Сабраныя і прааналізаваныя факты дазваляюць праліць святло на гісторыю стварэння каштоўнага прадмета са збораў музея, а таксама адкрыць малавядомыя старонкі ўзаемадзеяння прадпрыемства Маджарскіх з Праваслаўнай Царквой у Рэчы Паспалітай. 

Майстар-ткач Ян Маджарскі нарадзіўся ў армянскай сям’і ў сталіцы Асманскай імперыі Стамбуле (Канстанцінопалі) ў 1720-х гг. У пачатку 1750-х гг. ён, пакінуўшы жонку з дзецьмі ў Стамбуле, пераехаў у г. Станіславаў (сёння г. Івана-Франкоўск, Украіна), дзе працаваў на ткацкай мануфактуры Патоцкіх. Увесну 1757 г. Ян Маджарскі пераехаў у г. Нясвіж, дзе працаваў у якасці аднаго з майстроў на фабрыцы па вытворчасці шпалераў, якая належала вялікаму літоўскаму гетману, віленскаму ваяводзе Міхалу Казіміру Радзівілу «Рыбаньку». 24 студзеня 1758 г. быў заключаны кантракт на стварэнне пад кіраўніцтвам Яна Маджарскага «персіярні» – прадпрыемства па вытворчасці шпалер, вальтрапаў і паясоў. З гэтага часу ён лічыўся «мэтрам» (кіраўніком) нясвіжскай персіярні. Пасля смерці ў маі 1760 г. уладальніка г. Слуцка Гераніма Фларыяна Радзівіла персіярня Яна Маджарскага была пераведзена ў гэты горад. Праз камерцыйны поспех паясоў, стылістыка і каляровая гама якіх пачалі распрацоўвацца Маджарскім яшчэ ў Нясвіжы, ён амаль цалкам пераключыўся на выраб гэтага віда прадукцыі. Усяго за некалькі гадоў кунтушовыя паясы такога тыпу, якія вырабляліся па ўсёй Рэчы Паспалітай, пачалі называцца «слуцкімі». Тэхналогію «вязання кветак», распрацаваную ім самім, Ян Маджарскі перадаў свайму сыну Леану, які разам з сям’ёй пераехаў са Стамбула ў Слуцк у 1766 г. У 1776 г. Ян Маджарскі заключыў новы кантракт, гэтым разам ужо на арэнду персіярні, фактычна зрабіўшыся яе ўладальнікам. З гэтага ж часу другім кіраўніком фабрыкі, «маладым мэтрам», зрабіўся яго сын Леан. Пасля смерці Яна Маджарскага ў студзені 1785 г. фабрыка перайшла пад адзінаасобнае кіраўніцтва Леана Маджарскага. Менавіта на 1780-я гг. прыпадае перыяд найбольшага росквіту слуцкай фабрыкі-«персіярні», кліентамі якой зрабіліся многія знатныя роды Вялікага Княства Літоўскага.

Слуцк яшчэ з XVII ст. з’яўляўся адным з галоўных адміністрацыйных цэнтраў Праваслаўнай Царквы ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Уладзе слуцкіх архімандрытаў, сядзіба і архіў якіх знаходзіліся ў Трайчанскім Свята-Троіцкім манастыры, падпарадкоўваліся праваслаўныя цэрквы на тэрыторыі Лідскага, Мазырскага, Мінскага, Навагрудскага і Пінскага паветаў. Новая праваслаўная епархія з цэнтрам у Слуцку была створана паводле ўказа расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ ад 27 сакавіка 1785 г. «О бытии в Польше для удобнейшаго охранения исповедующих Греко-Российский закон Епископу и о именовании его Епископом Переяславским и Бориспольским». 9 чэрвеня 1785 г. адбылася надзвычай важная для Слуцка падзея. У гэты дзень новы слуцкі архімандрыт Віктар (Садкоўскі) быў высвечаны ў сан епіскапа Барыспальскага і Пераяслаўскага, вікарыя Кіеўскай мітраполіі з месцам знаходжання ў Слуцку. З гэтага часу слуцкія архімандрыты, якія і так выконвалі некаторыя епіскапскія функцыі, займелі паўнавартасную епіскапскую годнасць.

Для архірэйскага багаслужэння патрэбна архірэйскае аблачэнне, да якога адносяцца сакас, вялікі і малы амафор, якіх не было ў рызніцы Слуцкіх архімандрытаў. Беручы пад увагу факт існавання ў горадзе аднаго з найлепшых у Рэчы Паспалітай прадпрыемстваў па вытворчасці прадметаў раскошы – вырабаў з шаўковай, срэбранай і залатой тканін, якое знаходзілася ў зеніце свайго росквіту, рызыкнём высунуць гіпотэзу, што згаданы малы амафор са збораў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь з меткай «SŁUCK» быў вытканы для новапастаўленага епіскапа Віктара (Садкоўскага) ў першыя гады яго епіскапскага служэння.

Але ці захаваліся якія-небудзь дакументальныя сведчанні таго, што згаданы амафор сапраўды быў вытканы менавіта ў гэты час і знаходзіўся менавіта ў рызніцы ўладыкі Віктара? У чэрвені 1785 г. архімандрыт Віктар (Садкоўскі) прыбыў у Кіеў для епіскапскага высвячэння і прабыў там да снежня. Адным з галоўных пытанняў, якія ён вырашаў у гэты час у сталіцы мітраполіі, было стварэнне ўласнай рызніцы. Частку прадметаў ён атрымаў ад мітрапаліта, частку – з некаторых зачыненых манастыроў Кіеўшчыны. Пад датай 5 красавіка 1787 г. у архіве Слуцкага Трайчанскага Свята-Троіцкага манастыра маецца апісанне таго, што павінна было знаходзіцца ў архімандрыцкай (а на той час ужо епіскапскай) рызніцы. Сярод іншага чытаем: «Омофоровъ 3. Одинъ шитій въ Кіевѣ, другій сизій, третій черниговскій». На нашу думку, пад «сізым» амафорам маецца на ўвазе менавіта аб’ект нашага даследавання. Калі ўважліва прыгледзецца да дакумента, можна ўбачыць яшчэ адну цікавую дэталь пры далейшым апісанні рызніцы: «Сакосовъ 3. Одинъ варшавскій, другій сизій новый, третій шитій кіевскій». Такім чынам, падобна, што незадоўга да даты стварэння дакумента (05.04.1787) на слуцкай персіярні Маджарскіх быў вытканы поўны камплект аблачэння епіскапа, як мінімум – амафор і сакас. Адбыцца гэта магло не раней за 5 чэрвеня 1785 г., калі Віктар (Садкоўскі) быў высвечаны ў сан епіскапа Пераяслаўскага і Барыспальскага. У гаспадарчых паперах Караля Станіслава Радзівіла маецца ўскосная ўзгадка аб тым, што ў 1785 г. на слуцкай персіярні праводзіліся працы па пабудове новых варштатаў. 27 лістапада 1785 г. датуецца дакумент, які засведчыў, што «мэтр» слуцкай персідскай фабрыкі з наступнай выплаты па арэндзе мусіць дадаткова кампенсаваць княскаму двару кошт работ за варштаты, а таксама аплаціць працу ювеліра Юрыя Кіцкенапа ў значным аб’ёме – 147 чырвоных злотых (альбо 2646 звычайных злотых ці каля 175 срэбных рублёў). У папярэднія і наступныя гады нічога падобнага ў гаспадарчых паперах княскага двара не сустракаецца. На нашу думку, адмысловыя варштаты ў 1785 г. былі пабудаваны на фабрыцы менавіта для вырабу прадметаў епіскапскага аблачэння. Вытворчасць гэтых прадметаў таксама запатрабавала значных выдаткаў на золата і срэбра.  Вытканы яны былі ў перыяд ад 5 чэрвеня па 27 лістапада 1785 г. Апрача іншага, гэта азначае, што замову для епіскапскай рызніцы ажыццявіў «малады мэтр» Леан Маджарскі. Гэта быў адзін з яго першых маштабных праектаў, які не ўкладаўся ў прадукаванне звычайных паясоў, што вырабляліся на адных і тых жа варштатах з выкарыстаннем адных і тых жа прыёмаў. Амафоры і сакасы былі адзінкавымі свайго кшталту прадметамі, якія вырабляліся паводле адмыслова распрацаваных лекалаў.  

Частка рызнiцы, атрыманая епіскапам Віктарам (Садкоўскім) ад кіеўскага мітрапаліта з зачыненых манастыроў Кіеўшчыны – гэта акурат тыя «кіеўскія» рэчы, згаданыя ў пераліку ад 5 красавіка 1787 г. У ліпені–кастрычніку 1786 г. уладыка Віктар знаходзіўся ўжо у Варшаве, дзе вырашаў фармальныя справы свайго прызначэння на епіскапскую кафедру. Верагодна ў гэты ж час быў прывезены ў Слуцк «варшаўскі» сакас з пераліку 1787 г. Цікава, што ў студзені–красавіку 1787 г. (у тым ліку ў час складання спіса, дзе фігуруе «сизій» амафор і «сизій новый» сакас) у Кіеве з візітам знаходзілася Кацярына ІІ. Яна неаднойчы сустракалася тут з епіскапам Віктарам (Садкоўскім), які ўласна і прыбыў адмыслова для сустрэч з імператрыцай, у тым ліку 31 студзеня ў час набажэнства ў Сафійскім саборы і ў хатняй мітрапаліцкай царкве. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ў час урачыстых набажэнстваў з удзелам ўладыкі

Віктара ў Кіеве на ім былі каштоўныя ўборы толькі што адмыслова вырабленыя для яго на найлепшай у Рэчы Паспалітай слуцкай «персіярні» Маджарскіх. Уладыка Віктар вярнуўся ў сваю кафедральную сталіцу толькі ў кастрычніку 1788 г., але яшчэ ўлетку 1787 г. выслаў з Кіева ў Слуцк цэлы карабель царкоўнага начыння. 

Варта звярнуць увагу, што прадстаўлены амафор з’яўляецца т.зв. малым амафорам. Аднак неабходным элементам літургічнага архірэйскага ўбранства з’яўляецца яшчэ і вялікі амафор, які апранаецца ў самыя ўрачыстыя моманты. Так што верагодней за ўсё на прадпрыемстве Маджарскіх для рызніцы новапастаўленага епіскапа Пераяслаўскага і Барыспальскага Віктара Садкоўскага апрача сакаса і малога амафора быў вытканы яшчэ і вялікі амафор. Выглядае лагічным, што слуцкія архімандрыты, а пасля і епіскапы з рэзідэнцыяй у Слуцку, дзеля вырабу прадметаў для сваёй рызніцы звярталіся ў адну з лепшых у Рэчы Паспалітай персіярняў, якая знаходзілася ўсяго за 1,5 км ад манастыра. Аднак ці маюцца канкрэтныя дакументальныя пацвярджэнні гэтаму? Адказ мы знаходзім у тым жа апісанні рызніцы ад 5 красавіка 1787 г.: «Стихари. Для отца протодіякона парчевый зъ Кіева привезенный, другій жолтый слуцкій. Для діяконовъ пара зеленыхъ слуцкихъ недавно починенных да пара бѣлыхъ испрошенныхъ». Гэты ўрывак не пакідае сумненняў, што архімандрыцкі двор даўно карыстаўся паслугамі персіярні Маджарскіх. Як бачым, адна пара вырабленых у Слуцку стыхароў была замоўлена настолькі даўно, што паспела добра знасіцца і патрабавала рамонту. Нагадаем, што радзівілаўская персіярня была пераведзена з Нясвіжа ў Слуцк у сярэдзіне 1760 г. Архімандрыцкі, а цяпер ужо епіскапскі, двор працягваў замаўляць на Слуцкай персіярні літургічную вопратку і ў 1787 г. – аб гэтым сведчыць пара «испрошенныхъ» (г.зн. замоўленых, яшчэ не вырабленых) стыхароў. Сярод выдаткаў архімандрыцкага двара ўжо за 1775 г. сустракаюцца згадкі пра карыстанне паслугамі слуцкіх ткачоў, аднак персіярня і «мэтры» Маджарскія там наўпрост не згадваюцца: «15 мая. Купіў чырвоны пояс за 1 злоты, 25 грошаў. <…>  10 чэрвеня. Ткачу за інструмент заплачана 11 злотых. <…> 15 чэрвеня. Ткачу на катушкі даў 7 злотых. <…> 5 ліпеня. Ткачу за выраб палатна на павільёны дадзена 7 злотых, 15 грошаў».

У красавіку 1789 г. у сувязі з абвастрэннем унутры- і знешнепалітычнай абстаноўкі ўладыка Віктар быў арыштаваны і змешчаны пад варту ў Варшаве, пасля чаго здолеў вярнуцца ў Слуцк толькі ў сакавіку 1792 г. Гэтыя тры гады ні ён, ні хто іншы, не мог карыстацца епіскапскай рызніцай. Пасля афіцыйнага далучэння Слуцка да складу Расійскай імперыі ў 1793 г. епiскап Віктар (Садкоўскі) здолеў істотна папоўніць сваю архірэйскую рызніцу. Пасля таго, як у 1793 г. была ўтворана асобная Мінская праваслаўная епархія, а ўладыка Віктар быў прызначаны першым мінскім архіепіскапам, у 1795 г. у Мінску быў заснаваны асобны архірэйскі дом, куды паступова была перавезена ўся епіскапская маёмасць са Слуцка. 

У 1908 г. пры Мінскай епархіі быў створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт, які ў тым жа годзе на тэрыторыі Мінскага архірэйскага дому адчыніў Царкоўна-археалагічны музей. Сярод прадметаў у фондах музея захоўваўся архіў Слуцкага Трайчанскага Свята-Троіцкага манастыра і многія каштоўныя рэчы з царкоўнага ўбранства і вопраткі. Выкажам гіпотэзу, што малы амафор шэрага колеру са Слуцкай персіярні Маджарскіх таксама трапіў у фонды гэтага музея. Гэтую гіпотэзу апрача іншага пацвярджае наяўнасць памет на адваротным баку амафора, зробленых на рускай мове: «По Доп. № 8. Гл. Ст. № 65» (верагодна, «По доп[олнительной] № 8. Гл[авный] Ст[еллаж] № 65») (гл. Іл. 4). Для экспазіцыі музея былі адведзены два пакоі ў архірэйскім доме]. Са зместа паметы можна зрабіць выснову, што слуцкі амафор экспанаваўся ў музеі на галоўным стэлажы. Застаецца невысветленым, ці былі вядомыя супрацоўнікам камітэта і музея абставіны стварэння гэтага прадмета і яго сувязь з асобай першага мінскага архіепіскапа. Аднак, мяркуючы з таго, што каштоўны прадмет быў у пастаяннай экспазіцыі, вельмі верагодна, што так.

У час Першай сусветнай вайны музей спыніў сваю дзейнасць, а большасць яго фондаў была эвакуіравана ў Разань. У 1921–1922 гг. у памяшканнях скасаванага Мінскага архірэйскага дома музейшчыкамі ўжо Савецкай Беларусі праводзілася работа па зборы і інвентарызацыі калекцый. У красавіку 1922 г. у памяшканнях былога архірэйскага дома пачаў сваю працу Беларускі дзяржаўны музей. Яго фонды былі яшчэ ў стане фарміравання, і ў гэтым жа годзе яму былі перададзены вернутыя з Разані прадметы былога музея Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта. Адкрыццё экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея ў памяшканнях былога архірэйскага дома адбылося 19 лістапада 1922 г. Сённяшні Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, дзе захоўваецца малы амафор, выраблены на слуцкай персіярні армянскіх майстроў Маджарскіх, з’яўляецца правапераемнікам гэтай установы.

Рэзюміруючы ўсё вышэйпералічанае, можна сцвердзіць наступнае. Пасля пераводу фабрыкі-«персіярні» армянскіх майстроў Яна і Леана Маджарскіх з Нясвіжа ў Слуцк у пачатку 1760-х гг. адным з пастаянных заказчыкаў прадпрыемства зрабіўся двор слуцкіх архімандрытаў. Пасля таго, як 9 чэрвеня 1785 г. слуцкі архімандрыт Віктар (Садкоўскі) быў высвечаны ў сан епіскапа Барыспальскага і Пераяслаўскага, ён амаль адразу ж зрабіў вялікі заказ на слуцкай персіярні. Малады «мэтр» Леан Маджарскі да лістапада 1785 г. выткаў для епicкапа Вiктара як мінімум малы амафор і сакас характэрнага шэрага колеру. Аб гэтым сведчаць дакументы архіва Слуцкага Трайчанскага Свята-Троіцкага манастыра і гаспадарчыя паперы адміністрацыі Караля Станіслава Радзівіла, якія фіксуюць выраб новых варштатаў на фабрыцы ў другой палове 1785 г. і набыццё ёй вялікай партыі золата і срэбра ў мясцовых ювеліраў. Новае епіскапскае ўбранне ўладыка Віктар выкарыстоўваў у час многіх урачыстых набажэнстваў у Кіеве ў 1787 г., куды ён ездзіў на сустрэчу з расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ. Пасля стварэння Мінскай праваслаўнай епархіі ў 1793 г. і прызначэння ўладыки Віктара яе першым архірэем, епіскапская рызніца са Слуцка была паступова перавезена ў Мінскі архірэйскі дом. Зборы гэтай установы леглі ў аснову экспазіцыі музея Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта, якая дзейнічала ў 1908–1914 гг. Амафор першага мінскага архіепіскапа знаходзіўся ў складзе пастаяннай экспазіцыі музея. У 1922 г. каштоўны прадмет разам з шэрагам іншых быў перададзены ў фонды створанага на базе былога архірэйскага дома Беларускага дзяржаўнага музея – папярэдніка Нацыянальнага гістарычнага музеяРэспублікі Беларусь.

Материал данной статьи был представлен общественности на международной научной конференции «1030-летие Православной Церкви в Беларуси: история и современность»

9 июня 2022 года.

 

Рекомендуем

Вышел первый номер научного журнала "Белорусский церковно-исторический вестник"

Издание ориентировано на публикацию научных исследований в области церковной истории. Авторами статей являются преимущественно участники Чтений памяти митрополита Иосифа (Семашко), ежегодно организуемых Минской духовной семинарией.

Принимаются статьи во второй номер научного журнала "Труды Минской духовной семинарии"

Целью издания журнала «Труды Минской духовной семинарии» является презентация и апробация результатов научной работы преподавателей и студентов Минской духовной семинарии.